Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ён дастаў пісталет і два разы спусьціў курок"


Пасьля тэракту ў сталічным мэтрапалітэне Менск усё меней цягне на "астравок бясьпекі" пасярод мора гвалту. Але небясьпека можа хавацца, здавалася б, і ў самай звыклай сытуацыі.

Менскі кіроўца Яўген расказаў нашаму карэспандэнту Ігару Карнею, як напярэдадні быў узяты на "мушку" пасярод цэнтра горада. Што штурхае талерантных беларусаў да неадэкватных паводзінаў?

Яўген за рулём "Фольксвагена-Пасат" завяршаў паварот па вуліцы Леніна з боку канцэртнай залі "Мінск" на Ўльянаўскую, у напрамку да чыгуначнага вакзалу. У гэты ж момант, відавочна, яшчэ на чырвонае сьвятло ад Парку Горкага газануў чорны "Додж" -- зь цьвёрдым намерам не зьвяртаць увагі на іншых. Яўген ліхача праігнараваў, пасыгналіўшы пра рызыкоўнасьць манэўраў кіроўцы джыпу:

"Ад такіх я стараюся трымацца далей, таму проста паехаў наперад. Ён апярэдзіў мяне ззаду, прыстроіўся зьлева. Я асабліва ў той бок нават не глядзеў – на жаль, ідыётаў на дарозе зараз хапае. Той пачаў мітусіцца, машыну ў мой бок пакідаў-пакідаў, я спакойна еду далей. Раптам жонка кажа, што, маўляў, нешта цябе просіць, махае рукамі. Паглядзеў -- сапраўды, жэстамі паказвае, каб я апусьціў шкло.

І тут ён дастаў пісталет, выставіў у мой бок і два разы спусьціў курок.
Я апусьціў, ён пачаў мяне абражаць. Я не стрымаўся, агрызнуўся, ну і думаў, што на гэтым разыдземся. І тут ён дастаў пісталет, выставіў у мой бок і два разы спусьціў курок. Нягледзячы на шум, дарогу, машыны, я вельмі добра чуў гэты жалезны лязг. Ня ведаю, ці пісталет быў не зараджаны, ці здарылася асечка. Хоць жонка кажа, што нібыта з дула ўсё ж нешта вылятала… У любым выпадку выглядала ўсё гэта вельмі натуральна".

Яўген кажа, што кіроўца "Доджу" ня быў нейкага бандыцкага ці крымінальнага выгляду, меў абсалютна прыстойны выгляд "офіснага работніка":

"Што мяне зьдзівіла – абсалютна звычайнай зьнешнасьці чалавек. І ўсё тое, што ён потым зрабіў, ніяк з гэтым не стыкуецца. Прыстойна апрануты, а не ў нейкай там спартыўнай форме; звычайнага целаскладу, узрост каля 40. Нічога такога, каб, на яго паглядзеўшы, можны было б зрабіць выснову: гэта баньдзюган ці нейкі зусім неадэкватны. У машыне – а гэта вялікі джып "Додж Дзюранга" чорнага колеру -- быў адзін".

Міліцыя, па словах суразмоўцы, аматара пастраляць (ці, прынамсі, не зусім традыцыйным чынам "папалохаць") вылічыла без праблемаў. Цяпер ён чакае, якую выснову з таго, што адбылося, зробяць у праваахоўных органах:

"Мяне выслухалі, усё запісалі. Зразумела, па нумары машыны не склала цяжкасьці знайсьці гаспадара, "прабілі" па базе дадзеных. Мне ягоныя асабістыя зьвесткі не паказвалі, паказалі толькі здымак – выпадкова ня гэты? Кажу, так, падобна, што ён. Склалі пратакол, сказалі, што будуць разьбірацца".

Карэспандэнт: "Калі міліцыя ўжо ведае, хто гэта, то, напэўна, не складзе цяжкасьцяў высьветліць, ці ёсьць у яго дазвол на зброю, што гэта за зброя?".

У Беларусі атрымаць афіцыйны дазвол на нашэньне ня толькі агнястрэльнай зброі, а нават траўматычных пісталетаў, дастаткова складана.
"Мне з гэтай нагоды нічога не гаварылі. Сказалі толькі: так, бачаць, хто гэта, але да адказнасьці не прыцягваўся, прынамсі, нічога па базе ў іх на гэта не паказвае. У прынцыпе, як быццам законапаслухмяны, добрапрыстойны чалавек павінен быць. Праўда, я нават не запытаў, калі міліцыянты дадуць нейкі адказ. Пакуль там сядзеў, усё ня мог супакоіцца, мяне натуральна трэсла. Ведаеце, настолькі гэта ня пішацца з нармальным, спакойным, разьмераным жыцьцём у Менску, нейкі бандытызм проста… У мяне насамрэч шок быў ад усяго гэтага".

Адрозна ад многіх краінаў, у Беларусі атрымаць афіцыйны дазвол на нашэньне ня толькі агнястрэльнай зброі, а нават траўматычных пісталетаў, дастаткова складана. Таму ў бальшыні выпадкаў уладальнікі свой арсэнал альбо не легалізуюць увогуле, альбо маюць адпаведнае прыкрыцьцё з уладных структураў.

Пакуль вядзецца разьбіральніцтва з нагоды інцыдэнту, які выходзіць па-за звыклыя рамкі, сваё прозьвішча пацярпелы папрасіў не называць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG