Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзяўся за парадак


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заклікаў наводзіць парадак у грамадзтве ў зьвязку з абставінамі выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка.

5 траўня Аляксандар Лукашэнка заслухаў чарговы даклад аб расьсьледаваньні абставінаў выбуху ў менскім мэтро. На гэты раз афіцыйныя крыніцы не падаюць ніякіх новых падрабязнасьцяў, зьвязаных з расьсьледаваньнем тэракту. Лукашэнка аднак ужо загаварыў пра аднаго «абвінавачанага». Кіраўнік Беларусі загадаў навесьці парадак ва ўсіх установах, арганізацыях, на заводах і фабрыках і наагул у грамадзтве. Адносна аналізу сытуацыі на заводзе, дзе працаваў абвінавачаны, Лукашэнка сказаў:

«Пачынаем разьбірацца, гэты чалавек мог папросту пайсьці з працы. Шарыкі, ролікі, арматуры нарэзаць, набраць. І займацца сваімі справамі, у тым ліку выпрабоўваць выбуховыя прыстасаваньні ў лясах. І ніхто, нібыта, гэта ня бачыў. Усё гэта трэба спыніць. Паставіць жорстка. У нас вопыт у савецкія часы ёсьць. Часоў Андропава. Падабаецца гэта некаму ці не, але прыкладна так мы павінны прымусіць кожнага працаваць».

У нас вопыт у савецкія часы ёсьць. Часоў Андропава. Падабаецца гэта некаму ці не, але прыкладна так мы павінны прымусіць кожнага працаваць.
Паводле Лукашэнкі, прычыны, якія садзейнічалі злачынству, палягаюць ня толькі ў недапрацоўцы праваахоўных органаў. Маўляў, «ва ўстановах адукацыі і на прадпрыемствах беспарадку больш, чым трэба».

Камэнтуючы настальгію па часах Андропава, былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб сказаў, што гэта даўно забытае старое:

«Мацаваць дысцыпліну, прымушаць людзей працаваць, пад прымусам — гэта ніколі нічога не давала. Я падтрымліваю ідэю, каб на кожнай вытворчасьці, у арганізацыі была пэўная дысцыпліна. Але прымусова гэта зрабіць вельмі цяжка. Хто б за ўсю гісторыю, у Расейскай імпэрыі ці ў іншых краінах, не спрабаваў гэта зрабіць, ні ў кога гэта не атрымлівалася. Трэба шукаць іншыя падыходы, каб людзі былі зацікаўленыя ў сваёй працы. Тады ня трэба будзе стаяць над імі з палкай і зь бізуном. Нават у канцлягерах, калі над людзьмі стаялі розныя назіральнікі, усё роўна людзі сачкавалі і не рабілі ўсе, што ім загадвалі».

Спадар Грыб мяркуе, што гэта ня мае дачыненьня да тэрарызму, бо людзі маглі быць і беспрацоўнымі і «ўчыніць сваю чорную справу». Камэнтаваць расьсьледаваньне справы аб выбуху ў менскім мэтро спадар Грыб адмовіўся, бо мае адмысловае папярэджаньне пракуратуры.

Раней, падчас сустрэчы з журналістамі, начальнік сьледчай управы Генпракуратуры Андрэй Швед паведаміў, што двум падазраваным па справе аб выбуху прад’яўленыя абвінавачаньні, пачатыя некалькі крымінальных спраў. Аднаму з падазраваных сьледзтва прад’явіла абвінавачаньне адносна выбухаў 14 і 22 верасьня 2005 году ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 году ў Менску. Паводле Шведа, гэтыя злачынствы ўчыніў як мінімум адзін чалавек. Дагэтуль афіцыйна не названыя прозьвішчы. У прэсе фігуруюць імёны Дзьмітрыя Канавалава і Ўлада Кавалёва. Ім па 25 гадоў, яны сябруюць са школы, расьлі ў адным двары. Нейкіх дадзеных пра магчымых замоўцаў ці арганізатараў тэракту сьледзтва пакуль ня мае. Па справе праходзяць яшчэ чацьвёра падазраваных. Паводле мэдыяў, былі затрыманыя старэйшы брат і бацька асноўнага падазраванага, які працаваў у Віцебску токарам. Потым бацьку і брата вызвалілі. Яшчэ адзін падазраваны ў тэракце, сусед-цясьляр, таксама на волі. Ня выключана, што вызвалілі і сяброўку галоўнага абвінавачанага, студэнтку прыватнай ВНУ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG