Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка-супрацоўнік ДАІ: Я глядзеў у іншы бок


Уладзімер Някляеў у судзе
Уладзімер Някляеў у судзе
На працэсе ў Фрунзенскім судзе Менску апыталі міліцыянтаў, супрацоўнікаў ДАІ, пры якіх зьбівалі экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, а таксама некалькі сьведкаў з боку абвінавачаных.

Сьведкі міліцыянты Ігнацьеў і Паўлікевіч — напарнікі. Працуюць у складзе аднаго экіпажу ДАІ, які патрулюе вуліцы Менску. Каля 17 гадзіны 19 сьнежня 2010 году Ігнацьеў і Паўлікевіч, паводле іх словаў, атрымалі інфармацыю, што ў раёне вуліцы Калектарнай у мікрааўтобусе «Фольксваген» зялёнага колеру знаходзяцца забароненыя для абарачэньня рэчы. Магчыма, нават выбухоўка, паведаміў у судзе старэйшы лейтэнант міліцыі Ігнацьеў.

Шукаць згаданы «Фольксваген» Ігнацьеў і Паўлікевіч, паводле іх словаў, пачалі адразу, але ўбачылі аўтамабіль толькі пасьля 19 гадзіны на вуліцы Калектарнай. «Ён некалькі гадзінаў стаяў на Калектарнай каля офісу кампаніі „Гавары праўду“, чаму вы яго не бачылі?» — задалі пытаньне сьведку. «Праглядзелі», — адказаў міліцыянт Ігнацьеў.

На допыце высьветлілася, што Ігнацьеў праглядзеў ня толькі гэта. Прыкладам, ён ня бачыў, як зьбівалі Ўладзімера Някляева людзі ў чорнай вопратцы, якія назваліся міліцыянтамі і прымусілі легчы «тварам у сьнег» актывістаў штабу Някляева. Таксама пра твар Някляева пасьля зьбіцьця сьведка сказаў, што «ён быў зусім чысты». Уладзімер Някляеў папрасіў гэта пацьвердзіць у вочы.

Някляеў: «Вы зараз глядзіце мне ў вочы, як і тады. Скажыце, былі сьляды зьбіцьця ці не?»

Магчыма яны пазьней і зьявіліся, але тады я ня бачыў, бо гематомы зьяўляюцца потым.
Ігнацьеў: «Магчыма яны пазьней і зьявіліся, але тады я ня бачыў, бо гематомы зьяўляюцца потым. І глядзеў я толькі на адну палову твару».

Яшчэ міліцыянт Ігнацьеў ня ведаў, хто трэці быў зь ім у службовым аўтамабілі разам з Паўлікевічам. «Яго завуць Аляксей, яго далі нам на ўзмацненьне, але адкуль ён, я ня ведаю».

Паказаньні напарніка Ігнацьева Паўлікевіча былі падобныя ў тым, што і ён таксама ня бачыў, як зьбівалі Някляева. «У той момант я глядзеў убок», — сказаў Паўлікевіч. Пра трэцяга чалавека ў аўтамабілі ДАІ Паўлікевіч сказаў «магчыма», а пра сьляды зьбіцьця на твары Някляева сказаў — «так, была ранка».

Адвакат Тамара Сідарэнка дамаглася, каб судзьдзя зачытала вытрымку з паказаньняў сьведкі падчас папярэдняга сьледзтва. Зь яе вынікала, што Паўлікевіч казаў пра сіняк пад вокам і пра тое, што Някляеў нібыта «дэманстрацыйна закрываў вочы, калі яго здымалі журналісты». «Вы ж ня бачылі зьбіцьця, чаму сумняваецеся ў нанясеньні траўмаў?» — дапытваліся адвакаты. Сьведка спаслаўся на суб’ектыўнае меркаваньне.

З пытаньняў Насты Палажанкі да сьведкі высьветлілася, што ён не падыходзіў да пацярпелых, у тым ліку да Някляева, не выклікаў хуткую дапамогу, увогуле не зьбіраўся аказваць дапамогу пацярпелым ад зьбіцьця невядомымі, бо, паводле сьведкі, гэтыя пацярпелыя «парушылі грамадзкі парадак». Тут Паўлікевіч меў на ўвазе, што актывісты «Гавары праўду» разгойдвалі ягоны службовы аўтамабіль.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі зрабіў наступныя высновы з допыту сьведак:

«Відавочна, міліцыянты хлусілі. І на маё меркаваньне, судзьдзя спрабавала іх паказаньні „падцягнуць“ да больш праўдзівых. У адваротным выпадку, калі былі сьведкі з нашага боку, вось як Зьміцер Шурхай, тут былі спробы паказаць, што ён хлусіць».

Сьведка з Берасьця Зьміцер Шурхай засьведчыў у судзе, што кандыдат на прэзыдэнта Рымашэўскі не заклікаў да гвалту ці захопу ўлады. Між тым, паводле сьведкі, гэткіх паказаньняў ад яго дамагаліся сьледчыя КДБ, якія ўжывалі незаконныя дзеяньні, мяркуе сьведка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG