Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь дапамагла беларускамоўнай клясе рыштункам


Эдуард Баравікоў з прэзэнтам — дошкай

Эдуард Баравікоў з прэзэнтам — дошкай

Маладыя сябры руху БНФ "Адраджэньне" Магілёва сёньня перадалі адміністрацыі мясцовай школы № 1 вучнёўскую дошку для беларускамоўнай клясы. Сродкі на яе актывісты зьбіралі талакой. Паводле аднаго зь іх, Эдуарда Баравікова, фронтаўская моладзь вырашыла дапамагчы адзінай у Магілёве беларускамоўнай клясе, каб навучальны працэс быў як мага больш якасны.

Перадаваць прэзэнт прыехалі трое ўдзельнікаў талакі.

"Мы даведаліся ад бацькоў, дзеці якіх вучацца ў клясе, што ў іх няма дошкі. Вось мы сабралі й купілі яе. Яна каштуе 480 тысяч рублёў. Адміністрацыя пазытыўна ўспрыняла нашу ініцыятыву. Вось сёньня я ў школу зайшоў, а мне сказалі ледзьве не на парозе, што мы вас ужо чакаем. Мы былі ў клясным памяшканьні, яно досыць вялікае. Стаяць парты, ёсьць беларускамоўная літаратура. Цяпер жа ўсіх дзяцей навучаюць па-расейску, а беларускамоўная кляса ў Магілёве адна. І яна мае права на існаваньне, дзеля гэтага мы ёй і дапамагаем", -- зазначыў Эдуард Баравікоў.

У адзінай беларускамоўнай першай клясе вучыцца трое вучняў — дзьве дзяўчынкі і хлопец. Разам яны адвучыліся амаль год. Адкрыцьця клясы дамаглася сям’я Салаўёвых для свае дачкі Ялінкі. Пазьней да яе далучыліся брат і сястра Ўласавы.

"Гэта вельмі добра, што моладзь так зрабіла. Праблема з дошкай існавала ад пачатку. У школе дошкі для нашых дзяцей не было. Гэтая дошка прыдасца і ў другой клясе. Цяпер яшчэ ёсьць праблема з партай, якая б адпавядала росту дзетак. З падручнікамі і іншай літаратурай праблемаў няма", -- камэнтуе ўчынак моладзі Надзея Салаўёва, маці беларускамоўнай першаклясьніцы Ялінкі.

Пакуль фронтаўская моладзь зьбірала грошы на школьны рыштунак, каля будынка Магілёўскага гарвыканкаму зьявіўся новы беларускамоўны плякат "Поруч зь беларускай мовай". Яго сюжэт — беларускамоўная сям’я.

Беларускамоўны плякат каля гарвыканкаму

Акрамя Магілёва, дзьве беларускамоўныя клясы ёсьць у райцэнтры Горкі. У Асіповічах па-беларуску вучацца дзеці ў мясцовай гімназіі № 1. Больш беларускамоўных клясаў у гарадах вобласьці няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG