Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Забытая крэпасьць. Ахоўваецца дзяржавай і разбураецца часам


Калі стаіш ля занядбаных бастыёнаў Бабруйскай крэпасьці, не пакідае адчуваньне, што тут вайна скончылася толькі ўчора. Для поўнай перакананасьці не стае хіба што парахавога смуроду ды варонак.

Урослыя ў зямлю цагляныя крэпасныя двухсотгадовыя ўмацаваньні вытыркаюцца зь яе вышынёй у адзін паверх. На кожнай будыніне ахоўныя шыльды “Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Ахоўваецца дзяржавай. Пашкоджаньне караецца паводле закону”. Некаторыя з шыльдаў праржавелыя. Там-сям уторнутыя, альбо паламаныя іншыя шыльды “Небясьпечна для жыцьця магчымыя падзеньні і абвалы”.

Як жа не зазірнуць у змрочныя сутарэньні. Разбураныя часам, прыродай і людзьмі яны тым ня менш уражваюць. Тоўстыя не ў адзін мэтар таўшчынёй сьцены, вокны-байніцы – паўзмрок. Адусюль рэхам разносіцца пакропваньне вады. Разумееш, што зайшоў сюды далёка ня першым паўсюль бутэлькі й кастрышчы. Відаць, што рэстаўраваць бастыёны браліся, аднак давесьці да ладу ня выпала.


Далей у глыбіню крэпаснога комплексу воінскае пахаваньне. У Другую ўсясьветную вайну на тэрыторыі крэпасьці быў канцлягер. 7 лістападу 1941 году фашысты зьнішчылі 18 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Невялікі мэмарыял з чырвонымі зоркамі. Вымецена. Сіратлівы вянок з выцьвілымі стужкамі. У двух ліхтароў скручаныя накрыўкі. Яны ляжаць
побач.

Непадалёк ад мэмарыялу праваслаўны манастыр. Яго наведніцы ў ценю падсілкоўваюцца й нешта шэптам абмяркоўваюць. Падазрона паглядаюць на чалавек з фатаапаратам.

За кляновым сквэрыкам непадалёк ад манастыра тэрыторыя кінутай вайсковай часткі. Тут ні душы. Вокны і ўваход у будынак штаба закалочаны дошкамі. Насупраць казармы. Чатыры паверхі. Відаць, што неаднойчы ўжо будынак гарэў. На сьцяне надпіс “Самавольная разборка будынка забароненая”. Скрозь асфальт і брукаванку прабіваюцца дрэўцы. Усю зарастае. Пляц таксам. Камандзірская трыбуна на ім напаўразбураная.


За казармай невялікі будынак рамантуюць вернікі пяцідзесятнікі. Тут шматлюдна. Вернікі прыязна тлумачаць, што працы яшчэ зашмат. Службы праходзяць два разы на тыдзень. Наведваюць іх па 500 чалавек.

Наводвалі яшчэ будынкі. Выглядаюць ў параўнаньні з бастыёнамі “сьвяжэйшымі”. На сьцяне аднаго з іх па-беларуску выведзена: “Падмурак першага Бабруйскага касьцёлу”. На ахоўнай шыльдзе надпіс – будынак былых казармаў. За сто мэтраў за плотам з калючым дротам камяніца. На шыльдзе чытаем “Гаўпвахта – перабудова з Езуіцкага касьцёлу 1742 году”. Агледзець былы касьцёл зь блізу не выпадае. Дзіўлюся здалёк. Высную -- прастаіць яшчэ доўга. Перажыве недарэчны паркан вакол сябе.


Патроху вяртаюся ў горад. Перад вачыма паўстае лядовы палац “Бабруйск-арэна”. Навокал прыбрана. Старыя крэпасныя будыніны адрамантаваныя. На фоне чырвонай цэглы белыя сучасныя шклапакеты выглядаюць неяк недарэчна. Як і расьцяжка з надпісам “Прадаецца”. Дзялянка вакол палаць прарэзаная ходнікамі. Людзей ня шмат. Побач усё тыя ж разбураныя бастыёны з ахоўнымі й засьцерагальнымі шыльдамі.

На пачатку дзевятнаццатага стагодзьдзя будаўніцтвам крэпасьці новыя гаспадары Беларусі – расейцы -- зьнішчылі Бабруйскае замчышча. Той жа лёс напаткаў узьведзеныя тут праваслаўныя й каталіцкія сьвятыні. У шасьцідзесятых гадах дваццатага стагодзьдзя крэпасьць пазбавілі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, бо зашмат было разбурэньняў. Потым Бабруйск стаў месцам дыслякацыі штабу Беларускай ваеннай акругі Савецкай арміі. Доступ на тэрыторыю крэпасьці для звычайных людзей быў закрыты – тут гаспадарылі вайскоўцы. Цяпер іх тут няшмат. Яны займаюць найбольш дагледжаныя крэпасныя будыніны. З узьвядзеньнем лядовага палацу пачаўся новы этап асваеньня старадаўняй бабруйскай мясьціны.




XS
SM
MD
LG