Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна палепшыўся. Ён піша вершы, якія абяцае прачытаць слухачам Свабоды адразу пасьля выпіскі зь лякарні.

Колькі дзён таму здароўе народнага паэта Рыгора Барадуліна рэзка пагоршылася. Ён трапіў у рэанімацыю аднаго зь менскіх шпіталёў, дзе ад 2 красавіка праходзіў плянавае лекаваньне. Але цяпер яму ўжо лепей. З рэанімацыі яго перавялі ў тэрапэўтычнае аддзяленьне, паведаміла жонка паэта спадарыня Валянціна.

“Стан ягоны палепшыўся, ужо тэмпэратуры сёньня няма і ўчора была нармальная. Але бывае 37-37, а тады раптам 38, 38 і 5. І кашаль застаўся, і галаўны боль жахлівы”.

Прычыну гэтага кашлю дактары ніяк ня могуць высьветліць дакладна. Рабілі дасьледаваньні лёгкіх, сэрца, але нічога трывожнага не знайшлі, кажа спадарыня Валянціна:

“Яны ўсё сьпіхваюць на хваробу Паркінсона, але гэта глупства, канечне. Кашаль і тэмпэратура – які гэта Паркінсон? Глупства”.

Праз кашаль Рыгор Барадулін ня змог прачытаць для нашых слухачоў новыя вершы, якія напісаў падчас лекаваньня. Але паабяцаў, што абавязкова парадуе сваіх шматлікіх прыхільнікаў адразу, як выпішацца са шпіталю. Цяпер жа папрасіў перадаць падзяку ўсім, хто хвалюецца за ягонае здароўе, і пажадаў ім здароўя і надзеі на лепшыя часы для Беларусі:

“Жадаю, каб яны былі здаровыя, вясёлыя, шчасьлівыя, каб не хварэлі і спадзяваліся на самае лепшае, таму што толькі спадзяваньне дае здароўе. Жыве Беларусь!”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG