Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штодня міліцыя рапартуе пра затрыманьні так званых «валютчыкаў» — як правіла, з буйнымі сумамі грошай. Нелегальныя гандляры валютай зьявіліся адразу пасьля таго, як валюта зьнікла з абменных пунктаў беларускіх банкаў.

Для многіх людзей паслугі «валютчыка» — адзіная магчымасьць набыць даляры або эўра. Як дзейнічае новы ценевы рынак? Што думаюць пра яго беларусы?

ВІЦЕБШЧЫНА


У Воршы зноў запрацаваў «Віетнамбанк»

У Воршы аднавілася «падпольная структура» валютчыкаў — віетнамцаў, якія прыехалі яшчэ за савецкім часам працаваць на Аршанскі льнокамбінат, але хутка зьмянілі профіль дзейнасьці: пайшлі на кірмаш гандляваць, а потым, напрыканцы «ліхіх 90-х» — займацца валютным абменам.

Выхадцы зь Віетнаму пасяліліся каля гарадзкога кірмашу ў адзін пяціпавярховік, які і атрымаў народную назву «Віетнамбанк». Цяпер, з надыходам валютнага крызісу, ён спраўна запрацаваў ізноў, кажа аршанец спадар Аляксей:

«Валютчыкі заўсёды былі, толькі іх не было відаць, а зараз «Віетнамбанк» ужо працуе — віетнамцы, якія заўжды валютай займаліся. Іх тут мала засталося, але яны ёсьць! «Віетнамбанк» гэта ў нас называюць.

Каб убачыць валютчыкаў, дастаткова зайсьці ў двор дома, дзе яны жывуць. Ахвотных зьдзейсьніць абмен запрашаюць у кватэру, так што ёсьць пэўная рызыка быць абрабаваным прадстаўнікамі «зямляцтва» або натрапіць на міліцэйскую засаду.
Усе нагледзеліся па тэлеку сюжэтаў, як валютчыкаў хапаюць.


Ёсьць у Воршы і беларусы-валютчыкі, але яны дзейнічаюць дужа асьцярожна. Бо нагледзеліся ў навінах, як караюць за незаконныя абменныя апэрацыі, кажа спадар Віктар:

«Усе нагледзеліся па тэлеку сюжэтаў, як валютчыкаў хапаюць. Таму яны дзейнічаюць праз пасярэднікаў — а раптам ты прадстаўнік гэтага самага… аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў або падатковай… Проста так ты іх і ня ўбачыш, іх і няма «ў адкрытую».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Бясьпечныя варыянты месьцічаў

На Гарадзеншчыне і надалей немагчыма свабодна набыць валюту ў абменных пунктах У гэтай сытуацыі свае паслугі прапаноўваюць забытыя яшчэ ў 90-я гады валютчыкі.

Насамрэч, здаць выгадна валюту альбо набыць яе ў Горадні даволі няпроста, калі ты сам ня ведаеш людзей, якія яе купляюць альбо прадаюць.

Размаўляць на гэтыя тэмы самі валютчыкі адмаўляюцца. Іншая справа, калі ты чалавек мясцовы. Тады можаш запытацца ў сяброў і знаёмых, куды трэба зьвяртацца ў такой сытуацыі.

Найпрасьцей, калі людзі зьвяртаюцца да знаёмых валютчыкаў і тыя без аглядкі мяняюць ім грошы. Але ёсьць і іншыя варыянты, якія часам не заўсёды бясьпечныя.

Спадар: «Адзін з варыянтаў — мяняць на фірмах. У горадзе шмат фірмаў, якія прадаюць кампутары і іншае, ім патрэбна валюта. Там трэба мець знаёмых. Прыходзіш, і яны купляюць. Ёсьць яшчэ варыянт: прадаць валюту на рынку альбо таксістам. Але там людзі вельмі аглядаюцца і баяцца незнаёмых».

У мясцовай гарадзенскай прэсе пакуль няма зьвестак пра тое, як затрымліваюць валютчыкаў і колькі ў іх канфіскоўваюць грошай. Тым ня менш кур’ёзных выпадкаў, зьвязаных з гэтым, шмат.

Адзін спадар распавядае, што яго папрасіла набыць валюту для сябе сяброўка, якая сама працуе ў абменным пункце валюты.

Спадар: «Я ўзяў грошы і паехаў да яе ж у абменьнік. Атрымалася таемна, што я там нешта за іншае плаціў, бо валютчыкі „праспалі“, што нехта здаў 50 даляраў. І я вось асьцярожна, каб не набілі морду, так гэта зрабіў. А ў іх там чарга, усе перапісаныя, хто першы, другі, трэці…».

Адзін спадар у чарзе перад абменьнікам параіў, як лепей здаць валюту, калі ты нікога ня маеш са знаёмых валютчыкаў.
Сучасны валютчык можа выглядаць як бабулька ў фуфайцы, валёнках, апранутая цёпла, бо мусіць сядзець тут і ўначы.


Спадар: «Людзі, якія дзяжураць каля абменьніка, не заўсёды могуць выглядаць як клясычны валютчык у спартовых штанах. Сучасны валютчык можа выглядаць як бабулька ў фуфайцы, валёнках, апранутая цёпла, бо мусіць сядзець тут і ўначы. Яна таксама купіць валюту па выгаднейшым курсе, і гэта будзе самы бясьпечны варыянт».

«Як выварочвацца і абыходзіць закон, нас вучылі дзясяткі гадоў».

Дзе і як гарадзенцы здабываюць валюту, калі зьяўляецца вострая патрэба?

Спадар: «Гэта штучна зроблена. Чалавек выкруціцца, ён знойдзе гэтыя даляры — у валютчыкаў, «чабурдутчыкаў». Нас выхавалі ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, каб выварочвацца, абыходзіць закон. Як так: для адных валюта ёсьць, для іншых няма? Тры чвэрці беларусаў жыцьця ня бачылі, яны тут працуюць, гадуюць дзяцей, расьцяць ураджай, ім не да валюты. Калі дзесьці хтосьці хапануў валюты якой, тут яму па «пыску» і па ўсіх астатніх «карчаках».

Спадар: «Калі чалавеку неабходна купіць валюту, ён бы зьвярнуўся. Каб у мяне была патрэба, я б таксама. Але не было, то я не шукаў, дзе яе купіць…»

Спадар: «Калі трэба валюта, яе ж не надрукуеш. А дзе яны — бог іх ведае. Яны ў нас у 1990-х былі, а дзе іх шукаць цяпер — ня ведаю».

Спадар: «Я ня ведаю, дзе валютчыкі знаходзяцца, не сутыкаўся. Але каб складалася так сытуацыя, то шукаў бы выйсьце, бо сапраўды валюты нідзе ня ўзяць. Павінна быць альтэрнатыва альбо камэрцыйны курс нейкі продажу. А калі няма, то нічога не застаецца, як шукаць валютчыкаў».

Студэнтка: «Для простага чалавека гэта дапамога, калі некуды трэба выехаць. Тавары таксама прадаюцца па той ужо цане, па якой валютчыкі гандлююць. Таму — якая розьніца? Можна трое сутак прастаяць у чарзе па валюту і штосьці купіць, але для асноўнай масы народу, калі кудысьці паехаць, купіць нешта, то валютчыкі — толькі дапамога».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Валютчыкі прадпрымальнікам не дапамогуць

Берасьцейцы наракаюць: яшчэ нядаўна валюту хоць нейкім чынам можна было набыць, а цяпер сытуацыя практычна безнадзейная. Валютчыкі не ратуюць сытуацыю. Зьвяртаюцца да іх па нязначныя сумы.

Прадпрымальніца зь Берасьця Людміла кажа, што цяпер сытуацыя з валютай надзвычай напружаная. Грошы шукаюць у асноўным праз знаёмых, сваякоў ці ў валютчыкаў, але ня ў банку. Некаторыя, хто езьдзіць за таварам за мяжу, бяруць тавар на пазыку, спадзеючыся, што сытуацыя зьменіцца. Беларускія рублі не прымаюцца замежнымі банкамі:

«Яшчэ два-тры тыдні таму назад магчыма было хоць неяк знайсьці даляры і эўра, а цяпер сытуацыя зусім іншая. Зараз наагул няма ніякай валюты».

Валютчыкі, якія прапаноўваюць даляры і эўра, працуюць з адносна невялікімі сумамі. Курсы ў іх — каля 5000 рублёў. Пры набыцьці вялікай сумы грошай праца прадпрымальнікаў не дае прыбытку, кажа валютчык Валер:

«Ня ўсе рызыкуюць зьвяртацца да валютчыкаў»

«Валюту легальна набыць немагчыма. Нам таксама ня вельмі зараз працуецца. Па-першае, даволі высокія курсы. Акрамя гэтага, мы яшчэ паводле заканадаўства злачынцы. Пакараньне даволі жорсткае. Ня ўсе рызыкуюць зьвяртацца да валютчыкаў. Больш ахвотна людзі праз знаёмых ідуць да прадпрымальнікаў. Курс у іх задавальняе і людзей, і саміх гандляроў».

Прадпрымальнікі зараз практычна не набываюць новы тавар. Шмат хто назапасіў багата беларускіх рублёў, а яны неплатаздольныя, кажа прадпрымальнік зь Берасьця Мікалай:

«У мяне знаёмы гандлюе будаўнічымі матэрыяламі. Ён паказваў мне цэлы вялізны мех беларускіх рублёў. Але гэтыя грошы для яго зараз ня маюць ніякага сэнсу. Набыць нешта за іх практычна немагчыма. Ён наракае, што таваразвароту няма ніякага. Грошы робяцца нікому не патрэбныя».

Берасьцейская прадпрымальніца Людміла разам са знаёмай набывала тавар у Расеі. Каб аплаціць набытае, прыйшлося патраціць колькі дзён, шукаючы знаёмых, якія дапамагалі ў гэтым:

«Дамаўляліся праз знаёмых у банках, плацілі ім, каб нам тэлефанавалі пра расейскія рублі»

«Нам патрэбна было 100 тысяч расейскіх рублёў. У валютчыкаў такая сума каштуе проста завоблачныя грошы. Таму праз знаёмых у банках мы дамаўляліся, плацілі ім, каб нам тэлефанавалі, што былі здадзеныя расейскія рублі. Цяпер працаваць робіцца надзвычай складана, калі не сказаць — немагчыма».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Праз кожныя паўгадзіны — пераклічка

Чэргі ля абменьнікаў «Тэхнабанку» і «Белпрамбудбанку», якія месьцяцца ў абласным цэнтры ля новага ўнівэрмагу, гамельчукі пачалі сёньня ствараць а 2-й гадзіне ночы.

Апавядае спадар Уладзімер, бацька прадпрымальніка, якому й патрэбная валюта:

Мы сёньня ў тры гадзіны прыехалі на аўтамашыне і былі ўжо сёмыя.
«Мы сёньня ў тры гадзіны прыехалі на аўтамашыне і былі ўжо сёмыя. Сьпісы складаюць — жывая чарга. Кожныя паўгадзіны адзначаемся. Паўгадзіны прайшло — пераклічка. Калі адзін раз не прыйшоў, можа яшчэ абысьціся. Другі раз не прыйшоў — выкрэсьліваюць».

Вызначаны й максымальны памер куплі валюты — 100 даляраў альбо 3 тысячы расейскіх рублёў.

Апоўдні чарга ля «Тэхнабанку» вырасла амаль да трох дзясяткаў чалавек. Прыступкі ля ўнівэрмагу рамантуюць: шуміць «балгарка», віскоча дрэль. Пад акампанэмэнт будаўнічых інструмэнтаў мужчына сярэдняга веку са сьпісам у руках пачаў чарговую пераклічку:

«Люба? Дзе Люба? Няма. Што робім?»

Жанчына з чаргі: «Стаўце пытальнік. Яшчэ раз спозьніцца, і будзе як зь Піліпенкай: два разы не прыйшла — выкрасьлілі».

Мужчына са сьпісам: «Таня тут, Галіна, Сьвятлана — астатнія ўсе на месцы».

Некаторыя чакальнікі трымаюць адразу дзьве чаргі — ля «Тэхнабанку» й у «Белпрамбудбанку». Невялікая адлегласьць паміж абменьнікамі дазваляе своечасова праходзіць пераклічку і тут, і там.

Ля «Белпрамбудбанку» сьпіс трымае маладая жанчына. Яна тут першая ў чарзе, таму й вядзе рэй. Кажа, што летам трэба вывезьці сям’ю на адпачынак да мора, а турфірмы ўжо зараз за пуцёўкі патрабуюць разьлік па курсу 1 даляр за 4700 беларускіх рублёў:

«Прыходзім у турфірму, і нам лічаць кошт пуцёўкі па 4700 — лічаць па такім курсе неафіцыйна. Яны ня лічаць паводле афіцыйнага курсу».

Маладзіца кажа, што можна было б ашчаджаць грошы на розныя патрэбы, купляючы золата. Але й тут дзяржава «заціснула» сваіх грамадзянаў:

«Золата не прадаюць, хоць гэта парушэньне канвэнцыі. А я б за свае беларускія грошы хацела б купіць беларускае золата, але ж забаранілі, бо калі будуць раскупляць золата, то наша краіна паляціць у тартарары. Дзяржава заціснула людзей».

Малады чалавек з чаргі заяўляе, што міліцыя пакуль чакальнікаў не чапае:

«Міліцыя ня ўмешваецца — у нас жа тут беспарадкаў няма. Ніхто нас адсюль не адганяе, нават ноччу».
XS
SM
MD
LG