Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды на палітвязьнямі: народная салідарнасьць


Маці палітвязьня Фёдара Мірзаянава разам з яго аднакурсьнікамі ў залі суду

Маці палітвязьня Фёдара Мірзаянава разам з яго аднакурсьнікамі ў залі суду

Суды над удзельнікамі Плошчы ёсьць выпрабаваньнем не толькі для палітвязьняў і іх сем’яў, але і для грамадзтва ў цэлым. Аб праявах народнай салідарнасьці распавядае наш карэспандэнт Валер Каліноўскі, які цягам двух апошніх тыдняў сочыць за крымінальным працэсам над Андрэем Саньнікавым, Ільлём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Ўладзімерам Яроменкам.

Штодня на працэс за Плошчу ў Партызанскім раённым судзе Менску прысылаюць 20-30 актывістаў БРСМ — ці то са школы міліцыі, ці зь нейкага ПТВ. Яны займаюць апошнія тры шэрагі залі, дзе праходзіць працэс над Андрэем Саньнікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікам Плошчы. Гэта арганізавана, каб паменшыць колькасьць людзей, якія маглі б прыйсьці на суд і тым самым падтрымаць палітвязьняў. Пад выглядам такіх актывістаў БРСМ у залю штодня праскоквае і 4-6 студэнтаў БДЭУ — аднакурсьнікаў і сяброў аднаго з падсудных Фёдара Мірзаянава. Яны пільна сочаць за працэсам і нават вядуць праз «твітэр» онлайн-рэпартаж для ўсяго курсу.

Студэнты ўсьведамляюць, што могуць пацярпець за сваю салідарнасьць, хоць кажуць, што выкладчыкі на іх баку, і што прыходзяць яны толькі тады, калі няма заняткаў. Гаворыць адна зь іх, Яна:

«Мы таксама баімся, мы таксама хвалюемся за сябе. Аднак мы хвалюемся і за нашага сябра, які там апынуўся. Мы бачылі зараз на відэа, што ён нічога дрэннага не рабіў, што ён толькі хацеў выказаць свае думкі. І таму мы спадзяемся, што нашая падтрымка яму дапаможа трымацца на судзе».

Сябры Фёдара Мірзаянава падтрымліваюць і ягоную маці Людмілу.

«Я пазнаёмілася з аднагодкамі Фёдара і пазнала іх добра, толькі калі ў дом пастукалася бяда. Я чула пра іх, але яны зьявіліся ў мяне самі. Як толькі Федзя апынуўся ў бядзе, яны адразу сказалі: мы ведаем Фёдара, ён ня мог нічога крымінальнага зрабіць. Яны прыйшлі да мяне дахаты зімовым вечарам зь вялікім букетам белых кветак. Прынесьлі гарбату, цукеркі і былі ў мяне каля 5 гадзін».
Каныгін: Сыстэма страшная сваёй жорсткасьцю і моцай, павернутай супраць чалавека і здольнай любога невінаватага выставіць апошнім злачынцам.

Маці былога палітвязьня Андрэя Кіма Тацяна кожны раз, заходзячы ў судовую залю, дзе ў клетцы сядзяць Фёдар Мірзаянаў, Андрэй Саньнікаў ды іншыя, вітаецца з палітвязьнямі: «Хрыстос уваскрос!» Яна кажа, што адчувае, нібыта другім разам праходзіць шлях маці палітвязьня — шлях бясьсільля, калі адчуваньні надзеі пераўтвараюцца ў расчараваньне:

«Я-та ўжо так не расчароўваюся, але я разумею: як яны, якія верылі да апошняга, што ў нас ёсьць суды, да апошняга верылі, што ў нас ёсьць законы, сябе адчуваюць… А цяпер, калі ў іх усё болей расплюшчваюцца вочы, мне іх настолькі шкада!»

Тацяна Кім захопленая тым, як трымаюцца на судах людзі, якіх судзяць за Плошчу:

«Я прыходжу на суды, каб падтрымаць усіх абвінавачаных, каб яны бачылі, што людзі іх любяць, помняць, ганарацца імі».

На працэсах вязьняў Плошчы заўсёды прысутнічаюць і замежнікі: дыпляматы, праваабаронцы, журналісты. Амаль на ўсіх пасяджэньнях у справе Андрэя Саньнікава пабываў карэспандэнт маскоўскай «Новой газеты» Павел Каныгін. Журналісты газэты зьбіраюцца асьвятляць і суд супраць свайго менскага карэспандэнта Ірыны Халіп, іншых палітвязьняў. Пра свае ўражаньне ад беларускага правасудзьдзя спадар Каныгін распавёў:

«Спэктакль — гэта неяк мякка сказана. Творыцца тое, што цяжка ўявіць. Хочацца ўстаць і сысьці… Гэта нейкае трызьненьне. Але потым ты сядзіш далей, услухоўваесься, пагружаесься ў гэта, і становіцца страшна. Сыстэма страшная сваёй жорсткасьцю і моцай, павернутай супраць чалавека і здольнай любога невінаватага выставіць апошнім злачынцам — як тут, калі на лаве падсудных апынуліся невінаватыя людзі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG