Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу ў трох менскіх судох у аўторак аднаўляюцца працэсы над удзельнікамі падзеяў 19 сьнежня.

У Фрунзэнскім судзе Менску адновіцца працэс над Уладзімерам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Настай Палажанкай, Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком. Суд ад імі пачаўся 5 траўня, дапыталі ўсіх абвінавачаных, акрамя экс-кандыдата ў прэзыдэнта Ўладзімера Някляева. Яго допыт давялося перапыніць, бо стала блага Аляксандру Фядуту. Да абвінавачанага выклікалі хуткую дапамогу, адправілі на агляд і тэрміновае лячэньне ў 9-ы шпіталь, а адтуль дамоў, дзе хворага наведвалі мэдыкі. Жонка Фядуты Марына спадзяецца, што стан здароўя Аляксандра дазволіць яму ўдзельнічаць ў працэсе 10 траўня.

У якіх абставінах праходзіць працэс у Фрунзэнскім судзе? Экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі мае прэтэнзіі да паводзінаў прадстаўніка пракуратуры:

"Яго стаўленьне да абвінавачаных і мяне асабіста я не магу назваць карэктным. Тое, што ён дазваляе сабе ў жэстах і камэнтарох на наш бок, гэта... Таксама мяркую, што гэта дзеля таго, каб мы адчулі, што, магчыма, пакараньне нам ужо вызначана. Што да судзьдзі, не магу таго ж сказаць. Сёньня яна выслухоўвала, не замінала адвакатам задаваць пытаньні".

У першы дзень працэсу судзьдзя Жанна Жукоўская пастанавіла забараніць фота- і відэаздымкі падчас працэсу, хаця ўсе абвінавачаныя былі ня супраць здымкаў. На падставе гэтай забароны міліцыянты і супрацоўнікі суду не дазвалялі журналістам здымаць і падчас перапынкаў. Аднак гэтая забарона не распаўсюджвалася на журналістаў Беларускага тэлебачаньня. 6 траўня супрацоўнік Фрунзэнскага суду асабіста правёў журналістаў БТ з камэрай у судовую залю і дазволіў ім здымаць прысутных. Гэтым абурыўся Віталь Рымашэўскі. Пасьля ягонага гучнага пратэсту журналісты дзяржаўнага тэлебачаньня мусілі з судовай залі выйсьці.

Таксама адновіцца працэс у Партызанскім судзе над Андрэем Саньнікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікамі падзеяў 19 сьнежня – Ільлём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Ўладзем Яроменкам. Кінадраматург Уладзімер Халіп падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад працэсу пасьля паказаньняў пацярпелых міліцыянтаў:

"Створана такая група гастралёраў з гэтых амапаўцаў. Высокія моцныя хлопцы ходзяць па судох і апавядаюць, як у іх баляць ягадзіцы пасьля удараў худзенькіх хлопчыкаў, што сядзяць за кратамі. Гэта ўвогуле сорам і ганьба для краіны. Ніякіх афіцэраў, ніякага гонару тут няма даўно, а ёсьць тыя, хто можа рабіць што хаця. У гэтай краіне страшна жыць, гэта небясьпека для ўсіх людзей".

10 траўня у судзе Маскоўскага раёну Менску пачнецца трэці дзень працэсу над шасьцю ўдзельнікамі падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году: Дзьмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімерам Лобанам, Віталём Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам і Алегам Федаркевічам. Іх вінавацяць па частцы другой 293 артыкулу Крымінальнага кодэксу – удзел у масавых непарадках. На мінулым тыдні суд допытаў пацярпелых спэцназаўцаў, якія выступаюць у кожным судзе над удзельнікамі Плошчы.
XS
SM
MD
LG