Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Становіцца ўсё больш відавочным, што Беларусь уступіла ў пэрыяд нестабільнасьці. У яго аснове ляжыць ня зьбег непрыемных вонкавых абставінаў, а крызіс беларускай сацыяльнай мадэлі. Пра яе неэфэктыўнасьць шмат гадоў казалі незалежныя экспэрты. Рана ці позна яе сыстэмная несучаснасьць павінна была недзе выявіцца і стаць відавочнай для грамадзтва. І вось у сакавіку парвалася ў самым вузкім месцы. Дэфіцыт замежнага гандлю ўсё нарастаў і ўрэшце выліўся ў валютны крызіс, які хутка пацягнуў за сабой усе іншыя нэгатыўныя зьявы: скачок інфляцыі (8,8% з пачатку году пры гадавым прагнозе 8,5%), крызіс сэктару эканомікі, зьвязанага зь імпартам, крызіс замежных інвэстыцый ($62,8 млн. за першы квартал, што роўна 1% ад гадавога прагнозу).

І, самае галоўнае, крана ўступае ў сацыяльны крызіс. Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ўладзімер Зіноўскі адзначыў, што ўжо каля 600 тыс. чалавек засталіся бяз працы. А дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Сьвятлана Шаўчэнка лічыць, што ў Беларусі магчымы рэзкі рост беспрацоўя і ўзьнікненьне сацыяльнай напружанасьці, калі цяперашняя сытуацыя на валютным рынку захаваецца.

Адначасова пасьля 19 сьнежня можна канстатаваць замежнапалітычны крызіс. У выніку канфлікту з ЭЗ і ЗША зьнік заходні вэктар вонкавай палітыкі, а разам зь ім — магчымасьць балянсаваць паміж Расеяй і Захадам. Сам той факт, што першы замежны візыт Лукашэнкі ў статусе зноў выбранага прэзыдэнта адбыўся толькі праз чатыры месяцы пасьля выбараў, вельмі паказальны. Яшчэ больш сымбалічна выглядае краіна, у якую быў нанесены першы візыт: Туркмэністан.

У гэтай складанай сытуацыі, у якой апынулася кіраўніцтва краіны, цікава назіраць за ягонымі дзеяньнямі. Першая выснова з такога назіраньня: праблемы і выклікі, якія паўсталі перад краінай, сталі нечаканымі для кіроўнай каманды. Відавочная разгубленасьць, адсутнасьць яснага пляну выхаду.

Другая выснова: улады, (прынамсі, Лукашэнка) не разглядаюць гэтыя праблемы як крызіс самой сацыяльнай мадэлі. Паказальна, што першы разьдзел пасланьня, зь якім выступіў прэзыдэнт у Нацыянальным сходзе, стаў гімнам беларускай мадэлі разьвіцьця, праслаўленьнем асаблівага шляху Беларусі. Лукашэнка лічыць, што ў валютным крызісе вінаватыя нейкія часовыя зьявы (ажыятажны попыт на аўтамабілі), вонкавыя прычыны (рост усясьветных цэнаў на сыравіну).

Што гэта ня толькі тлумачэньне для народу, а шчырая перакананасьць кіраўніка дзяржавы, сьведчаць ягоныя заявы пра рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП), якія ён паўтарыў некалькі разоў. Ніхто яму не растлумачыць, што чым больш расьце ВУП, тым большым становіцца адмоўнае сальда замежнага гандлю і тым большы дэфіцыт валюты. У выніку Лукашэнка моцна баіцца дэвальвацыі рубля, якая ўдарыць па ягоным іміджы, не разумеючы, што ў выніку краіна атрымлівае праблемы, больш небясьпечныя за дэвальвацыю.

Дзіўна назіраць за дзеяньнямі эканамічных уладаў падчас крызісу. Крокі Нацбанку нагадваюць рухі слана ў пасуднай краме. Спачатку ён уводзіць 30-дзённы тэрмін рэзэрваваньня куплі валюты на валютна-фондавай біржы, потым праз тыдзень адмяняе. Абяцае ўвесьці продаж валюты на альтэрнатыўнай сэсіі біржы па рынкавым курсе, потым адмаўляецца ад гэтага. Патрабуе ад банкаў прадаваць валюту па курсе ня большым за 4,5 тыс. рублёў за даляр — у выніку продаж увогуле прыпыняецца, і Нацбанк адмяняе сваё рашэньне. Прэм’ер-міністар Мясьніковіч у крызісны момант увогуле сышоў у глыбокае падпольле. А забарона дзяржаўным мэдыям гаварыць пра рост цэнаў і дэфіцыт валют — гэта фініта. Так рэагуюць улады на эканамічны крызіс.

Нешта падобнае адбываецца і ў іншых сфэрах. У адказ на замежнапалітычны крызіс — цяжка матываваная агрэсія. Лукашэнка не знайшоў нічога лепшага, як зьняважыць кіраўніцтва ЭЗ і Ўкраіны.

У адказ на крызіс даверу грамадзтва — зноў жа агрэсія, пагрозы, зацісканьне гаек, змаганьне з чуткамі праз арышты. Ніякага практычнага сэнсу закрываць газэты "Народная Воля" і "Наша Ніва" няма. Тыраж апошняй — 7 тыс. Яны нічым не пагражаюць рэжыму, а нэгатыўны рэзананс — вялікі.

Такім чынам, мы бачым, што рэакцыя на выклікі, якія паўстаюць перад рэжымам, неадэкватная. І гэтая неадэкватнасьць — першы сымптом крызісу кіраваньня. А як казаў знаны адмысловец у сфэры рэвалюцыі Ленін, крызіс вярхоў — першая прыкмета рэвалюцыйнай сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG