Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мне давялося працаваць у чатырох газэтах, закрытых у нашу апошнюю “сямнаццацігодку”. Пад пытаньнем цяпер “Наша Ніва”, зь якой таксама моцна зьвязаны асабіста. Калі ты маеш журналісцкую прафэсію, у цябе здараюцца раманы з газэтамі, кожная пакідае ў душы незабыўны сьлед.

“Наша Ніва”


“Першую беларускую газэту з рысункамі” ўдалося адрадзіць дваццаць гадоў таму. Цяпер яе закрыюць, бо мова менавіта аб закрыцьці, перашкаджае яна… Каб нейк пратэставаць, прапануецца даслаць у міністэрства лісты супраць. Я задумаўся. Дасылаць ліст тым, хто не выклікае ў цябе даверу, хто пагарджае табой? Ды яшчэ зьвяртацца па “імені-отчэству”?

Нішто ня новае пад Сонцам зь Месяцам. “Нашу Ніву” судзілі на розны капыл. Зьвесткі сталі энцыкляпэдычнымі. Цэнзура: публікацыі могуць “моцна ўсхваляваць малаінтэлігентнага чытача беларускай газэты і выклікаць у яго непавагу да суду, паліцыі, земскага начальніка, памешчыка, войска, да законаў дзяржавы і зрабіць яго ахвяраю злачыннай прапаганды”. Але выжывала нейк, спынілася “Наша Ніва”, калі немцы прыйшлі ў Вільню. Была спроба працягнуць выданьне ў 1920-м. Але польская вайсковая цэнзура паставіла крыж.

Ясна, і ўлада ня тая сёньня, і газэта іншая, зьмест яе, і час адрозны, і чытачы… І краіна, само сабой. Але што гэта мяняе, калі “Нашу Ніву” зноў закрыюць? Яе, зь якой выйшла беларуская літаратура, усё адраджэньне?! “Газэту ўсіх беларусаў”, як называла яе рэдакцыя.

Сёньняшняя “Наша Ніва” пратрымалася ўдвая болей, чымся тая, першая, царскага часу. Але спакойна жыць не давалі. Немы подзіў выклікаў аднойчы спрыт рэжыму: забараніць прадаваць “Наша Ніву” (разам з “Народнай Воляй”, канечне), а затым з фанабэрыяй, як панскую ласку робячы, дазволіць. З карысьлівай, ясна, мэтай. Працы на паўгроша, а плата — мільярды эўра ад расчуленай Эўропы. Міжвольнае пытаньне: яна, Эўропа, на “рэклямацыю” ці мае права, ці вернутыя грошыкі?

Пішы, не пішы


Чаму ліст у міністэрства не выклікае ў мяне надзеі?

У Лідзе ня стала Аляксандра Жалкоўскага, ён быў хіба першым чалавекам, які размаўляў па-беларуску, каго я сустрэў у жыцьці. Ён рэдагаваў мясцовую газэту, яна выходзіла па-беларуску, наклад — дваццаць тысяч. Потым ад беларускай мовы засталіся толькі шыльда і выходныя зьвесткі. Жалкоўскі напісаў у міністэрства: чаму ў газэце пазначана, што выдаецца на дзьвюх мовах, але на беларускай максымум адна дробная нататка? Крыўдна яму стала, прызнаўся ён мне тады. Нечакана -- капэрта зь міністэрства. Адказ станоўчы: рэдакцыі абвесьцяць папярэджаньне!

Але нічога не памянялася. Я зазірнуў у газэту: наконт моваў выданьня — больш ні слова. Гэта нумар з караценькім нэкралёгам, пра Жалкоўскага напісана: “Ён застанецца ў нашай памяці і нашых сэрцах”. Так-так: на беларускай мове яшчэ толькі адна нататка.

Газэта “ў лічбе”


Стваральнік сеціўнай старонкі kamunikat.org Яраслаў Іванюк кажа, што пачалі яны ў лічбавым фармаце зьмяшчаць нумары “Нашай Нівы” і “Свабоды”, з пачатку 1990-х. Цяжка: пажоўклая папера, на згінах літары трэба аднаўляць. Днямі ён паказаў беларускую сеціўную бібліятэку ў Горадні. На экране разгортваецца інтэрнэт-старонка зь першым нумарам адноўленай Сяргеем Дубаўцом “Нашай Нівы”. Іванюк кажа — ну, вось — здымак Астраўцова, паказваючы ў мой бок, і я махаю з месца рукой.

На першай старонцы пачатак маіх “Мытых яблык”, апавяданьня пра 1968-ы, і здымачак. Кагосьці ён раздражніў у той час — у 1991-м, быццам ордэн незаслужана прышпілілі мне. Але для мяне гэта азначала толькі тое, што буду пісаць у дзьве рукі ў “Нашу Ніву” — як журналіст і як літаратар. Пра жыцьцё ў сваім горадзе я апавядаў у розных жанрах. Праз 17 гадоў спыніўся, выбраў колькі дзясяткаў тэкстаў — “газэтныя апавяданьні”, эсэ, зацемкі, рэпартажы, атрымалася кніга “Каты Ёзафа Ратцынгера”.

Але кропку не паставіў. Цяпер гэта быў ужо сайт “Нашай Нівы” і мой блог на ім. 140 эсэ, розных па форме — рэпартаж, унутраны маналёг, напрыклад. У бягучым парадку пра чалавека ў каралеўскім некалі горадзе, пра пачуцьці, згадкі, зьмены, часта нестаноўчыя. Тэксты пісаліся як кніга. Так іх і чыталі: ня ў першыя толькі дні, як бывае з газэтай, а вяртаючыся праз год-два. Спачатку зьдзіўлялі прыемна дзьве-тры тысячы чытачоў. Потым тэксты прачытвалі па пяць-шэсьць, сёньня зазірнуў: нават часам сем тысяч.

Што будзе далей? Толькі інтэрнэт? Падпольле? Вяртаньне на стагодзьдзе? Не, амаль на два -- да «Запісак з падпольля»?

Мне давялося працаваць у чатырох газэтах, закрытых у нашу апошнюю “сямнаццацігодку”. Пад пытаньнем цяпер “Наша Ніва”. Пятая. Для беларусаў больш чым газэта. Закрыць яе, загнаць у падпольле – значыць, закрыць і загнаць у падпольле тое, што яна стварыла. Нацыю, культуру, грамадзтва.
XS
SM
MD
LG