Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абменьнікі можна зачыняць, страты ніхто не адчуе”


Нягледзячы на сьвята 9 траўня, побач з абменьнікамі валюты ў Горадні надалей дзяжураць людзі. Валюты па-ранейшаму няма, але людзі чакаюць, што нехта здасьць і тады яе можна будзе набыць.

На Дзень Перамогі цэнтральныя плошчы і вуліцы ўпрыгожаныя дзяржаўнымі зялёна-чырвонымі сьцягамі, побач з помнікам невядомаму салдату адбыўся мітынг, прагучаў салют, з парка даносіцца музыка духавога аркестру.

А побач з абменным пунктам валюты на чыгуначным вакзале дзяжураць у чарзе людзі, каб набыць даляры ці іншую валюту. Вэтэранаў вайны ў чарзе не відаць, але тут людзі рознага ўзросту.

Спадар, якія стаіць бліжэй акенца абменнага пункта, кажа, што калі я хачу набыць валюту, то трэба запісацца ў чаргу. Я прадстаўляюся і цікаўлюся – як зараз тут выглядае сытуацыя? У адказ чалавек усьміхаецца:

Спадар: “На сёньняшні дзень можна сказаць, што прыток валюты ў абменьнікі "Беларусбанку" не адбываецца па прычыне таго, што людзі рэальна ацанілі курс даляра – усе хочуць ня меней за 4 тысячы за даляр. Таму абменьнікі "Беларусбанка" функцыі не выконваюць, іх можна зачыняць і ніхто страты не адчуе”.

Карэспандэнт: “Але ж людзі стаяць у чарзе?”

Спадар: “Бо спадзяюцца, што могуць набыць па нізкім курсе, але надзея таксама зьнікае”.

Карэспандэнт: “А колькі за дзень можна набыць валюты?”

Спадар: “Калі стаіш першым, то можа якіх 250 даляраў, ня болей”.

Іншы спадар дадае: “Як каму пашанцуе, але далёка ня ўсе з чаргі нешта набудуць. Нам толькі надзея застаецца”.

Падыходжу да пэнсійнага веку чалавека і пытаюся – што ён думае пра праблемы з валютай?

Спадар: “Эканоміка ў нас слабая і залежыць гэта ўсё ад “вярхоў”, ад дзяржавы, а не ад такіх простых людзей, як мы”.

У больш маладых пытаюся – як у чарзе ставяцца да вэтэранаў, ці ёсьць тут для іх нейкія ільготы? Яны ўсьміхаюцца і адказваюць, што вэтэранаў тут няма, а правілы для ўсіх аднолькавыя.

Спадар: “Я магу сказаць, што тут толькі бойкі ў асноўным, бо тут усё па запісу і запіс на дзясяткі ідзе. Так проста падысьці я не магу і купіць, бо мяне адразу адсюль выкінуць”.

Іншы спадар: “Ой, калі справа даходзіць да грошай, то нікога нічога ўжо не хвалюе, кожны, як можа, так і купляе…”.

Трэці спадар: “Ай, тут і людзям па-барабану, і ўраду па-барабану, так што так усё…”.
XS
SM
MD
LG