Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 траўня адбылося першае паседжаньне працоўнай групы па пытаньнях магчымага зьліцьця МАЗа з КАМАЗам. Паводле інфармацыі, якая пратачылася ў прэсу, беларускі бок гатовы пагадзіцца на прапанаваныя Расеяй умовы, а менавіта — МАЗ можа быць аддадзены КАМАЗа ў абмен на 25 працэнтаў пакету акцыяў аб’яднанай кампаніі. Чаму Менск ідзе на продаж гіганта беларускай прамысловасьці? Што прынясе аб’яднаньне з КАМАЗам супрацоўнікам Менскага аўтамабільнага? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.


Цыганкоў: Як увогуле варта ацаніць ідэю таго, што МАЗ мусіць уступіць у нейкую супольнасьць з КАМАЗам? Ці ёсьць пазытыўныя моманты, ці гэта робіцца гэта толькі з-за таго, што МАЗ вымушаюць да гэтага?

Залескі: Грошы скончыліся. Такое жыцьцё, што сапраўды няма куды падзецца. А расейцы даўно хацелі гэты МАЗ прыбраць да сваіх рук. Вось і дамовіліся. Як той казаў, «младую прымусіць, а старую прыдушыць».

Цыганкоў: Беларускія ідэолягі, прадстаўнікі ўлады, калі выступалі супраць прыватызацыі, то часта казалі, што заходнія канцэрны проста хочуць зьнішчыць канкурэнтаў, а ня будуць разьвіваць вытворчасьць. Ці ня можна асьцерагацца таго ж самага з боку КАМАЗа?

Залескі: Мне цяжка меркаваць за кіраўнікоў КАМАЗа. Але адбываецца наступнае — за 25 працэнтаў КАМАЗа яны атрымліваюць 100 працэнтаў МАЗа. Таму гэта вельмі прымальная для іх зьдзелка. Што далей рабіць з гэтай маёмасьцю? Можна працягваць рабіць МАЗы, можна разьмяшчаць нейкія замовы для КАМАЗа.
Забаўна атрымліваецца — рыба паглынае рыбу, роўную сабе па велічыні. Толькі таму, што наша «рыба» мае зараз праблемы.


Гэта будзе чыстае паглынаньне. І забаўна атрымліваецца — рыба паглынае рыбу, роўную сабе па велічыні. Толькі таму, што наша «рыба» мае зараз праблемы.

Цыганкоў: Беларуская эканоміка мае сацыяльную накіраванасьць. Кожны вялікі завод мае вялікую «сацыялку» — дамы адпачынку, дзіцячыя садкі і гэтак далей. Ці будзе новы гаспадар патрабаваць большай эфэктыўнасьці?

Залескі: Мой досьвед паказвае, што гэта адбываецца не пасьля, а да зьліцьця. Робіцца комплексны аўдыт і расчыстка балянсу. Зь яго сьпісваюцца зялёныя насаджэньні і бюсты таварышаў Леніна і Сталіна, якія знаходзяцца ў завадзкім клюбе з 1953 году. Ім гэта не патрэбна, ім патрэбныя асноўныя фонды.

Нельга сказаць, што наш МАЗ беспэрспэктыўны. З пункту гледжаньня вытворчасьці аўтамабіляў гэта жыцьцяздольнае прадпрыемства. Ён ня вельмі жыцьцяздольны з гледзішча продажу аўтамабіляў. Калі ён стане расейскім, то аўтамабілі будуць са сьвістам ісьці ў тую самую Расею. Толькі прыбытак прыносіць расейцам, а ня нам.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG