Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай


11 траўня Фрунзенскі суд Менску працягвае разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.

18.30 На дысках запісы сустрэчы Някляева з выбарцамі. Някляеў запэўнівае, што барыкадаў не будуе. Але на Плошчу людзей заклікае. Кажа, што выбары фальшывыя, на плошчы будуць патрабаваць новых выбараў без Лукашэнкі. Адвакат Букштынаў заяўляе хадайніцтва аб выкліку сьведкі — супрацоўніка КДБ Міхайлава, які быў відавочцам падзеяў на вуліцы Калектарнай. А таксама просіць дасьледаваць легітымнасьць пастановы аб праслухоўваньні тэлефонных размоваў Някляева. Пракурор просіць адхіліць першае хадайніцтва, бо Міхайлаў браў удзел у сьледзтве. Пракурор просіць адхіліць і другое хадайніцтва. Перапынак да 12 траўня да 10 раніцы.

18:00
Судзьдзя робіць заўвагу абвінавачаным Рымашэўскаму і Палажанцы за размовы падчас паседжаньня і просіць унесьці ў пратакол. Пракурор зачытвае пратаколы агляду дыскаў. На адным дыску — запіс выступу Някляева на Беларускім радыё. Пракурор падкрэсьлівае, што ў выступе — заклікі прыйсьці на плошчу.

17:45
Наступны дакумэнт — "Пэрспэктывы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны". Структура электарату, падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі і г.д. Пракурор чытае пра магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў. Разьлік бюджэту — 16 з паловай мільёнаў даляраў ЗША. Ёсьць разьлікі ўтрыманьня людзей на плошчы, харчаваньня. Фядута кажа, што гэта чарнавік і што гэты дакумэнт не павінен быць прыняты пад увагу пры разглядзе справы. Судзьдзя кажа пракурору чытаць далей.

17:25
Працягваецца агучваньне пісьмовых матэрыялаў справы. Зноў пракурор чытае вытрымкі з дакумэнту "Гавары праўду" пра тое, як перадаюцца грошы. Што рабіць пры перасячэньні мяжы. Як выконваць захады бясьпекі. Пазначаныя дзеяньні кур'ера пры перасячэньні мяжы, што рабіць пры правале апэрацыі — быццам бы гэта вытрымкі з інструкцыі.

17:15
Сьведка Дземідовіч, кіроўца аўтобуса, маршрут Вясьнянка — вакзал. На праспэкце стаяла калёна, ДАІ накіравала аўтобус на вуліцу Гарадзкі вал, потым на Нямігу і далей да Палаца спорту. Затрымка была адна. Потым у яго быў абед.

16:55
У судзе зноў слухаюць сьведкаў. Спадар Дзьмітры Кудраўцаў — сябра ініцыятыўнай групы Някляева. Плянавалася, што ён будзе зьбіраць подпісы. Але справа да гэтага не дайшла. Кажа, што ў сьнежні яго затрымлівалі. У гаражы, які ён арандаваў, апынулася друкаваная прадукцыя, якую папрасіў патрымаць сябар. Колькі прадукцыі было, сказаць ня можа. Пазьней у прысутнасьці супрацоўнікаў міліцыі ён пабачыў, што гэта ўлёткі і газэты невялікага фармату. Пра зьмест ён ня памятае. Лічыць, што падставаў абшукваць гараж у супрацоўнікаў міліцыі не было. Была фота- і відэаздымка, але пратаколы не складаліся, прадукцыя не пералічвалася.Судзьдзя кажа, што ёсьць супярэчнасьці ў пісьмовых паказаньнях і ў выступе ў судзе. Быццам бы ў гаражы былі сярод іншага і налепкі з запрашэньнем прыйсьці на плошчу. Зачытвае ранейшыя паказаньні. Сьведка дае тлумачэньні.

16:35
Абвінаваўца зачытвае дакумэнты, датычныя кампаніі "Гавары праўду!" і выбарчай кампаніі. Пералічвае сцэнары, пры якіх абставінах які будзе рэалізоўвацца. Маўляў, плошча стаіць да той пары, пакуль Лукашэнка не пагодзіцца на перамовы. Наступны дакумэнт — дастаўка грошай у Беларусь, пералічаны варыянты. Тлустым шрыфтам — легалізацыя грошай. Фігуруюць словы "Мастэр-кард", "безнаяўны разьлік" і г.д. Наступны дакумэнт зноў пра фінансавыя ўмовы праекту. Някляеў запытваецца, якое дачыненьне маюць гэтыя дакумэнты да абвінавачаньня? І сам адказвае, што ніякага.

Перапынак 5 хв.

16.25. Працягваюць зачытваць расшыфроўку тэлефонных размоваў Някляева. Някляеў выказваецца журналісту пра пазыцыю Расеі, што Масква падтрымала Лукашэнку. Някляеў тлумачыць карэспандэнту з Расеі, для чаго трэба выходзіць на плошчу. Карэспандэнт пытаецца, колькі людзей можа выйсьці. Някляеў кажа, што ня ведае.

Пракурор зачытвае пратакол агляду прадметаў. Гэта дыскі з файламі, на іх запісы размоваў, прыведзены дакладны зьмест усіх тэлефонных перамоваў.

16.15
18 сьнежня патэлефанаваў карэспандэнт "Свабоды" Каліноўскі... Тут Някляеў перапыніў. Кажа, што размовы, якія агучылі, ня маюць дачыненьня да справы. Адна з мэтаў гэтага — пасварыць апазыцыю. Пракурор працягвае чытаць размову з Каліноўскім. Каліноўскі хоча ўдакладніць пазыцыю Някляева. Някляеў тлумачыць.

16.00
12 сьнежня а 14-й тэлефанаваў Алесь Дашчынскі з Радыё Свабода, пытаецца, што цікавага, што новага. Дашчынскі пытаецца пра пазыцыю Някляева наконт датэрміновага галасаваньня. Някляеў раіць не хадзіць. Зачытваюць расшыфроўкі тэлефоннага інтэрвію Някляева расейскай радыёстанцыі "Коммерсант ФМ". Някляеў жартуе, што, магчыма, Лукашэнка выйдзе на плошчу на каньках. Разважае, ці магчымы пройгрыш Лукашэнкі на выбарах. Някляеў кажа пра высокі рэйтынг апазыцыі, які вышэйшы за рэйтынг Лукашэнкі.

15:50
Рымашэўскі выказвае абурэньне: ён ня хоча слухаць прыватныя размовы людзей, просіць пазбавіць яго ад гэтага. Судзьдзя пярэчыць: справа агульная. Пракурор працягвае чытаць расшыфроўку тэлефонных размоваў. Някляеву тэлефануе "Народная воля", пытаецца, з кім ён раіўся.

15:40
Пракурор чытае пісьмовыя паказаньні Ўладзімера Някляева, даведкі, пратаколы. З санкцыі намесьніка генпракурора Конана праслухоўваліся тэлефонныя размовы Някляева па некалькіх мабільных тэлефонах. Пракурор зачытвае расшыфроўкі перамоваў напярэдадні выбараў паміж Саньнікавым і Някляевым.

15:15
Наступны сьведка — Сяргей Мартус, кіроўца аўтобуса маршруту № 1. Вымушаны быў зьмяніць маршрут 19-га сьнежня ўвечары, бо натоўп выйшаў на праезную частку. Ніхто з пасажыраў аўтобуса не абураўся. Загадзя яго не папярэджвалі, што, магчыма, адбудзецца масавая акцыя. Графік руху кіроўца не парушыў, праехаў па іншых вуліцах і своечасова прыбыў на вакзал.

Іншыя сьведкі прыбудуць у суд пазьней. Судзьдзя прыняла рашэньне прыступіць да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы. Пракурор пачынае чытаць дакумэнты.

14:50
У судзе выступае сьведка Пётар Барысаў. Ён стварыў ініцыятыўную групу і хацеў вылучацца ў кандыдаты ў прэзыдэнты. Але зьняў сваю кандыдатуру, даведаўшыся пра абмежаваныя фінансавыя магчымасьці. Вырашыў зьбіраць подпісы за Някляева. Ведаў, што за подпісы плацяць. Гаворка ішла пра сумы ад 1,3 да 1,7 даляра за подпіс. Яму абяцалі іншыя зьбіраць подпісы за Някляева, але "гулялі зь ім у кошкі-мышкі". Зьвяртаўся да адказных па Фрунзенскім раёне і Менску. Ён асабіста сабраў каля 800 подпісаў, але здаў 120. Але не было паразуменьня. Паслаў ліст з паведамленьнем Някляеву. Някляеў сказаў Барысаву, што трэба параіцца. Ён зьдзівіўся — для такога "грашовага мяшка" нейкая тысяча даляраў, і ён сам ня можа вырашыць пытаньне? Барысаў зьвяртаўся ў суд Ленінскага раёну з пазовам "за нанясеньне маральнай шкоды". Быў нейкі юрыст і прадстаўнік на паседжаньні. Потым тэрміны прайшлі, зноў плаціць дзяржпошліну не захацеў. Барысаў вырашыў, што судзіцца бессэнсоўна.

14.40
Судзьдзя зачытвае паказаньні сьведкі Вернікоўскага. Ён кіроўца аўтобуснага маршруту № 1, маршрут вакзал — Вясьнянка. Увечары 19 сьнежня ня мог павярнуць з вуліцы Леніна на праспэкт, бо на праезнай частцы былі людзі са сьцягамі і транспарантамі. Вымушаны быў парушыць маршрут руху. Пра масавыя мерапрыемствы яго ніхто не папярэджваў.

14.25
Наступная сьведка спачатку была ў ініцыятыўнай групе кандыдата Барысава, але ён зьняў сваю кандыдатуру. Ён абяцаў па 1 тысячы беларускіх рублёў. Адвакат Букштынаў кажа, што гэта ня тычыцца справы. Судзьдзя абарвала яго. Сабрала подпісаў 60, але Барысаў нэрваваўся пры размовах аб аплаце, і яна зразумела, што нічога не заробіць. Зь Някляевым ніякіх размоваў яна не вяла, не сустракалася.

14.10
Пасьля перапынку працягваецца допыт сьведкаў. Сьведка Сяргей Лукашоў прадаў аўтамабіль "Фальксваген", пакупнікоў знайшоў праз інтэрнэт. Пакупнік быў з Горадні, сустракаліся каля КЗ "Менск". Прыйшло двое мужчын, паглядзелі, далі задатак — 1 тысячу даляраў. На наступны дзень склалі дамову, зарэгістравалі ўсё і разьвіталіся. Прозьвішчы ён ня памятае. Афармляе на сябе аўто хлопец быццам бы са Смаргоні. Грошы яны заплацілі. Але своечасова на ўлік не паставілі. Езьдзіў у Эстонію, за падзеямі тут не сачыў. Калі вярнуўся, убачыў свой аўтамабіль па тэлевізары. Назваў асаблівыя прыкметы аўто. Празь некаторы час яго выклікалі ў праваахоўныя органы. У тэлесюжэце бачыў, што ў аўтамабілі абрэзкі арматуры і нейкія бляшанкі.

12.30
Суд вырашае, у якім парадку працаваць далей. Абвінавачаныя настойваюць, каб спачатку заслухалі ўсіх сьведкаў, а потым пераходзілі да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы. Адвакаты іх падтрымліваюць. Просяць абвясьціць перапынак да 14 гадзіны, каб высьветліць, дзе сьведкі. Судзьдзя абвяшчае перапынак да 14 гадзіны.

12.00
Наступны сьведка — Павал Жук. Ён дырэктар ЗАТ "Ніць Арыядны", друкарні, якая вырабляла агітацыйную прадукцыю кандыдатаў у прэзыдэнты Саньнікава і Някляева. Прадукцыя ўзгаднялася з Цэнтравыбаркамам, замову падпісвала Лідзія Ярмошына. Ён асабіста прадукцыю праглядаў. Дакумэнты падпісвалі Вазьняк, Дзьмітрыеў, Някляеў.

На дадзены момант сьведкаў больш няма. Перапынак на 10 хвілін.

11.45
Наступны сьведка, супрацоўнік ДАІ, не зьявіўся ў суд. Паказаньні яго судзьдзя чытае. Той распавядае пра плян расстаноўкі асабістага складу ДАІ 19 сьнежня. Сам ён знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы. На прыступках Палаца прафсаюзаў бачыў кандыдатаў у прэзыдэнты Саньнікава, Статкевіча, Рымашэўскага, Кастусёва. Сьцьвярджае, што кандыдаты ў прэзыдэнты, а таксама Севярынец, Халіп, Бандарэнка ды іншыя выйшлі на праезную частку, ігнаравалі заклікі ДАІ і павялі калёну ў бок плошчы Незалежнасьці. Рух транспарту ДАІ вымушана была спыніць. Кандыдаты і актывісты ня выканалі законныя патрабаваньні ДАІ. Сьцьвярджае, што менавіта Саньнікаў, Рымашэўскі, Статкевіч ды іншыя ачольвалі калёну. Апісаў падзеі на плошчы Незалежнасьці.

11.20
Выступае намесьнік рэдактара "Белгазеты" Віктар Марціновіч. Знаходзіўся на плошчы ў якасьці журналіста. Дзеліцца ўражаньнямі, што бачыў на Кастрычніцкай. Рушыў у цэнтры калёны, хто ачольваў, ня бачыў. Народ быў у мірным настроі. Руху транспарту не было. Фядуту добра ведае як сябра і настаўніка ў журналістыцы. На плошчу Фядута не заклікаў, а студэнтам ЭГУ, дзе выкладае, катэгарычна забараняў ісьці на плошчу. Фядута вельмі адказны чалавек, і тады б ён нёс адказнасьць за лёс студэнтаў. Марціновіч распавёў, што ў якасьці палітычнага журналіста асьвятляў прэзыдэнцкія кампаніі з 1996 году. Тлумачыць, як ён разглядае палітычныя тэхналёгіі. Распавёў, як Рымашэўскі заклікаў не паддавацца на правакацыі і спыніць біць шкло.

11.10
Наступны сьведка — Пётар Марцаў. Пракурор пытаецца пра праграму Някляева, канцэпцыю, у распрацоўцы якой Марцаў браў удзел, што ў ёй было. Марцаў адказвае, што там быў прыход да ўлады новай палітычнай сілы канстытуцыйным шляхам, эканамічныя рэформы. Гэта праграмны дакумэнт, таму там не разглядалася ніякіх дзеяньняў кшталту акцыяў пратэсту. Тлумачыць, што такое канцэпцыя, плян дзеяньняў. У канцэпцыі выкладаюцца ідэі, і ніякіх дзеяньняў там не прадугледжваецца. Міжнародныя экспэрты не прыцягваліся, бо мала хто валодае сытуацыяй у Беларусі. Распрацоўваў канцэпцыю Марцаў разам са Сьвятланай Навумавай на просьбу Някляева. Аплаты на гэтай стадыі не было, бо не было дамовы. Дзьмітрыеў пытаецца, ці было ў канцэпцыі прызнаньне ці непрызнаньне выбараў. Марцаў адказаў, што не. Відавочна, што ў праграме Някляева фрагмэнты з канцэпцыі Марцава былі, але на ўзбраеньне Някляеў яе ня ўзяў.

10.45
Наступны сьведка — Сяргей Луканін. Быў у дружыне аховы кандыдата на прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. На Кастрычніцкай грымела музыка, пра што гаварылі кандыдаты — не было чуваць. Чуў, што спадар Рымашэўскі прапанаваў рухацца праз падземны пераход, але народ выйшаў на праезную частку і пачаў рухацца ў бок плошчы Незалежнасьці. Народ быў настроены мірна. Рымашэўскі запытаўся, чаму ў Луканіна быў ператрус і што канфіскавалі. Фатакамэру, два ноўтбукі, якія дагэтуль КДБ не вярнула.

10.15
Працягваецца допыт сьведкаў. Выступае Наста Лойка. Распавядае пра падзеі 19 сьнежня на Кастрычніцкай. Характар акцыі быў мірны. Музыка заглушала выступы кандыдатаў у прэзыдэнты. Бачыла шэрагі супрацоўнікаў ДАІ. Значная частка калёны перасоўвалася па праезнай частцы. Машын на праспэкце не было. Сама яна ішла асобна, крыху паперадзе. Пракурор пытаецца, хто ішоў наперадзе калёны. Сьведка кажа, што тыя, хто знаходзіўся на прыступках Палаца прафсаюзаў. Судзьдзя запытваецца, каго сьведка бачыла на Прывакзальнай плошчы. Лойка адказала, што Рымашэўскага і Палажанку. Што казалі прамоўцы, не было чуваць. Настрой у людзей быў мірны і сьвяточны. Папярэджаньняў супрацоўнікаў міліцыі пра тое, што мітынг несанкцыянаваны, яна ня чула. Фядута пытаецца пра каток, ці каталіся людзі. Наста Лойка кажа, што людзей на катку было мала, у асноўным падлеткі. Рымашэўскі пытаецца, ці фатаграфавала яна. Лойка кажа, што так, але фатаздымкі знаходзяцца ў канфіскаваным кампутары.

10.00
У залі суду прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЭ, амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан. Не зьявіўся адвакат Дзьмітрыева, і адразу ж судзьдзя абвясьціла перапынак на 5 хвілін для высьвятленьня месцазнаходжаньня абаронцы.

09.50
У залю суду прыйшоў амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

Судзьдзя – Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў.

Суды за Плошчу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Другі дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Трэці дзень
Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.
Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".
Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.
Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG