Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску працягнецца суд над журналістам Уладзіславам Стараверавым


Уладзіслаў Старавераў

Уладзіслаў Старавераў

Пасьля затрыманьня 26 красавіка, калі Старавераў фатаграфаваў жалобную акцыю да ўгодкаў аварыі ў Чарнобылі, міліцыянты абвінавацілі яго ў дробным хуліганстве – 27 красавіка ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы, ініцыяванай супраць журналіста. 10 траўня суд будзе працягвацца.

Судзіць віцебскага журналіста Ўладзіслава Стараверава даручана судзьдзі Кастрычніцкага райсуду Алесі Жарыкавай.

На мінулым паседжаньні хлопец заявіў, што яму патрэбны адвакат. Забясьпечыць абарону адразу было немагчыма, бо з жалобнай “чарнобыльскай” акцыі Стараверава завезьлі спачатку ў пастарунак, а потым – на ноч – у ізалятар часовага ўтрыманьня. Журналіста не адпусьцілі нават тады, калі ён запатрабаваў мэдычнай дапамогі, бо падчас затрыманьня міліцыянты яго зьбілі, і гэты стрэс выклікаў у хлопца праблемы з сэрцам.

Падчас сёньняшняга судовага паседжаньня Старавераў зьбіраецца расказаць пра акалічнасьці затрыманьня ды заявіць пра сваю катэгарычную нязгоду з абвінавачаньнямі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам і нецэнзурнай лаянцы:
Празь некалькі хвілін пасьля таго, як я дастаў фотаапарат, ня мяне са сьпіны напалі людзі ў цывільным...


“Літаральна празь некалькі хвілін пасьля таго, як я дастаў фотаапарат, ня мяне са сьпіны напалі людзі ў цывільным. Зьбілі, паламалі аб’ектыў, паклалі тварам на асфальт. Было вельмі непрыемна тое, што яны рабілі, гэта для мяне стала шокам. Адразу я ня ведаў, за што мяне затрымалі, што мне інкрымінуюць. І толькі калі мяне павезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, адзін з канваіраў сказаў, што за лаянку матам і непадпарадкаваньне міліцыянтам”.

У якасьці сьведкаў на суд выкліканы супрацоўнікі міліцыі, і тым ліку і Ігар Скарыновіч, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму. Менавіта падпалкоўнік Скарыновіч выказаў незадавальненьне, што міліцыянты таксама трапляюць “у кадар”, і асабіста зьбіваў журналіста падчас затрыманьня.

Жаданьне стаць сьведкамі на працэсе выказалі і віцебскія актывісткі на чале з Тацянай Севярынец. Зьбіцьцё журналіста адбывалася ў іх на вачох, і пасьля затрыманьня Ўладзіслава Стараверава яны прыходзілі ў пастарунак ды напісалі некалькі скаргаў пра неадпаведныя паводзіны міліцыянтаў.

Скаргу ў пракуратуру накіраваў і сам Уладзіслаў Старавераў. І гэта ўжо ня першая скарга на перавышэньне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі: 25 сакавіка журналіста таксама зьбілі і затрымалі перад пачаткам акцыі да Дня Волі. Пазьней, у пастарунку, міліцыянты заявілі, што ён падаўся ім падобным да маньяка-пэдафіла, які знаходзіцца ў вышуку.

Пра адно зь леташніх затрыманьняў Уладзіслава Стараверава шырока паведамлялася ў інтэрнэце. 8 лістапада журналіст здымаў на відэа віцебскага прадпрымальніка Ўладзімера Правальскага, які меў намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Яны абодва выклалі ў сеціва відэаролікі, дзе відаць, што міліцыянт Сяргей Казлоў правакуе хлопца на бойку, патрабуючы выключыць відэакамэру.

У сьнежні Ўладзіслаў Старавераў атрымаў афіцыйнае папярэджаньне з абласной пракуратуры пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Калі цяпер суд прызнае яго вінаватым у хуліганстве, журналісту пагражае грашовы штраф або арышт да 15 сутак.
XS
SM
MD
LG