Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фіны выказваюць салідарнасьць зь Беларусьсю


У цэнтральнай частцы Хэльсынкі

У цэнтральнай частцы Хэльсынкі

10 траўня ў сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі ў Нацыянальным тэатры адбудзецца “Вечар свабоды Беларусі”. Са сцэны тэатру прагучаць вершы былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, аповед пра сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі, пра судовыя працэсы над экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты і ўдзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня.

Адна з арганізатараў акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю ў Фінляндыі – дачка паэта і былога кандыдата ў прэзыдэнты Ева Някляева – кажа, што фінаў вельмі ўсхвалявала тое, што адбываецца ў Беларусі цягам апошніх месяцаў:

"Каля я размаўляла з прадстаўнікамі МЗС Фінляндыі, яны мне казалі, што падзеі ў Беларусі выклікалі наймацнейшую рэакцыю ў фінскім грамадзтве. Шараговыя фіны пішуць і тэлефануюць у МЗС і просяць, каб Беларусь заставалася ў прыярытэтах фінскай замежнай палітыкі".

Таму Ева Някляева разам зь сябрамі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі вырашыла расказаць пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі:

"Мы будзем распавядаць апошнія навіны зь Беларусі – пра тое, як праходзяць суды, пра жорсткія прысуды, якія ўжо атрымалі актывісты, пра тое, як праходзяць працэсы над Саньнікавым і маім бацькам. У праграме акцыі будуць вершы майго бацькі, якія пераклаў на фінскую мову Юка Малінэн. Юка быў вельмі ўражаны тым, што здарылася з татам".

Фінскі паэт Юка Малінэн (Jukka Mallinen) пазнаёміўся і пасябраваў з Уладзімерам Някляевым, калі той жыў у Хэльсынкі:

"Сапраўды, гэта мой добры сябар. Нядаўна выйшла падборка ягоных вершаў у нашым асноўным літаратурным часопісе "Парнас". Цяпер я пераклаў яго вершы адмыслова для гэтай вечарыны. Вершы цікавыя, там беларуская душа, такая мэлянхолія, стрыманыя сантымэнты. Усё гэта даволі блізка і для фінскай душы. У нас быў вядомы паэт Эйна Лейна (Eino Leino), які жыў на пачатку мінулага стагодзьдзя, дык настроем, пэсымізмам Някляеў падобны да яго, як я зразумеў, калі яго перакладаў".

Ева Някляева выбрала урыўкі з блогаў удзельнікаў падзеяў, якія былі на плошчы Незалежнасьці 19-га сьнежня, і зь іх фінскі рэжысэр зрабіў імправізаваны спэктакль. Таксама будзе музыка – фінскія музыкі адгукнуліся на заклік далучыцца да гэтай акцыі.

"Там вядучыя фінскія акторы сярэдняга пакаленьня, вельмі добрыя музыкі – першыя асобы нашага тэатральнага і музычнага сьвету – праяўляюць сваю салідарнасьць з вольнай Беларусьсю", – расказаў фінскі паэт Юка Малінэн.

Пачатак “Вечара свабоды Беларусі” ў Нацыянальным тэатры Хэльсынкі 10 траўня а 20-й гадзіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG