Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк адпусьціў валютны курс


Нацыянальны банк Беларусі ад сёньняшняга дня "адмяніў рэкамэндацыйныя абмежаваньні па вызначэньню банкамі курсаў зьдзелак па пакупцы-продажу замежнай валютай з насельніцтвам". Пра гэта паведамляецца ў прэсавым рэлізе галоўнага банку краіны.

У дакумэнце таксама сьцьвярджаецца, што "выкарыстаньне рынкавых падыходаў да фармаваньня курсу беларускага рубля пры зьдзелках з фізычнымі асобамі дазволіць ня толькі задаволіць попыт грамадзян на замежную валюту, але і пазбавіць сэнсу далейшага актыўнага набыцьця валюты для стварэньня зьберажэньняў, якое назіралася апошнім часам у сувязі з чаканьнем зьмяненьня абменнага курсу".

Тым часам як падае БелаПАН, шэраг камэрцыйных банкаў усталявалі новы курс абмену валюты, які перавышае афіцыйны на 30%. Аднак, як паведамілі прадстаўнікі трох буйных камэрцыйных банкаў, купіць валюту нават па новым курсе ў іх нельга з-за яе адсутнасьці.

З 11 траўня "Белгазпрамбанк" вызначыў курс продажу валюты з разьліку 4000 рублёў за даляр, курс продажу эўра – 5.750 рублёў. Падобныя курсы абмену валюты вызначылі ў сераду таксама "Банк Масква-Мінск і" БПС-Банк".

Разам з тым, ва ўсіх трох камэрцыйных банках заявілі, што ў абменных пунктах валюта пакуль адсутнічае.

"Ня гледзячы на новы курс, умовы продажу валюты ранейшыя. Прадаём толькі тую валюту, якую здае насельніцтва", – паведамілі прадстаўнікі усіх трох апытаных камэрцыйных банкаў.

Сёньня ў Нацыянальным банку паведамілі, што цэнтральны банк ня будзе прадаваць замежную валюту камэрцыйным банкам для папаўненьня абменных пунктаў.

"Нацыянальны банк ня будзе прадаваць валюту і чапаць свае золатавалютныя рэзэрвы. Банкі змогуць купіць валюту там, дзе захочуць – на біржавым або пазабіржавым рынках", – заявіў прадстаўнік Нацбанку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG