Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютны калідор пашырылі, але валюта ў ім не зьявілася


Нацыянальны банк Беларусі спрабуе выправіць блізкую да катастрафічнай сытуацыю на валютным рынку, аднак ягоныя меры незалежныя экспэрты называюць палавіністымі. Так, Нацбанк вырашыў пашырыць з 12 траўня калідор ваганьняў курсу беларускага рубля да так званага кошыка валют на 4 %. На думку спэцыялістаў, павелічэньне гэтага паказьніка з 8% да 12% не прынясе чаканых зьменаў ні фінансавай сыстэме, ні эканоміцы ў цэлым.

За красавік адхіленьне кошту беларускага рубля адносна кошыка валют наблізілася да максымальнага значэньня ніжняй мяжы, вызначанай на 2011 год, — мінус 7,96%. Відавочна, што ў сытуацыі вострага валютнага дэфіцыту і множнасьці курсаў утрымацца ў акрэсьленых рамках немагчыма. Марнасьць такіх спадзяваньняў можна пабачыць на прыкладзе апэрацый з наяўнай валютай, дзе Нацбанк упарта трымае для камэрцыйных банкаў 2-працэнтную плянку максымальнага адыходу ад афіцыйнага курсу.

Аднак ці ўратуе сытуацыю такое пашырэньне калідора? І ці азначае гэта прызнаньне непазьбежнасьці інфляцыйных працэсаў, якія толькі прысьпешваюць дэвальвацыю? Камэнтуе фінансавы аналітык Яўген Піменаў:

"Пытаньне ня толькі ў дэвальвацыі, якая, па сутнасьці, і так наступіла, колькі ў магчымасьці свабоднага курсаўтварэньня. Гэта тое, чаго МВФ увесь час патрабаваў ад Нацбанку: каб афіцыйны курс на 2% адрозьніваўся ад рынку, а ня тое, што рынак вымушаны падстройвацца пад 2%, вызначаныя Нацбанкам. То бок, галоўнае тут — свабоднае курсаўтварэньне і прывязка Нацбанкам свайго афіцыйнага курсу да сытуацыі, якая складваецца на рынку. Іншымі словамі, -- грунтавацца на статыстыцы, якую ён атрымлівае ад рынкавых зьдзелак. У любым выпадку, калі мы нават гаворым пра неабходнасьць дэвальвацыі, трэба мець на ўвазе магчымасьць вольнага курсаўтварэньня на фінансавым рынку. Найперш дзеля таго, каб усталяваўся нейкі рэальны курс, па якім людзі маглі б купіць і прадаць валюту".

Беларускія ўлады паратунак ад валютнага паралічу бачаць у расейскім крэдыце. Яшчэ ў красавіку прадстаўнікі Нацбанку заявілі, што Беларусь выйдзе на адзіны абменны курс у траўні, як толькі атрымае мільярдную пазыку з Расеі. Аднак надыходзяць чарговыя працяглыя выходныя, а ніякіх сыгналаў з Масквы няма. Экспэрты не выключаюць, што беларускі бок папросту ня ўпісваецца ў патрабаваньні, вылучаныя крэдыторамі. Каб атрымаць крэдытныя рэсурсы ад Расеі і антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у аб'ёме 3 мільярды даляраў, Беларусь мусіць правесьці структурнае рэфармаваньне грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі. Аднак, апроч запэўніваньняў у тым, што рэформы будуць, на практыцы нічога не адбываецца. Сытуацыю аналізуе эканаміст Леў Марголін:

"4% на дадатак да "калідора" зьмяніць наагул нічога ня могуць, гэта проста дзіцячыя гульні. Я думаю, што калі насамрэч будуць вырашаныя пытаньні па расейскім крэдыце, то лічбы мы ўбачым іншыя. Бо расейскія экспэрты лічаць, што трэба апэраваць лічбамі не ў 4, 10, 20 ці нават 30%, а патрабуецца дэвальвацыя сама меней у два разы. То бок — практычна стопрацэнтная. Можа, штосьці адваяваць і ўдасца, але справа ў тым, што сама па сабе адна дэвальвацыя ніякіх праблемаў не вырашае, гэта як кіслародная падушка для хворага. На нейкі час стане лягчэй, але што далей? А далей усё роўна патрэбныя рэформы".

Карэспандэнт: "Усё ж ці патрэбныя радыкальныя захады, каб у людзей была нейкая пэўнасьць? Чатыры тысячы за даляр — дык чатыры, пяць — дык пяць".

"Абавязкова. Як кажуць, лепш жахлівы канец, чым бясконцы жах. Нам, на жаль, рыхтуюць апошняе…".

Нагадаем, што амаль два месяцы мінулі з таго часу, як у Беларусі пачаў адчувацца дэфіцыт замежнай валюты. Набыць даляры, эўра, грошы іншых краінаў па афіцыйным курсе ў абменных пунктах практычна немагчыма; валютчыкі, рызыкуючы свабодай, даюць за даляр 3800—4000 рублёў. Курс даляра ў зьдзелках на пазабіржавым рынку перавысіў 5000 рублёў за даляр. Пры гэтым афіцыйны курс Нацбанку трымаецца на зьдзеклівай адзнацы 3001 рубель за даляр. У гэтым лічбавым разнабоі ёсьць і прыклады абсалютных крайнасьцяў: у крамах "Д'юці фры" менскага аэрапорту эўра пералічваюць па курсе 10100 рублёў.

Тым часам Нацбанк карэктуе свае ж указаньні адносна рэалізацыі валюты праз абменныя пункты. Цяпер абменьнікі "Беларусбанку", перадусім тыя, якія разьмешчаныя на памежных пераходах, могуць не прадаваць даляры ці эўра, атрыманыя ад насельніцтва. Маўляў, гэтыя грошы пойдуць на "сацыяльныя мэты": лячэньне, аплату навучаньня і пражываньне студэнтаў, выезд у сувязі з хваробай або сьмерцю сваякоў. У Беларусбанку для гэтага будзе створана асобная чарга тых, хто падасьць адпаведныя заявы.
XS
SM
MD
LG