Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Паглядзела на цэны – і страціла прытомнасьць"


Цягам апошніх тыдняў у Беларусі працягваецца імклівы рост цэнаў на харчовыя тавары як замежнай, так і айчыннай вытворчасьці. Гэта — цяплічныя памідоры й агуркі, рыба, макароны, крупы і многае іншае.

Паводле афіцыйных дадзеных, рост цэнаў у Менску за тыдзень дасягнуў 16—17 працэнтаў, у рэгіёнах ён яшчэ вышэйшы. Каб дасьледаваць сытуацыю і яе прычыны, рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды" наведалі крамы й рынкі, пагутарылі з гандлярамі ды пакупнікамі.

ВІЦЕБШЧЫНА


Нават у Маскве харчы таньнейшыя, чым у Воршы

На Радаўніцу да аршанскай пэнсіянэркі спадарыні Ганны прыяжджалі маскоўскія сваякі. Паход па крамах іх уразіў:

"Прыяжджалі на тыдзень госьці-масквічы, дык мы зь імі праехаліся па крамах. О-ой, кажуць, якая ў вас тут дарагая гародніна і садавіна! А што тычыцца нас, беларусаў, дык мы падаражэньне адчуваем штодня: калі б у краму ні пайшоў, дык увесь час новыя цэньнікі. На ўсё — на хлеб, на батон, на крупы… Адно цукар пакуль трымаецца, але гэта як будзе сэзон, дык і ён пойдзе — у сэзон цукар заўжды даражэе".

У маскоўскіх пэнсіянэраў і пэнсіі большыя, кажа спадарыня Ганна, таму выпадак у аршанскай краме напярэдадні Радаўніцы яны згадвалі да самага ад’езду:

"Бабуля ўзяла кулічык, падышла да касы. Ёй кажуць: "Пяць тысяч". Дык яна пайшла ды паклала назад. У Маскве, кажуць, тыя булкі нашмат таньнейшыя… Ай, цяжка жыць! Толькі што ж рабіць?".

У Віцебску разьбіраюць танныя прадукты

Некаторыя бачаць адзінае выйсьце ў тым, каб па магчымасьці назапасіць прадуктаў, якія штодня даражэюць. Жыхарка Віцебску спадарыня Натальля назірала такую карціну:

"У нас у Віцебску я такое бачыла ўпершыню. Па тэлевізары мы бачылі, што ў Менску былі пустыя паліцы да падвышаны попыт на тое і на гэта… А вось у нашай правінцыі, думала, усё спакойна… Але ж пайшла ў краму, дык на паліцы з макаронай — мэтар пустога месца, аўсянку паразьбіралі, бо гэта, мусіць, самыя танныя крупы… Разьбіраюць усё, бо баяцца падаражэньня.

Спадарыня Ларыса адзначае: падаражэла нават тое, што заўжды лічылася танным:

"Падаражэньне жахлівае: у мяне кожнага разу вылятае пяцідзясятка, як я толькі зайду ў краму! Даводзіцца адмаўляць дзіцяці — не купляю ёгурты ягоныя любімыя, сокі цяпер ня штодня… Нават тое проса, якім курэй кормяць, якое было самым танным, падаражэла на 20 ці мо на 30 адсоткаў!".

"Бабуля пахадзіла па краме, паглядзела на цэны, дый страціла прытомнасьць!"

Пра рост цээнаў на Віцебшчыне ўжо пачалі складаць показкі. Вось гэтую, якую распавёў спадар Віктар, давялося чуць ужо не аднойчы — прычым ужо не разьбярэш, дзе тут праўда, а дзе сумныя жарты:

"Тут адна жанчына па краме хадзіла-хадзіла, ды страціла прытомнасьць. Прадаўцы зьбегліся: "Бабуля, што з вамі?.." Гэта сапраўды такі факт быў, а людзі ўсё зьвялі да таго, што бабуля пахадзіла па краме, паглядзела па прылаўках цэны на грэчку, на ўсё іншае — дый страціла прытомнасьць!".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Рэкорд па цэнах пабіла галяндзкая цыбуля-сявок

Яшчэ ў мінулым месяцы галяндзкая цыбуля-сявок каштавала 12 тысяч за кіляграм, пазаўчора — 40 тысяч, а сёньня яе наагул няма ў продажы. На ўсе астатнія харчы цэны ўпэўнена працягваюць расьці.

У пятніцу на гарадзенскім рынку "Цэнтральны" даволі людна, народ закупляецца на выходныя. Вось маладая пара з малым дзіцем ходзяць і прыглядаюцца да цэнаў.

Пытаюся — як ім кошты на харчы?

Спадар: "Цэны папросту ўцякаюць у нябёсы, іх ужо не злавіць…".

Карэспандэнт: "А на якія харчы найбольш кусаюцца?".

Спадар: "На ўсё на сьвеце — асабліва на рыбу, ды на ўсе харчы. Да прыкладу, раней я купляў вэнджаную рыбу, шанхайскі мэрлан, па 60 тысяч за кіляграм, а зараз — па 106 тысяч. Мяса бяз косткі пад адбіўныя — 25—28 тысяч, а раней каштавала 18—19 тысяч".

Да нашае размовы далучаецца сям’я пэнсіянэраў.

Спадарыня: "На жыцьцёва неабходныя харчы цэны павінны быць ніжэйшыя, бо бяз гэтага нельга".

Спадар: "Гарэлка, цыгарэты — на гэта няхай падымаюць кошты, але малако, хлеб, масла, сыр — абурае страшна".

Спадарыня: "А на рыбу і мяса — наагул, зараз галаву ўжо нам паадгрызаюць… А якасьці ніякай няма. Рыба рыбай ня пахне, вымачаная, замарожаная не адзін раз. А мяса — яно мясам ня пахне, хіба што калі купіш у селяніна зь вёскі, а калі з крамы — яго есьці немагчыма. Ледзь-ледзь зводзім канцы з канцамі".

Пра якасьць харчоў кажа і малады спадар.

Спадар: "А з таго, што тут зялёнае — гуркі, цыбуля, радыска — гэта відавочна ўсё з хіміяй, натуральнага амаль нічога няма. А цэны такія, што не на кожны дзень гэта купляем, шыкуем разы два на тыдзень".

Фэрмэр, які прадае спадарству бульбу, заўважае, што летась у гэты час яна каштавала 1200 за кіляграм, а сёлета цана сягае вышэй за 3 тысячы. Ён з зайздрасьцю дадае, што рэкорды па цэнах пабілі замежныя сельгаспрадукты.

Спадар: "Вось цыбуля-сявок галяндзкая, бо нашай такой наагул няма, якую тут прадавалі, месяц назад каштавала 12 тысяч, пазаўчора — 40 тысяч, а сёньня яе наагул няма".

А вось што кажуць яшчэ людзі пра цэны на харчы:

Спадар: "Я называю гэты рынак — "Поле цудаў". Тут сапраўдныя цуды адбываюцца: і абважваюць, і цэны пастаянна растуць…".

Спадарыня: "Усё дорага — і садавіна, і гародніна, і астатняе. Летась вунь кветкі прадавалі па 3 тысячы, а зараз па 6 тысяч, а памідоры зараз — 11 тысяч. Усё дорага, і ўсё мяняецца з кожным днём, але ў горшы бок".

Спадар: "А што тут думаць, плывеш па цячэньні, і як ёсьць, так і ёсьць…".

Як толькі недзе нешта прадаюць таньней — адразу чарга

На рынку цяпер увесь час перад выбарам...

...купляць ці не купляць?

Цэны на замежныя яблыкі вось такія, а беларускіх яблыкаў на рынку наагул няма

Бульба — больш як 3 тысячы за кіляграм
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG