Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы з асужданых за Плошчу Васіль Парфянкоў паведаміў, як да яго ставяцца ў калёніі. Зьміцер Бандарэнка падаў скаргу на прысуд. Прыйшоў ліст ад палітвязьня Дзьмітрыя Новіка. Аляксандра Фядуту наведваюць ў хаце мэдыкі. Як пачуваецца напярэдадні суду Ірына Халіп?

Васіль Парфянкоў, якога ў лютым першага з удзельнікаў Плошчы асудзілі на 4 гады зьняволеньня, даслаў з Аршанскай калёніі ліст маці актывіста Мікіты Ліхавіда Алене:

«Ён піша, што ў яго ўсё добра, іншыя асуджаныя ставяцца да яго з разуменьнем і павагай. Як яны самі кажуць, яны сядзяць кожны за сваё, а я за сваю Беларусь. Яшчэ піша, што з боку адміністрацыі таксама асаблівых праблем не ўзьнікала, што „яны таксама людзі і ўсё разумеюць“. Далей піша: „Трэба верыць, што прыйдзе час і ўсе мы, беларусы, пад адным сьцягам здабудзем нарэшце такую жаданую свабоду для ўсяго беларускага народа. Таму за мяне не перажывайце, сілы і духу ўва мне яшчэ хопіць надоўга. Яшчэ раз ад усяго сэрца дзякую за падтрымку. Жыве Беларусь! Васіль Парфянкоў“.
За мяне не перажывайце, сілы і духу ўва мне яшчэ хопіць надоўга.

Алена Ліхавід лістуецца і зь іншымі палітвязьнямі. У прыватнасьці ёй ліст даслаў таксама Дзьмітрый Новік, якога асудзілі ў пачатку сакавіка разам з Алесем Атрошчанкавым і Аляксандрам Малчанавым. Новік будзе адбываць 3,5 году ў Шклоўскай калёніі.

Алена Ліхавід: Піша: „дзякуй за цёплыя словы, перакананы, што такая падтрымка неабходна ўсім рэпрэсаваным… Ваш сын не адзінокі ў сваіх пакутах, нас ужо шмат“. Піша, што ён адзін са змагароў за вольную Беларусь, што толькі сапраўдныя патрыёты краіны здольны на пэўныя дзеяньні дзеля сваёй Радзімы. Піша, каб не спадзявалася на касацыйныя суды, што пытаньне вызваленьня хутчэй залежыць ад Эўразьвязу і ЗША».

Сын Алены Ліхавід Мікіта, які быў асуджаны на 3,5 году зьняволеньня, спрабаваў аспрэчыць прысуд у Менгарсудзе, але безвынікова. Мікіта ўсё ж зьбіраецца падаць скаргу ў Вярхоўны суд. 7 траўня Мікіту Ліхавіда з «Валадаркі» адправілі ў калёнію ў Наваполацк.

Пра Дзьмітрыя Новіка згадваў у судзе экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, якога пачалі судзіць 5 траўня ў Фрунзенскім судзе. З Новікам, які да арышту працаваў у замежным пасольстве, Някляеў сядзеў у адной камэры. Паводле Някляева, Дзьмітрыя Новіка сьледчыя падазравалі нават у шпіянажы. Каб даказаць, што не шпіён, маладому чалавеку давялося даваць паказаньні на дэтэктары хлусьні.

Працэс над Уладзімерам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Настай Палажанкай, Аляксандрам Фятудам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком быў спынены і перанесены на 10 траўня з-за рэзкага пагаршэньня стану здароўя Аляксандра Фядуты. 7 траўня жонка абвінавачанага Марына паведаміла «Свабодзе»:

«Да Сашы сёньня прыходзіла мэдычная сястра, зрабіла ўкол і зараз ён сьпіць. Спадзяюся, усё будзе добра».

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка, якога асудзілі на 2 гады зьняволеньня, 6 траўня падаў скаргу на прысуд. «Муж яшчэ ў СІЗА КДБ і, верагодна, да разгляду скаргі яго ў калёнію не забяруць», — паведаміла жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка.

Маці актывіста «Маладога фронту» Эдуарда Лобава Марына Лобава кажа, што дзень разгляду касацыйнай скаргі яе сына, а таксама скаргі Зьмітра Дашкевіча на прысуд яшчэ не прызначаны.
Ірына трымаецца, мужна і годна. Я проста ганаруся сваёй дачкой.

На судзе над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым ягоныя абаронцы прапанавалі выклікаць у суд у якасьці сьведкі жонку палітыка, журналістку Ірыну Халіп, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам. Як пачуваецца Ірына, пытаюся ў бацькі журналісткі Уладзімера Халіпа?

«Ірына трымаецца, мужна і годна. Я проста ганаруся сваёй дачкой. Я мужчына, былы вайсковы чалавек, але я б такога ня вытрываў».

Судзіць Ірыну Халіп пачнуць 11 траўня разам з Паўлам Севярынцам і Сяргеем Марцалевым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG