Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Я гатовы прызнаць палітычную адказнасьць за плошчу разам з Лукашэнкам»


Уладзімер Някляеў у судзе.
Уладзімер Някляеў у судзе.
5 траўня ў Фрунзенскім судзе Менску пачалі судзіць кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама актывістаў іх штабоў Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуту, Сяргея Вазьняка і Насту Палажанку. Як адрэагавалі на выстаўленае пракурорам абвінавачаньне ўдзельнікі працэсу?

Усім удзельнікам працэсу ў Фрунзенскім судзе прадублявалі абвінавачаньне ў арганізацыі ў групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак. Рэакцыя на абвінавачаньне была рознай, хаця ў нечым і супадала. Цалкам не прызнаў сябе вінаватым Уладзімер Някляеў. Пры гэтым экс-кандыдат казаў пра юрыдычную, а не палітычную адказнасьць за падзеі на плошчы:

«Віны сваёй я не прызнаю, але паўтараю тое, што пісаў у хадайніцтве. Калі ўсе тут прысутныя, уключна з абвінавачанымі, судзьдзя з пракурорам, мы ўсе знойдзем ў сабе мужнасьць і прызнаем працэс палітычным, то я гатовы прызнаць тыя палітычныя памылкі, якія зрабіў падчас прэзыдэнцкай кампаніі. А я іх зрабіў, я гэтага не адмаўляю, і гатовы за іх адказваць. Але ў гэтым выпадку разам са мной мусяць адказваць усе, хто браў удзел у выбарах. І ў першую чаргу той чалавек, які стаў дзейным прэзыдэнтам. І празь якога узьніклі тыя негатыўныя наступствы, празь ягоныя загады аб брутальным разгоне. Ён таксама мусіць быць у судзе і разам з намі за гэта адказваць».

Цалкам не прызнала сваёй віны і Наста Палажанка. Яна лічыць, што ніяк не арганізоўвала тое, што адбылося 19 сьнежня.

Кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі прызнаў віну часткова: «Прызнаю тое, што заклікаў людзей на Кастрычніцкую плошчу і што былі зробленыя пэўныя арганізацыйныя памылкі, але я не магу прызнаваць і лжэсьведчыць супраць сябе і іншых, пагаджаючыся з усім тым, што там напісана ў абвінавачаньні. Таму толькі часткова згодны з тым, што сказаў спадар пракурор».

Сябра штабу Някляева Аляксандар Фядута таксама прызнаў віну часткова і зрабіў удакладненьне:

«Прызнаю сваю віну і палітычную адказнасьць. Згодзен з кваліфікацыяй маіх дзеяньняў паводле выстаўленага 342 артыкулу, і зусім ня згодны зь яе апісаньнем і як усё выкладзена ў абвінавачаньні».

Аляксандар Фядута (справа)

Кіраўнік штабу Някляева Андрэй Дзьмітрыеў фігуруе ў абвінавачаньні ў эпізодзе, які папярэднічаў зьбіцьцю Някляева невядомымі. Адказваючы на пытаньне пра віну, Дзьмітрыеў пачаў з гэтага эпізоду:

«Я прызнаю, што на вуліцы Калектарнай, калі да нас было патрабаваньне міліцыянтаў прадставіць для агляду аўтамабіль, я гэтаму супрацьдзейнічаў і ня даў гэта зрабіць. І прызнаю, што заклікаў людзей на плошчу, але лічу, што гэта адміністрацыйнае, а не крымінальнае правапарушэньне. Таксама прызнаю, што рабіў пэўныя дзеяньні, якія можна лічыць арганізацыяй. Але хачу даць тлумачэньні, бо не ва ўсім згодны і тут».

Часткова прызнаў сваю віну і Сяргей Вазьняк. Але, як і Дзьмітрыеў, Вазьняк тлумачыў, што прызнае за сабой адміністрацыйнае парушэньне і што сьвядома заклікаў людзей зрабіць гэта парушэньне — прыйсьці на несанкцыянаваны мітынг. Чаму? Бо інакш немагчыма было выказаць пратэст супроць фальшаваных выбараў. Тое, што выбары ўлада сфальшавала, Сяргей Вазьняк не сумняваўся.

Таксама Сяргея Вазьняка абвінавацілі ў тым, што ён ілжэсьведчыў у справе аб падпале прыватнай кватэры, дзе, паводле вэрсіі міліцыі, зьнікла вялікая сума грошай. Гэтая справа, паводле назіральнікаў, ня мае дачыненьня да падзей 19 сьнежня, але чамусьці аказалася ў абвінаваўчым заключэньні, якое выставілі Вазьняку. Тут Сяргей Вазьняк сваёй віны не прызнае цалкам.

Пісьменьнік Арлоў пра Някляева
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:45 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG