Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: пяцідзясятнікі рыхтуюцца да абароны сваёй маёмасьці


Вернікі пры абароне агароджы малітоўнага дому 27 кастрычніка 2010 году

Вернікі пры абароне агароджы малітоўнага дому 27 кастрычніка 2010 году

11 траўня ў Магілёве камунальныя службы зьбіраюцца зьнесьці агароджу перад малітоўным домам вернікаў хрысьціянаў веры эвангельскай. Паводле ўладаў, агароджа замінае пабудове шматпавярховага дому, і адміністрацыя Кастрычніцкага раёну пастанавіла яе зьнесьці.

Гэта будзе ўжо другая спроба гвалтоўнага разбурэньня агароджы. Першая адбылася паўгоду таму. Тады вернікі здолелі абараніць плот. Сёньня а дзявятай гадзіне раніцы камунальная тэхніка зноў зьявіцца ля дому на вуліцы Мяшчанскія палосы, 21. У лісьце з раённай адміністрацыі гаспадарам прапанавана самім разбурыць агароджу, у адваротным выпадку гэта зробяць камунальнікі. Гаворыць Віталь Радчанка – гаспадар дому:

“Мы ж дваццаць гадоў займаем гэтую тэрыторыю. Я і зь юрыстамі гаварыў, з адвакатамі. У мяне тэхнічны пашпарт на руках. У мяне ўсё законнае. Яны ж хочуць пабудаваць дом за мэтар ад майго ганку. Прэзыдэнт, як мясцовая ўлада кажа, прыняў сваю пазыцыю: “Паставіць шматпавярховікі і закрыць імі прыватны сэктар”.

Віталь Радчанка выступае пры першай спробе разбурыць агароджу 27 кастрычніка 2010 году

Мінулым разам з камунальнікамі бурыць цагляны дабротны плот прыехалі прадстаўнікі раённай адміністрацыі і міліцыі. Паводле чыноўнікаў, гаспадары катэджу захапілі лішнія дваццаць сотак зямлі. На гэтую дзялянку яны ня маюць дакумэнтаў.

Бараніць агароджу і ўпарадкаваную тэрыторыю зьбіраюцца ня толькі гаспадары дому, але вернікі і суседзі.

“Наагул зьбіраюцца ўсе жыхары гэтага раёну прыйсьці, але шмат не атрымаецца, бо ў працоўны час ўсё ж адбудзецца. Але хто зможа, той пастараецца прыйсьці. Ніякага суду ж не было. Гэта самавольнае жаданьне чыноўнікаў – надумаліся і пастанавілі”, – зазначае гаспадыня дому Тацяна Радчанка.

Як кажа спадарыня Радчанка, суседзі таксама супраць будаўніцтва шматпавярховак перад іх дамамі:

“У нас жа тарфяное балота тут было. Яны ж усё асушэньне парушылі гэтымі дамамі. Цяпер во ўсе катэджы стаяць у вадзе. У нас падвал поўны вады. Шматпавярховікі на ваду больш ціснуць, і яна вышэй уздымаецца ў нас у дамах. Яны сказалі, што няма гарантыі, што вам будзе поўная свабода ад вады, бо вы знаходзіцеся між возерам і ракой. То бок гарантыі яны не даюць, але дамы будуюць”.

На пачатку дзевяностых гадоў поле, якое гарадзкі зелянгас засяваў каласавымі культурамі, аддалі пад забудову катэджаў. За два дзясяткі гадоў яго забудавалі. Цяпер ад вуліцы Габраўскай катэджы сьцяной адгароджваюць шматпавярховымі дамамі, бо тут, як тлумачыць чыноўнікі, праведзены камунікацыі, а гэта значна патаньняе іх будаўніцтва.
XS
SM
MD
LG