Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль пачаў праверкі працоўнай дысцыпліны

  • БелаПАН

Камітэт дзяржкантролю па Гомельскай вобласьці сумесна з упраўленьнем дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў правёў маніторынг выкананьня дырэктывы прэзыдэнта № 1 "Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны" ў 94-х дзяржаўных установах сацыяльнай сфэры, на прадпрыемствах і ў арганізацыях.

6 траўня на нарадзе па расьсьледаваньні тэракту ў Менску Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў узмацніць дысцыпліну ў працоўных калектывах краіны. "У нас ёсьць савецкі вопыт часоў Андропава. Падабаецца гэта камусьці ці не, але прыкладна так мы павінны прымусіць кожнага працаваць", – заявіў кіраўнік дзяржавы. "У нас ужо зьявілася яшчэ адна нэгатыўная тэндэнцыя – працаваць з “прахалодцай”, палову працоўнага часу. Палову даем таго, што павінны даваць, а жыць хочам добра. Так не бывае. Калі ласка, прымусьце ўсіх працаваць", – запатрабаваў Лукашэнка.

Як паведамілі ў КДК па Гомельскай вобласьці, на момант правядзеньня маніторынгу ў васьмі арганізацыях на працоўных месцах адсутнічалі 11 работнікаў, чатыры работніка спазьніліся на працу.

Да прыкладу, у Веткаўскім гарадзкім доме культуры адсутнічалі на працоўных месцах пяць супрацоўнікаў, аднаго супрацоўніка не было на працы ў Добрускім раённым доме культуры, у ААТ "Жлобінскі камбінат бытавога абслугоўваньня" адсутнічалі тры работнікі.

У Добрускім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі, на прадпрыемстве "Віпра" (Гомель) і на Веткаўскім камбінаце бытавога абслугоўваньня правяраючыя з КДК зафіксавалі спазьненьне на працу супрацоўнікаў на 8-28 хвілін без уважлівых прычын.

Акрамя таго, парушэньне устаноўленага рэжыму працы выяўлена пры праверцы пяці з 17 пунктаў прыёму шклатары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG