Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Менску працягваюцца судовыя працэсы над арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году, у тым ліку былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым, Андрэем Саньнікавым і Віталём Рымашэўскім. Як ставяцца да гэтых працэсаў беларускія палітыкі?

Дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Паўла Знаўца ня дзівяць жорсткія прысуды шараговым удзельнікам акцыі пратэсту:

"Я якраз цяпер чытаю Варлама Шаламава "Колымские рассказы" і Салжаніцына "Архипелаг ГУЛАГ". Ведаю я і псыхатып Лукашэнкі — гэта вельмі жорсткі дыктатар. Таму тут нічога дзіўнага няма. Гэта помста Лукашэнкі ўсім, хто кінуў яму выклік.

І адначасова спроба запалохаць грамадзтва да такога стану, каб пры любых падзеях, якія будуць у Беларусі — фінансавы крызіс ці нешта іншае — народ усё моўчкі зносіў і баяўся выйсьці на вуліцы. Вось такі прэвэнтыўны разьлік — захаваць уладу і запалохаць народ".

Некалькі прычынаў жорсткасьці ўладаў называе палітоляг Аляксей Кароль:

"Першая — гэта лёгіка дзеяньняў таталітарнага рэжыму супраць сваіх апанэнтаў, супраць той зьявы, той сілы, якая нясе патэнцыйна пагрозу расхістваньня і абрушэньня гэтай сыстэмы.

Другая — інэрцыя карных дзеяньняў сыстэмы. Яна ўяўляе, што калі адмовіцца, дараваць, то яна такім чынам расьпішацца ў сваім бясьсільлі. Гэта своеасаблівае таталітарнае ўяўленьне аб сваёй моцы.

І трэцяя — існуе разьлік, каб давесьці прысуды да канца. А ўжо потым глядзець, што з гэтым рабіць — дараваць, не дараваць, на якія саступкі пайсьці. Адным словам, як прадукт для торгу са зьнешнімі сіламі".

Улады цяпер імкнуцца, як ніколі раней, запалохаць грамадзтва, лічыць былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец:

"Уладам трэба, каб нават не актывісты, а звычайныя людзі, якія выйшлі на Плошчу падтрымаць сваіх кандыдатаў у прэзыдэнты, былі жорстка пакараныя. Гэта свайго роду прафіляктыка. Эканамічнае становішча цяпер цяжкое. І ўлады загадзя робяць так, каб напалохаць людзей. Яны баяцца, што людзі, якія страцілі працу, а іх ужо паўмільёна, выйдуць на вуліцу. Бліжэйшым часам можа здарыцца сацыяльны выбух. І таму ўжо сёньня жорстка караюць тых, хто 19 сьнежня выказваў свой пратэст".

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG