Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці зьявіліся новыя тэндэнцыі ў судовых працэсах над палітвязьнямі?


Працягваюцца судовыя працэсы па справе 19 сьнежня. У чым асаблівасьці гэтых судоў? Ці зьявіліся новыя абставіны? Ці дасягаюць улады такімі працэсамі сваёй мэты?

Удзельнікі: віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Алесь Бяляцкі
Алег Гулак
Валер Карбалевіч

Новы грамадзка-палітычны фон судовых працэсаў


Валер Карбалевіч: «Улады ў фарсіраваным тэмпе імкнуцца завяршыць справу 19 сьнежня судовымі прысудамі. Судовыя працэсы адбываюцца амаль што канвэерам. Прычым за той час, які прамінуў ад пачатку першых судоў, зьмяніўся грамадзкі фон.

Вось, напрыклад, здарыўся тэракт. І ў параўнаньні з гэтым злачынствам падзеі 19 сьнежня, нават пабітыя дзьверы Дома ўраду, выглядаюць нявінна.

Зь іншага боку, у краіне пачаўся валютны, эканамічны крызіс. Людзі незадаволеныя. І шмат хто можа памяняць сваю ацэнку падзеяў 19 сьнежня. Маўляў, калі ўрад такі бездапаможны, то разьбітыя дзьверы ў будынку ўраду — гэта невялікі грэх. Ці паўплываў гэты новы грамадзкі фон на ход судовых працэсаў?».

Алесь Бяляцкі: «Пасьля тэракту ўзьнялася гістэрыя ў дзяржаўных мэдыях. Лексыка кіраўнікоў краіны стала ваеннай. Гучалі словы „паклёп“, „распаўсюд непраўдзівай інфармацыі“, „пятая калёна“. Гэта стварыла неспрыяльны фон для працэсаў па справе 19 сьнежня. Пасьля тэракту спадзяваньні на тое, што суды могуць пайсьці па шляху зьмякчэньня прысудаў, зьніклі. Прысуды ў чацьвер пяці ўдзельнікам падзеяў 19 сьнежня гэта пацьвердзілі.

Мы бачым, што судзьдзі трымаюцца за артыкул 293 Крымінальнага кодэксу („масавыя беспарадкі“). Усе спробы і адвакатаў, і сьведкаў, і саміх абвінавачаных пераканаць, што масавых беспарадкаў не было, натыкаюцца на неразуменьне судоў. Людзі атрымліваюць вялікія тэрміны зьняволеньня (3–4 гады). Таму ў мяне сумныя прагнозы на прысуды па гэтых працэсах. Бачна, што ўлады выбралі лінію на эскаляцыю канфлікту з апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю, Захадам».
Бачна, што ўлады выбралі лінію на эскаляцыю канфлікту з апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю, Захадам.


Алег Гулак: «Фактычна краіна знаходзіцца ў надзвычайным становішчы, хоць яно фармальна не абвешчана. А пасьля тэракту і ўзьнікненьня валютных праблем гэтае надзвычайнае становішча толькі ўзмацняецца. У такім становішчы знаходзяцца і самі дзяржаўныя інстытуты (праваахоўныя органы, спэцслужбы, суд). Таму разьлічваць на рэальнае выйсьце з гэтага тупіка не выпадае».

У чым асаблівасьці гэтых судоў?


Карбалевіч: «Ці можна заўважыць нейкія новыя тэндэнцыі цяперашніх судовых працэсаў па справе 19 сьнежня ў параўнаньні з папярэднімі? Можа, ёсьць нейкія асаблівасьці? Ці можна сказаць, што прысуды сталі больш мяккімі ці больш жорсткімі? Ці нейкай новай тэндэнцыі не заўважна?»

Бяляцкі: «Да канца не зразумелы сэнс перакваліфікацыі абвінавачаньня шэрагу падсудных на мякчэйшыя артыкулы Крымінальнага кодэксу. Трэба пачакаць заканчэньня ўсіх працэсаў. Вось Бандарэнка, нягледзячы на перакваліфікацыю, атрымаў два гады калёніі. Мне падаецца, прычына гэтай перакваліфікацыі простая: у адносінах да гэтых людзей нічога не знайшлі, ніякіх сур’ёзных абвінаваўчых фактаў.

Увогуле, трэба сказаць, што суды выконваюць ролю марыянэтак. Яны не самастойныя. А падпісваюць рашэньне, прынятае, думаю, у адміністрацыі прэзыдэнта, а магчыма, і асабіста Лукашэнкам. Гэта вельмі нагадвае расправу.

На судзе над Саньнікавым я выступаў сьведкам, гаварыў каля 40 хвілін. І бачыў, што месцамі судзьдзя ўвогуле ня слухала. І не задала мне ніводнага пытаньня. І ў мяне такое ўражаньне, што прысуд ужо ёсьць, а судзьдзя проста праганяе гэты працэс, каб выканаць фармальнасьці».

Гулак: «Прынцыпова гэтыя суды не адрозьніваюцца ад тых, што прайшлі раней. Тая ж самая абсалютная недаказанасьць віны. Хіба што можна адзначыць зьмяншэньне сумы пазоваў аб матэрыяльнай шкодзе ў параўнаньні з тымі, якія фігуравалі падчас сьледзтва.
Сутнасьць гэтых працэсаў — запалохваньне грамадзтва.

Затым, больш актыўную пазыцыю займалі адвакаты. Яны вылучалі хадайніцтвы аб дапаўненьні матэрыялаў сьледзтва, прыцягненьні новых доказаў. Суды адмовілі са спасылкай на тое, што доказаў дастаткова. І тым самым паказалі сваю сутнасьць, абвінаваўчы ўхіл.

А перакваліфікаваньне абвінавачаньня на мякчэйшы артыкул было выкарыстана беларускай дыпляматыяй, каб паказаць Эўропе зьмякчэньне пазыцыі кіраўніцтва краіны.

Яшчэ трэба адзначыць, што статусныя апазыцыянэры атрымалі больш, чым шараговыя ўдзельнікі акцыі 19 сьнежня. Гэта ўпісваецца ў лёгіку гэтых працэсаў, сутнасьць якіх — запалохваньне грамадзтва».

Ці дасягаюць улады такімі працэсамі сваёй мэты?


Карбалевіч: «Вось у працяг гэтай апошняй думкі, якую выказаў сп. Гулак. Ці дасягаюць улады сваіх мэтаў гэтымі судамі, прысудамі? Напрыклад, узмацненьня страху? Па тым, у якім фармаце апазыцыя правяла сёлета традыцыйныя акцыі на Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях, ці можна казаць, што дзеяньні ўладаў па запужваньні даюць свой эфэкт?»

Бяляцкі: «Цяжка казаць нешта пэўнае. Бо гэтыя акцыі апазыцыі не былі паказальнымі. Партыі і грамадзка-палітычныя рухі знаходзяцца не ў найлепшым стане.

Але эканамічны крызіс вядзе да таго, што ступень напружаньня ў грамадзтве будуць вызначаць ня гэтыя структуры. У грамадзтве пачалося хістаньне. Бо калі праблемы пачнуцца ў соцень тысяч людзей, то ўлады не дадуць рады».

Карбалевіч: «Магчыма, сапраўды ўладам хутка будзе не да апазыцыі. Аднак вось афіцыйна паведамлена, што 600 тыс. чалавек страцілі працу ў выніку крызісу. Але ніякіх сацыяльных пратэстаў ці канфліктаў мы ня ўбачылі».

Гулак: «Людзі не жалезныя, канечне ж, страшна. Іншае пытаньне, ці можна з дапамогай страху ўвесь час трымаць грамадзтва ў падпарадкаваньні. Гісторыя паказвае, што гэта ня так. Сацыяльна-эканамічныя чыньнікі будуць адыгрываць першую ролю. Цікавы факт: попыт на інфармацыю вырас у параўнаньні з сытуацыяй пасьля 19 сьнежня».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG