Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі сьвяткаваньня Дня Перамогі?


Беларусь адсьвяткавала 66-ю гадавіну перамогі над фашызмам. Чаму выступ Аляксандра Лукашэнкі 9 траўня быў такі канфрантацыйны? Чаму заходнія амбасадары не прысутнічалі на ўрачыстай цырымоніі на плошчы Перамогі?


Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі
Андрэй Дынько
Валер Карбалевіч

Выступ Аляксандра Лукашэнкі 9 траўня


Валер Карбалевіч: «Як звычайна, у сваім выступе 9 траўня Лукашэнка атаясамляў цяперашні рэжым зь пераможцамі ў вайне і на гэтай падставе імкнуўся гаварыць зь іншымі краінамі з пазыцыі сілы, гістарычнай праўды. Ён рэзка крытыкаваў заходнія краіны за сілавое ўмяшаньне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў. Мусіць, яго моцна ўразіла натаўская апэрацыя ў Лібіі. Як бы вы пракамэнтавалі гэты выступ Лукашэнкі?».

Андрэй Дынько: «Тон выступу Лукашэнкі быў несяброўскім. Але ў той жа час я ўбачыў у гэтым выступе пэўныя ноткі стрыманасьці. У некаторых ранейшых ягоных выступах тон быў яшчэ больш рэзкі. А цяпер Лукашэнка адзначыў, што Беларусь адкрытая да дыялёгу.

Што тычыцца „лібійскага сюжэту“. Падзеі ў краінах Блізкага Ўсходу палохаюць аўтарытарных кіраўнікоў. Бо народы гэтых краін выступілі супраць аўтарытарных рэжымаў, і ўсясьветная супольнасьць лічыць магчымым умяшаньне ва ўнутраныя працэсы ў гэтых дзяржавах. І гэта палохае іх кіраўнікоў.
Абмежаваны саўдзел Расеі ў скіданьні Кадафі выклікае найбольшы непакой у афіцыйнага Менску.


Прычым у Лібіі здарылася незвычайная рэч. Нават недэмакратычныя краіны (Кітай, Расея) дазволілі ажыцьцявіць гэтае ўмяшаньне. Таму дыктатары ня могуць спаць спакойна. Абмежаваны саўдзел Расеі ў скіданьні Кадафі выклікае найбольшы непакой у афіцыйнага Менску».

Паўлюк Быкоўскі: «Калісьці польскі грамадзкі дзеяч Адам Міхнік назваў Лукашэнку не расейскай, а савецкай лялькай. То бок, у Лукашэнкі ўстойлівы імідж прасавецкага палітыка. Кожны год на Дзень Перамогі гэты імідж падсычаецца. Антызаходняя рыторыка — частка гэтага іміджу. Не магу ўзгадаць, калі б Лукашэнка падчас выступу на 9 траўня дзякаваў краінам Захаду за ўдзел у перамозе над фашызмам».

Чаму заходнія амбасадары не прысутнічалі на плошчы Перамогі 9 траўня?


Карбалевіч: «Бадай, упершыню на цырымоніі на плошчы Перамогі 9 траўня не прысутнічалі амбасадары заходніх краін. Іх туды не запрасілі. На дзяржаўных беларускіх тэлеканалах няяўка паслоў ЭЗ на афіцыйную цырымонію сьвяткаваньня Дня Перамогі прыраўноўвалася ледзь не да падтрымкі нацызму. Што гэта азначае?».

Дынько: «Гэта такія прыёмы прапагандысцкай вайны. Падаецца, што ў Менску не да канца разумеюць, наколькі яны шкодзяць шырока зразуметым беларускім інтарэсам. Беларусі патрэбныя добрыя адносіны з Эўропай — важным эканамічным партнэрам нашай краіны. З краінамі ЭЗ у нас найбольш працяглая мяжа.

А тут беларускія ўлады пачалі нейкае змаганьне на прапагандысцкім узроўні. Але калі вы пачынаеце па дробязях задзірацца, то да вас і ставяцца адпаведна. Гэты скандал зь незапрашэньнем заходніх амбасадараў на ўрачыстую цырымонію — недальнабачны крок».

Быкоўскі: «Гэта недальнабачна ня толькі ў сэнсе адносінаў з эўрапейскімі партнэрамі, але і з гледзішча інтарэсаў рэжыму. Шмат людзей з інтэрнэту даведаецца, што заходнія амбасадары не былі запрошаныя на сьвяткаваньне. І гэта перакрыжоўвае намаганьні дзяржаўнай прапагандысцкай машыны.
Наўрад ці гэтая кампанія супраць заходніх амбасадараў адцягне ўвагу насельніцтва ад эканамічных праблемаў.


Зразумела, ёсьць вялікая частка людзей, якая ня мае доступу да альтэрнатыўнай інфармацыі. Але наўрад ці гэтая кампанія супраць заходніх амбасадараў адцягне ўвагу насельніцтва ад эканамічных праблемаў.

І нават калі зыходзіць з гледзішча, што амбасадары не прыйшлі на плошчу Перамогі 9 траўня ў знак пратэсту супраць Лукашэнкі, то і ў такім разе гэта сьведчыць пра слабасьць кіроўнага рэжыму».

Ці дадае прасавецкасьць палітычны капітал?


Карбалевіч: «Вось сп. Быкоўскі адзначыў, што ад самага пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка стварыў імідж прасавецкага палітыка. І Дзень Перамогі быў той падставай, дзе ён падтрымліваў і дэманстраваў гэты імідж.

Але вось падзеі ў зьвязку зь цяперашнім сьвяткаваньнем Дня Перамогі ставяць шэраг пытаньняў. Рэдкі выпадак, калі на ўрачыстым паседжаньні 8 траўня, прысьвечаным Дню Перамогі, з дакладам выступаў не Лукашэнка, а міністар абароны Жадобін. І яшчэ адзін цікавы момант: шэсьце вэтэранаў, анансаванае на 11 гадзіну, адбылося толькі а 12 гадзіне. Як гэта ўсё растлумачыць? Магчыма, імідж прасавецкага палітыка ўжо не дадае яму палітычнага капіталу, таму ён памалу размываецца?».

Дынько: «Імідж прасавецкага палітыка, напэўна, ужо нікому на гэтым сьвеце не дадае палітычнага капіталу. І Лукашэнку ў тым ліку. Бо прасавецкія настроі захоўваюцца ў невялікай часткі грамадзтва. Магчыма, гэта сілавыя структуры, супрацоўнікі рэпрэсіўнага апарату.

Салдаты тэрміновай службы беларускага войска нарадзіліся ўжо ў незалежнай Беларусі. У эканамічным сэнсе наша краіна даўно пераўзышла савецкі ўзровень.

Лукашэнка заявіў, што ў Эўрапарлямэнце зьбіраюцца абмяркоўваць беларускае пытаньне, і гэта значыць, што яны не зразумелі ўрокаў мінулай вайны. Дык наадварот, тое, што дэмакратыя, правы чалавека сталі фундамэнтальнай эўрапейскай каштоўнасьцю — гэта ёсьць галоўны ўрок той вайны. Бо тады правамі чалавека ахвяравалі дзеля нейкіх ідэалёгій. І гэта прывяло цэлыя нацыі да вар’яцтва.

Я б не перабольшваў значэньне збою ў жывой трансьляцыі шэсьця. Магчыма, гэта зьвязана з тымі надзвычайнымі захадамі бясьпекі, якія былі прынятыя, і ня ўсіх пасьпелі праверыць своечасова».

Быкоўскі: «Што тычыцца зьмены часу шэсьця, то, магчыма, насамрэч гэта зьвязана было з пытаньнямі бясьпекі. Таму што сам быў сьведкам, як пытаньням бясьпекі надавалася надзвычайная ўвага.

Выступы на Дзень Перамогі ўжо не такія знакавыя, як гэта было раней. Таму на іх ужо ня трэба ахвяраваць час першай асобы ў дзяржаве. Магчыма, ёсьць большыя дзяржаўныя і асабістыя прыярытэты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG