Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гандляры становяцца беспрацоўнымі


Цэнтральны рынак. Горадня

Цэнтральны рынак. Горадня

З прычыны складанай эканамічнай сытуацыі і немагчымасьці свабодна набыць валюту ў Беларусі зачыняюцца прыватныя фірмы, спыняюць сваю дзейнасьць многія індывідуальныя прадпрымальнікі. Пра канкрэтныя факты інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Я ў гэтым месяцы не паехала па тавар і не заплаціла падаткі"

На Магілёўшчыне сытуацыя з прыватным гандлем з прычыны валютнага крызісу пагаршаецца. Многія прадпрымальнікі скардзяцца, што працуюць са стратамі.

У Бабруйску некаторыя з прадпрымальнікаў ужо ня ў стане заплаціць падаткі. Не выключаюць, што давядзецца прыпыніць гандаль. Гаворыць спадарыня Алена. Яна гандлюе мужчынскай і жаночай вопраткай:

Курс даляра ў Бабруйску — 4250 беларускіх рублёў
"Я ў гэтым месяцы не паехала па тавар і не заплаціла падаткаў. Валюты няма й няма з чым ехаць. За 4200 валютчыкі прадаюць даляр, а то і за 4250 ужо, і калі ўкласьці гэта ў тавар, то невядома, як ты яго прадасі. Цяпер жа людзі трацяць усе грошы на прадукты. А прадукты ж у два разы падаражэлі. Калі нічога ня зьменіцца, то трэба ісьці на прадпрыемствы. Чэсна вам кажу".

Прадпрымальніца з Магілёва спадарыня Марына — у такой жа сытуацыі, як і яе бабруйская каляжанка. Прыбытку няма. Гандаль са стратамі. Курс даляра ў валютчыкаў расьце дзень пры дні.

Гэта ня наша віна, што такое ў краіне творыцца
"Многія прыпынілі працу, ня плацяць падаткі, бо гэта бессэнсоўна, бо працуеш на мінус. Яны нічога не прывозяць. Асартымэнт бяднее. Цэны растуць. А пакупнікі абураюцца. Нас вінавацяць. Яны ня хочуць верыць, што гэта ня наша віна, што такое ў краіне творыцца".

Бальшыня прадпрымальнікаў, аднак, дысцыплінавана выходзіць на працоўныя месцы ў чаканьні рэдкіх пакупнікоў. Іншага выйсьця няма, кажа гандляр абуткам Алег:

"Грошы мы ўклалі, хаця б што вярнуць. Тое, што ўкладаеш, проста жывеш за гэта. Прадаў — жывеш. Нават сваё вярнуць ня можам, ня кажучы ўжо пра заробак. Так і робім. А куды цяпер можна пайсьці працаваць альбо чым заняцца, падкажыце".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Дэфіцыт валюты паралізуе працу прыватных фірмаў"

Дэфіцыт валюты найбольш адбіўся на Берасьцейшчыне на прыватных фірмах. Дробныя гандляры распрадаюць старыя запасы. На новы тавар у іх няма сродкаў.

Людзей, якія ў Берасьці страчваюць цяпер працу, даволі шмат, кажа актывіст прадпрымальніцкага руху "Пэрспэктыва" Віктар Чайкоўскі:

"Увогуле, усё паступова спыняецца, праца паралізуецца. Напрыклад, прадпрыемствы, якія ажыцьцяўляюць грузаперавозкі ў Расею, павінны сабраць для арганізацыі аднаго рэйсу каля 1000 даляраў. Калі ў фірме адна аўтамашына, то з горам напалам такая сума грошай яшчэ зьбіраецца. Але калі ва ўласьніка дзьве ці больш машын, то працаваць без валюты немагчыма".

У продажы — старыя запасы па ранейшых цэнах

На рэчавых рынках у Берасьці большасьць прадпрымальнікаў яшчэ выходзяць на працу. Гандляры сем'ямі стаяць у чэргах каля абменьнікаў, каб набыць валюту. Буйныя фірмы вымушаныя спыняць дзейнасьць, кажа берасьцейская прадпрымальніца Алена:

"Прадпрымальнікі стаяць у чэргах каля абменьнікаў. Часам запісваюцца сем'ямі, каб набыць валюту. А вось людзі, якія працуюць на буйных фірмах, застаюцца бяз працы. Фірмы, у адрозьненьне ад дробных прадпрымальнікаў, маюць патрэбу ў буйных партыях тавараў. Таму многія спыняюць працу".

У рэгіёне дробныя гандляры цяпер прадаюць старыя запасы па ранейшых цэнах. Паводле Мікалая Чарнавуса, прадпрымальніка з Баранавічаў, распрадаецца тое, што лічыцца "нехадавым" таварам. Новы тавар прадаваць робіцца надзвычай складана. Прадпрымальнікі пры такіх умовах стануць беспрацоўнымі:

"Невядома па якім курсе налічваць цэны. Некаторыя лічаць па 4000 беларускіх рублёў за даляр, некаторыя нават па 5000. Некаторыя бачаць, што праца ў такіх умовах становіцца сабе на страту. Які ж у гэтым сэнс? Асабліва гэта тычыцца тых, хто гандлюе "хіміяй". Калі раней пральны парашок каштаваў 75 тысяч, то цяпер яго кошт складае 150 тысяч".

ВІЦЕБШЧЫНА


Цяпер меней гандляроў на "Смаленскім кірмашы" ў Віцебску

Былы палітвязень і лідэр прадпрымальніцкага руху Сяргей Парсюкевіч у выходныя наведаў "Смаленскі кірмаш", на якім некалі працаваў і сам. Ён адзначае, што прадпрымальнікаў за апошні месяц паменела — асабліва на вулічных гандлёвых месцах:

"Насамрэч, там стала народу меней. А вось у крытым павільёне хочаш — працуй, ня хочаш — не працуй, а за арэнду гандлёвага месца плаці. А гэта дурныя грошы — паўтара мільёна ў месяц. Я запытаўся: "А як у вас з валютай?" Некаторыя кажуць наўпрост, што вялікай праблемы няма, бо тую валюту няма на што набыць. Так, прадаюць тавар, грошы праядаюць, і застаецца толькі на падаткі".

Паводле Сяргея Парсюкевіча, грошы з абароту ў прадпрымальнікаў аўтаматычна вымываюцца: закупіць новы тавар ужо няма на што. Уздымаць цэны ніхто таксама не сьпяшаецца, бо ў большасьці пакупнікоў і так няма лішніх грошай.

Згортваць прадпрымальніцкую дзейнасьць ніхто ня хоча: прыбыткаў няма, але ж няма і альтэрнатывы, кажа спадар Парсюкевіч:

Людзі чакаюць, што ж будзе далей?!
"Зачыніцца можна, праблемы няма ніякай! Але шкада гандлёвага месца, у якое ты немаведама колькі грошай уклаў, і грошай, якія ў тавар укладзеныя. Ну, а зачыніўся — і што? На працу на іншую ўладкавацца праблематычна. А жыць на нешта трэба. Людзі проста чакаюць: што ж будзе далей?!"

У Расеі для беларускіх прадпрымальнікаў таксама праблемы

Частка прадпрымальнікаў, якія не захацелі чакаць, паспрабавалі перанесьці свой гандаль у бліжэйшыя вобласьці суседняй Расеі — на Смаленшчыну ці Пскоўшчыну. Там для гандлю іншыя ўмовы — рэгістравацца ў якасьці прадпрымальніка не абавязкова, і любы чалавек можа гандляваць на кірмашы, заплаціўшы невялікі дзённы падатак. Але ў таго, хто вырашыў гандляваць у бліжэйшым замежжы, тлумачыць Сяргей Парсюкевіч, паўстаюць праблемы іншага кшталту:

"Куды-небудзь паехаць — гэта кілямэтраў 100—150 у адзін бок. Хто будзе штодня сюды-туды матацца? І колькі бэнзіну так спаліш? Гэта дужа дорага! Я думаю, гэтым займацца можа толькі той, у каго за мяжой ёсьць ці сваякі, ці знаёмы нехта…"

Меркаваньне прадпрымальніка: "Мы на сёньняшні дзень апынуліся ў замкнёным коле"

Урэшце, каб паехаць гандляваць у Расею, таксама спачатку трэба закупіць тавар — ужо беларускае вытворчасьці. Раней так і рабілі, але цяпер цэны ўзьняліся і на ўсё беларускае.

Таму пытаньне, ці займацца бізнэсам далей, ці не, стаіць вельмі востра, кажа Ірына Яскевіч, якая працуе ў віцебскім гандлёвым цэнтры "Эвіком":

"Мы бывалі ў крызісах, перажывалі складаныя часы. Але раней была магчымасьць набыць тавар і паехаць у Расею. Цяпер і такой магчымасьці ў нас няма. І мы на сёньняшні дзень у замкнёным коле, бо і ад’ехаць ня можам, і працаваць ня можам — з тых аб’ектыўных прычын, якія сталі для нас поўнай нечаканасьцю".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Як эканамічны крызіс адбіваецца на гарадзенскіх гандлярах, бізнэсоўцах? Свой пункт гледжаньня выказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху, былы палітвязень Валеры Леванеўскі:

"Выкручваюцца, валютчыкі мяняюць грошы, ну проста продажы ўпалі. Я маю на ўвазе тых, хто займаецца "купі-прадай". Зразумела, у тых, хто займаецца вытворчасьцю, праблемы істотныя, але я ня думаю, што яны будуць даваць інтэрвію, таму што ў іх і так хапае праблемаў. Але масавых
Усё рухаецца пакуль па інэрцыі…
звальненьняў пакуль няма, людзі выкручваюцца, усё ідзе пакуль па інэрцыі… Скажам, мне пакуль невядома, каб нехта ад арэнды на рынку адмовіўся ў масавай колькасьці. У працэнтных адносінах гэта можа быць пяць адсоткаў, але гэта нармальны працэнт для гэтай пары. Больш вычэкваюць. Усе чакаюць дванаццатага траўня, калі абяцаюць курс валютны адпусьціць. Ва ўсякім разе, было такое паведамленьне ў прэсе".

Іншы гарадзенец лічыць, што эканамічны і валютны крызіс можа скончыцца тым, што заробкі, падвышаныя перад апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі, істотна ўпадуць.

Будзе заробак $200, а не $500
Спадар
: "Для эканомікі скончыцца тым, што ўсе будуць дзьвесьце даляраў атрымліваць, а не пяцьсот. І ўся эканоміка. І будзем усе ад пачатку працаваць. У людзей многіх, у прыватнасьці ў бізнэсмэнаў, адбываецца абясцэньваньне грашовых зьберажэньняў. Адзін бізнэсмэн сказаў мне: я аддаў тавараў з адтэрміноўкай выплаты на пяць мільярдаў, пяць гадоў працаваў і ў выніку нічога не зарабіў. Вяртаемся на пяць гадоў назад, усё адкідаецца".

"Хутка ня будзе чым карміць катоў, сабак і папугаяў"

У многіх гарадзенскіх заамагазінах значна звузіўся асартымэнт корму для хатніх жывёлаў, а цэны на асобныя тавары падвысіліся на 40 і больш адсоткаў.

У заамагазінах на рынку "Цэнтральны" ў Горадні практычна няма пакупнікоў. Гаспадыня крамы, спадарыня Вольга, распавядае, што кліенты цяпер пераважна цікавяцца цэнамі і зусім мала купляюць.

Пытаюся — ці нашмат у іх павысіліся цэны?

Спадарыня: "На 30—40%. Гэта таму, што ў нашых пастаўшчыкоў зьнік тавар, і яны яго не замаўляюць, бо няма валюты, каб набыць".

Гаспадыня іншага заамагазіна, спадарыня Алена кажа, што ва ўсіх крамах раней цэны фармаваліся па-рознаму, бо тавар быў ад розных пастаўшчыкоў, а цяпер практычна паўсюль выраўняліся. Зь яе слоў, некаторыя крамы ўжо ня маюць чым гандляваць.

Пэрспэктыва такая, што страшна зазіраць уперад
Спадарыня: "Зараз усе паздымалі зьніжкі і працуюць толькі па перадаплаце, і цана практычна ва ўсіх аднолькавая. Пэрспэктыва такая, што страшна зазіраць уперад. Я ж таксама спажывец і хаджу па рынку і па крамах — проста не ўяўляю, з чым мы ў заўтрашні дзень уступім".

Спадарыня Алена распавядае, што апошнім часам у яе краме, як і ў іншых падобных, значна зьнізіўся асартымэнт тавару, бо новыя цэны не дазваляюць яго абнаўляць.

Спадарыня: "Зараз мы і не бяром нічога новага, бо цэны зьмянілі на стары тавар, і яны даволі высокія".

Цэны людзей шакуюць, а што будзе далей?
Карэспандэнт
: "Вось вы не закупляеце новага тавару. А таго, што ёсьць, надоўга яшчэ хопіць?".

Спадарыня: "Зараз ужо цэны людзей шакуюць, а што будзе далей? Ня ведаю, будзем глядзець. Зразумела адно: калі цэны надалей будуць зашкальваць і збыту ня будзе, то мы ня зможам гандляваць. А ўжо адчувальна пакупніцкая здольнасьць зьнізілася, людзі шукаць таньнейшы корм для сваіх жывёл".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG