Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няпэўнасьць на фінансавым рынку працягваецца. Валюты ў абменных пунктах няма, і дзяржаўныя экспэрты перасталі нават разважаць, калі яна там зьявіцца. Неакрэсьленая сытуацыя і з расейскім крэдытам: нядаўні візыт у Маскву ўрадавых чыноўнікаў не дадаў пэўнасьці адносна пэрспэктывы яго атрыманьня. Тым часам Нацыянальны банк працягвае ўтрымліваць курс на ранейшым узроўні – каля 3100 рублёў за даляр, хоць на міжбанкаўскім рынку бальшыня зьдзелак ажыцьцяўляецца па курсе 5000 рублёў за даляр.

Шмат хто з аналітыкаў сыходзіцца на думцы: улады праводзяць неапраўданую палітыку, марудзячы з канкрэтнымі захадамі дзеля разьвязаньня сытуацыі на валютным рынку. На думку супрацькрызіснага кансультанта Мечыслава Бурака, цяперашняя фінансавая анархія — на сумленьні ня столькі Нацыянальнага банку, колькі непасрэдна прэзыдэнта:

"Крызісы робяць не цэнтрабанкі, а тыя, хто кіруе і правіць эканомікай. У Беларусі эканомікай, як і ўсімі іншымі галінамі, кіруе спадар прэзыдэнт. І тое, што ён павінен быў зрабіць за больш чым 15 гадоў ва ўладзе, ён не зрабіў. Тое, што мы зараз маем, гэта вынік усясьветнага фінансавага крызісу, які дадаўся да крызісу нашага. Даляр зараз патаньнеў у паўтара раза, раней ці пазьней у нас падзешавее рубель у адносінах да даляра ў 1,5—2 разы. І такім чынам мы атрымалі двухразовую інфляцыю. І калі вы сёньня выпусьціце на свабоду вось гэты тандэм "даляр-рубель", то менш як 5 тысяч рублёў за даляр курс ня будзе".

Ва ўладных структурах даюць зразумець, што ня варта чакаць нейкіх асаблівых захадаў да моманту атрыманьня расейскага крэдыту. Аднак, на думку спадара Бурака, пры цяперашніх умовах разьлічваць на плён ад таго мільярда даляраў не выпадае:

"Што такое крэдыт? Калі мы сёньня нешта бяром, дык яно павінна пасьці на канкрэтную справу. Калі ён бярэ расейскі крэдыт і кажа, што я хачу зрабіць тое і тое, ад гэтага атрымаецца пэўная сума валюты, то тады можна браць. А калі бяруць, як яны кажуць, проста на падтрымку рубля, то гэта азначае толькі тое, што зноў праямо. Няма ў эканоміцы такога паняцьця, бо падтрымка рубля складаецца з эканамічнай падтрымкі. Як мы гэтымі рублямі пабудуем эканоміку, вывернем яе ў патрэбны бок? Звалілі зараз усё на Пракаповіча, як быццам толькі ён вінаваты ў тым, што адбываецца. А што ён? Ён толькі выконваў устаноўкі, трымаў валюнтарысцкімі мэтадамі патрэбны курс. А курс жа трымаецца эканомікай. Бо валюта — гэта інструмэнт забесьпячэньня эканамічнай дзейнасьці. А калі ў вас няма эканамічнай дзейнасьці, то ўсе вашы рублі ператвараюцца ў паперу".

Тым часам беларускія грамадзяне яшчэ спадзяюцца набыць валюту па афіцыйным курсе. І хоць колькасьць тых, хто дзяжурыць у чэргах ля абменьнікаў, істотна зьменшылася, людзі па-ранейшаму зьвяраюцца са сьпісамі, адзначаюцца, пры гэтым ня маючы ніякай гарантыі, што набудуць даляры ці эўра.

Жаданьне ўкласьці сродкі хоць у штосьці больш надзейнае, чым рублі, набывае самыя розныя праявы. Пасьля таго, як Нацыянальны банк прыпыніў продаж золата за беларускія рублі, у ход пайшлі брыльянты, якія можна купіць за нацыянальную валюту. Па афіцыйных зьвестках, за красавік Нацбанк рэалізаваў амаль паўтысячы брыльянтаў, а атрыманая выручка ўтрая перавысіла прыбыткі ад рэалізацыі каштоўных камянёў за першыя тры месяцы 2011 году.

А вось у іншых сфэрах актыўнасьць паступова згортваецца. Кампаніі-імпартэры па-ранейшаму сутыкаюцца зь вялікімі фінансавымі праблемамі. Біржавы курс даляра на 70% перавышае афіцыйны, што аўтаматычна ўплывае на кошт тавару. Практычна спаралізавана праца аўтасалёнаў. Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка кажа, што пастаўкі новых аўтамабіляў у Беларусь зьвяліся да мінімуму:

"На мой погляд, бліжэйшым часам, пакуль розьніца ў курсах будзе вельмі значная, сытуацыя прынцыпова ня зьменіцца. Дылеры самі ня раз заяўлялі, што не гатовыя ў цяперашніх умовах набываць аўтамабілі для продажу. Таму што падпісаныя з шмат якімі кампаніямі дамовы на пастаўку машын, дзе наўпрост пазначана: аплата паводле курсу Нацыянальнага банку. І раптам, адкуль ні вазьміся, абсалютна іншыя курсы, якія на вельмі значны працэнт адрозьніваюцца ад нацбанкаўскага. Набываць дылерам валюту па такім курсе — мякка кажучы, нецікава. І лягічнае пытаньне: навошта прадаваць сабе на страту? Ніхто гэтага рабіць ня будзе".

Не ўдаецца наладзіць і экспарт беларускай прадукцыі, каб прыцягнуць у Беларусь больш валюты. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, адмоўнае сальда зьнешняга гандлю за першы квартал 2011 году склала блізу 2,4 мільярда даляраў супраць 680 мільёнаў даляраў за аналягічны пэрыяд летась. Рэгрэс — у 3,5 раза.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG