Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Наш калега Валер Каліноўскі асьвятляў некалькі працэсаў з судоў за Плошчу. Ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі аб умовах, у якіх адбываецца працэс над Андрэем Саньнікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікамі пратэстаў 19 сьнежня.

Знаткевіч: У якіх умовах адбываецца гэты працэс? Учора было паведамленьне, што судзьдзя прапанавала працягнуць паседжаньне да дзясятай вечара, пры тым, што абвінавачаныя ад раніцы да вечара і так у судовай залі, бязь ежы...

Каліноўскі: Трэба сказаць, што гэта быў выключны выпадак учора, калі судзьдзя па нейкіх надуманых прычынах хацела прадоўжыць працэс пасьля 18.00. Да таго ўсе судовыя працэсы канчаліся роўна а шостай, і судзьдзя паводзіла сябе больш-менш карэктна. Будзем спадзявацца, што гэты выпадак стаў выключэньнем.

Знаткевіч: А чым яна тлумачыла патрэбу працягнуць паседжаньне да 22.00?

Каліноўскі: Яна казала, нібыта той вялікі экран і прайгравальнік, на якім можна паглядзець дыскі - яна ня можа іх доўга трымаць у гэтым памяшканьні. Але ўжо сёньня, напрыклад, цэлы дзень гэтая тэхніка стаяла бяз працы, бо сёньня разглядаліся сьведчаньні пацярпелых і сьведкаў. Таму выглядае, што ніякіх падставаў яна ня мела.

Знаткевіч: Але ў звычайныя дні ў любым выпадку абвінавачаныя ня маюць магчымасьці пад'есьці ў абедны перапынак?

Каліноўскі: Не, яны ня могуць пад'есьці ў абед, хоць на яго заўсёды даецца нейкая гадзіна. Пратэстуюць маці падсудных, іх сваякі, патрабуючы, каб тую ежу прывозілі з Акрэсьціна, з Валадарскага. Але людзі фактычна галадаюць, і Андрэй Саньнікаў учора сказаў, што ня можа далей удзельнічаць у працэсе, бо ён галодны - ад сёмай раніцы ня еў. Яны ня маюць таксама магчымасьці выйсьці на прагулку, якую звычайна маюць зьняволеныя ў турме, ня могуць схадзіць у душ. І калі яны прыяжджаюць назад з суду вельмі позна, яны могуць і не павячэраць.

Знаткевіч: З вашага досьведу працы на судовых працэсах - наколькі гэта тыпова, што людзі ня маюць магчымасьці нават пад'есьці?

Каліноўскі: Так адбываецца заўсёды, такая ўжо беларуская праваахоўная сыстэма. Выглядае, што яна абараняе правы некага іншага, а ня тых людзей, якія фактычна могуць спадзявацца толькі на дзяржаву. Ня кормяць нідзе і вельмі жорстка абыходзяцца з тымі, хто сядзіць за кратамі.

Знаткевіч: Таксама былі скаргі, што падчас гэты судовых працэсаў вельмі душна, у залях не хапае паветра.

Каліноўскі: Я магу пацьвердзіць, што ў той залі, дзе праходзіць суд на Саньнікавым і іншымі чатырма палітвязьнямі, сапраўды вельмі душна, вельмі рэдка адчыняюцца тыя форткі. Асабліва душна па абедзе, бо гэта сонечны бок Дома правасудзьдзя. І ўвесь час, калі маці Мірзаянава Людміла просіць адчыніць гэтыя форткі, ахоўнікі кажуць, што яны ня маюць дачыненьня да будынку, а судовыя распараджальнікі ўвесь час забываюць адчыніць тыя форткі. Даводзіцца ўвесь час патрабаваць, каб адчынялі форткі, каб людзі ня млелі. Дзякаваць богу, апошнія дні нейкія прахалодныя, дык ужо ня так цяжка пераносіць гэтую задуху.

Знаткевіч: Ранейшыя працэсы над удзельнікамі пасьлявыбарчага пратэсту цягнуліся ўсяго пару дзён. А гэты - ужо тыдзень. Ён неяк адрозьніваецца ад ранейшых працэсаў?

Каліноўскі: Безумоўна, гэта зусім іншы працэс, ён выглядае больш "абгрунтавантым", кожны раз, як заканчваецца працэс, судзьдзя паказвае, што яна як бы "нэўтральная", часам задавальняе хадайніцтвы з аднаго і другога боку, нікуды не сьпяшаецца... Прычына гэтага ў тым, што артыкул, паводле якога абвінавачваецца адзін з тых, хто сядзіць на лаве падсудных - "арганізацыя масавых беспарадкаў" – прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў турмы, што на лаве падсудных - першы з кандыдатаў на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, што да гэтага працэсу вялікая ўвага міжнароднай супольнасьці, праваабаронцаў, грамадзтва. Відаць, улады спрабуюць удаваць, паказаць, што яны законна разглядаюць гэтую справу. Так што тут умовы больш "камфортныя". У папярэдніх судах - над "звычайнымі" ўдзельнікамі Плошчы - мне як журналісту часам не было магчымасьці схадзіць у прыбіральню, бо судзьдзя праводзіла паседжаньні ад 14.00 да 20.00, завяршаючы часам у 21.00, і адносіны да ўдзельнікаў працэсу былі больш жорсткія.

Знаткевіч: Раней была інфармацыя пра ціск на адвакатаў, якія меліся абараняць удзельнікаў гэтых працэсаў. Як працуюць адвакаты на гэтым працэсе?

Каліноўскі: У мяне толькі самыя лепшыя словы аб дзейнасьці шасьці адвакатаў, якія працуюць на гэтым працэсе, яны вельмі дапытліва, вельмі ўважліва зважаюць на кожную дэталь, увесь час зьвяртаюцца зь нейкімі хадайніцтвамі, сочаць за працэсам, абараняюць сваіх кліентаў як могуць. Я проста захоплены іхнымі здольнасьцямі да працы ў такіх складаных умовах, у той самай задушлівай атмасфэры, у тым нудным працэсе, калі тыя самыя паліцыянты ці супрацоўнікі ДАІ даюць амаль тыя самыя паказаньні - але адвакаты здольныя своечасова спыніць іх, зрабіць заўвагу, пабачыць нейкае рацыянальнае зерне, якое паказвае, што тыя ня маюць рацыі і блытаюцца ў сваіх паказаньнях. Я лічу, што родныя гэтых людзей зрабілі вельмі добры выбар, паклікаўшы такіх адвакатаў.

Знаткевіч: Фактычна на ўсіх працэсах супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў - тыя самыя сьведкі. А ці абвінаваўцы таксама ходзяць з аднаго працэсу на другі?

Каліноўскі: Так, такія прыклады ёсьць. Прынамсі на адным з судоў я бачыў пракурора з папярэдняга. Ну а што да пракурора на працэсе супраць Саньнікава і чатырох - ён вельмі малады, не скажу, што кваліфікаваны, часамі выглядае нават слабым пракурорам у параўнаньні з тымі сур'ёзнымі адвакатамі, якія вядуць супраць яго спаборніцтва. Ну але выглядае, што ў рэшце рэшт гэты малады пракурор мае моцную падтрымку з боку судзьдзі.

Знаткевіч: Значыць, выглядае, што судзьдзя лепш рэагуе на нейкія прапановы боку абвінавачаньня, чым на прапановы абароны?

Каліноўскі: Першыя дні судзьдзя спрабавала ўдаваць аб'ектыўнасьць і ўзважанасьць, але цяпер яна ўхваляе амаль стопрацэнтна хадайніцтвы пракурора і толькі каля паловы хадайніцтваў адвакатаў.

Знаткевіч: Назіраючы за гэтым працэсам, ці бачыце вы, што ён ідзе па тым самым сцэнары, што і ранейшыя, і што фактычна абвінаваўчы прысуд ужо перадвызначаны? Або могуць быць нейкія нечаканасьці?

Каліноўскі: Да нечаканасьцяў я б мог аднесьці, напрыклад, сьведчаньне аднаго зь сьведкаў з боку абароны Пятра Кучка, які сфатаграфаваў Плошчу пасьля разгону дэманстрантаў і засьведчыў, што матэрыялы справы аб тым, што там былі розныя ледарубы і каністры з запальнай сумесьсю, фактычна сфальшаваныя. Ці паўплываюць такія сэнсацыйныя сьведчаньні? Ці паўплываюць намаганьні адвакатаў, абарона саміх падсудных на рашэньне суду? Шчыра кажучы, тут вельмі вялікія сумневы, і ня толькі ў мяне, але і ва ўсіх тых, хто назірае за гэтым працэсам, бо беларуская судовая сыстэма мае вельмі трывалую рэпутацыю карнай сыстэмы, залежнай ад выканаўчай улады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG