Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя людзі Беларусі бароняць “Народную Волю”


“Народная Воля” ў апошнім нумары друкуе падборку зваротаў сваіх чытачоў з заклікам да ўладаў не забараняць выхаду “Народнай Волі” і “Нашай Нівы”.

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч назваў свой зварот “Раю адумацца”:

“Дзяржаўныя улады наважылі ўчыніць расправу над аўтарытэтнымі і любімымі ў народзе выданьнямі. Скажу з усёй шчырасьцю: як грамадзяніну Беларусі мне сорамна за намер дзяржавы ажыцьцявіць такую несправядлівую і такую безразважную задуму. Сёньня пайсьці на такі крок — на задушэньне сьветачаў незалежнай думкі, сьветачаў праўды і сумленьня — недаравальная безадказнасьць, якая прывядзе да небясьпечнага абвастрэньня грамадзка-палітычнага клімату ў краіне. Вось чаму тым панам-таварышам, у чыёй уладнай волі лёс друкаванага слова, я вельмі і вельмі раю адумацца і паглядзець на справу спакойнымі, не замутнёнымі злосьцю вачыма. На радасьць усім добрым людзям Беларусі”.

Вэтэраны беларускай журналістыкі: былы уласны карэспандэнт газэты "Правда" па Беларуусі Віктар Барушка, былы старшыня Дзяржаўнага камітэту БССР па друку, былы рэдактар газэты "Зьвязда" і былы старшыня Саюза журналістаў БССР Іван Макаловіч, а таксама заслужаны работнік культуры Беларусі Сьвятлана Кліменценка падпісаліся пад зваротам “Адвядзіце карны меч”:

мы рашуча патрабуем ад Міністэрства інфармацыі і яго натхняльнікаў спыніць гэтае "дзікае паляваньне караля Стаха", зацікаўлена садзейнічаць стварэньню ў грамадзтва атмасфэры ўзаемаразуменьня і супрацоўніцтва
“Мы, вэтэраны беларускай журналістыкі, шмат гадоў прысьвяціўшыя абранай прафэсіі, у свой час спазналі на сабе ціск савецкай сыстэм. Аднак тое, што робіцца зараз, не ідзе ні ў якое параўнаньне нават з тым, далёка не ідэальным часам. Што значыць закрыць рот, накінуць аброць на чалавека зь пяром, сьвяты абавязак якога — сумленна і чэсна асьвятляць жыцьцё, аб'ектыўна інфармаваць чытача аб падзеях і працэсах, што хвалююць і закранаюць інтарэсы грамадзтва і грамадзян? На жаль, з боку спэцслужб, таго ж Міністэрства інфармацыі з кожным днём узмацняецца наступ на нешматлікія незалежныя выданьні краіны. Канфіскуюцца кампутары, ідуць ператрусы, рэдакцыі засыпаюцца штрафамі, позвамі ў суд, неабгрунтаванымі, на наш погляд, папярэджаньнямі... Мы — грамадзяне розных палітычных поглядаў, але аднаго перакананьня: менавіта на канстытуцыйных нормах павінна грунтавацца усё жыцьцё краіны. А задушэньне свабоды выказваньняў, калі яны не супярэчаць закону і чалавечай маралі, ёсьць грубае парушэньне гэтых норм. Таму мы рашуча патрабуем ад Міністэрства інфармацыі і яго натхняльнікаў спыніць гэтае "дзікае паляваньне караля Стаха", зацікаўлена садзейнічаць стварэньню ў грамадзтва атмасфэры ўзаемаразуменьня і супрацоўніцтва...”

Былы рэдактар газэты “Літаратура і Мастацтва”, ляўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі імя Я.Купалы, дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, паэт Анатоль Вярцінскі ў сваім звароце піша пра неканстытуцыйнасьць намеру Міністэрства інфармацыі ліквідаваць газэты “Народная Воля” і “Наша Ніва”:

“Калі мець на увазе сытуацыю, якая склалася вакол “Народнай Волі”, то ад дзяржаўнікаў патрабуецца адно — паўнамоцна, мірным шляхам гарантаваць выкананьне артыкулаў 33 і 34 Канстытуцыі. Вось чорным па белым запісаны іх зьмест: “Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказваньняў сваіх перакананьняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца”. “Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, аб палітычным, эканамічным і міжнародным жыцьці, стане навакольнага асяродзьдзя”. Які-небудзь камэнтар тут будзе яўна лішнім...”

Доктар гістарычных навук, прафэсар Леанід Лыч назваў свой зварот “Каб не патухла сьвечка”:

Вялікай нацыянальнай трагедыяй зьяўляецца нічым не апраўданая страта беларускім народам сваёй этнакультурнай самастойнасьці — галоўным чынам з-за плянамернага вываду чыноўніцкім апаратам яго роднай мовы з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця. Гэтую лёсавызначальную для тытульнай нацыі краіны праблему абмяркоўвае на сваіх старонках практычна толькі адна газэта — "Народная Воля"!
“...Сёньня шматколернасьць прэсы трымаецца галоўным чынам дзякуючы газэце "Народная Воля". Гэта яе рэдакцыі і ў бальшыні сваёй безганарарным аўтарам наша грамадзтва павінна дзякаваць, што ў яго ёсьць магчымасьць атрымліваць аб'ектыўную, непадфарбаваную інфармацыю пра рэальнае палітычнае і эканамічнае становішча ў краіне.

Вялікай нацыянальнай трагедыяй зьяўляецца нічым не апраўданая страта беларускім народам сваёй этнакультурнай самастойнасьці — галоўным чынам з-за плянамернага вываду чыноўніцкім апаратам яго роднай мовы з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця. Гэтую лёсавызначальную для тытульнай нацыі краіны праблему абмяркоўвае на сваіх старонках практычна толькі адна газэта — "Народная Воля"!

Выданьне яе ў інтарэсах ня толькі апазыцыйных сіл і нацыянальна-дэмакратычных рухаў краіны, але і ўсяго беларускага грамадзтва ў цэлым, у тым ліку і кіраўніцтва дзяржавы. Закрыць гэты папулярны ў грамадзтве пэрыядычны орган — значыць патушыць апошнюю сьвечку ў начной цемры”.

“Народная Воля” таксама друкуе і іншыя звароты сваіх чытачоў.
XS
SM
MD
LG