Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пачобут чакае, што суд над ім будзе камэдыйнай падзеяй


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

На блогу журналіста Андрэя Пачобута, які быў абвінавачаны ў абразе і паклёпе на прэзыдэнта і ўтрымліваецца ў турме, зьявіўся тэкст ягонага ліста са зьняволеньня, разьмешчаны яго жонкай.

У ім у прыватнасьці гаворыцца:

«Вы напэўна за мяне перажываеце? А я перажываю за вас. Не запалохаў вас мой пацярпелы? Ці не зламаў? У мяне тут усё ў парадку. У турме як у турме. Да тутэйшай рэчаіснасьці я хутка адаптаваўся. Час баўлю чытаньнем кніг (дзякуй Арлову) і фізычнымі практыкаваньнямі.

Паколькі басэйн тут не паложаны, абмяжоўваюся спартанскімі: адцісканьнямі, практыкаваньнямі для прэса, прысяданьнямі... У выніку цела гудзіць. Дзякуй за віншаваньні з Днём нараджэньня. У такіх умовах мне яго сьвяткаваць яшчэ не даводзілася. Усё было сьціпла і па-спартанску. Але сьвята было, былі віншаваньні і нават сьціплы падарунак ад сукамэрнікаў.

Лісты пішу рэдка. Паколькі пісаць ва ўмовах цэнзуры не прывык. Толькі тут зразумеў, якія пачуцьці апаноўваюць работнікаў дзяржаўных СМІ, калі нельга напісаць самае цікавае таму, што цэнзура не прапусьціць. Розьніца толькі ў тым, што мяне сюды "закаталі", а яны самі добраахвотна ўзьдзелі нашыйнікі. Але хвалявацца за іх ня будзем, кожнаму свой лёс.

Зь нецярпеньнем чакаю суду, думаю ён будзе вельмі вясёлай і нават камэдыйнай падзеяй. Фінал яго, зразумела ж, вядомы, але гэта той выпадак, калі вынік менш важны, чым працэс.

Увогуле, ўдачы! Посьпехаў! Веры!»


За сытуацыяй вакол справы журналіста, карэспандэнта польскай «Газэты выборчай» уважліва сочыць пасольства Польшчы ў Беларусі. Першы сакратар пасольства Павал Марчук паведаміў нашаму радыё:

«Паводле нашых апошніх зьвестак, атрыманых ад яго жонкі, ён знаходзіцца ў камэры памерам 12 квадратных мэтраў, дзе акрамя яго ўтрымліваюцца двое арыштаваных. Адвакат Пачобута падаў пазоў на зьмену ўтрыманьня, каб яго вызвалілі пад паручальніцтва грамадзкай групы. Мы чакаем адказу, можа яго вызваляць да суду. Хаця часу засталося зусім няшмат, бо, як мяркуе адвакат, суд мае адбыцца праз 2 тыдні.

У пасольства абмежаваныя магчымасьці сустрэцца зь ім, бо сп. Пачобут зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Мы імкнёмся праз адваката падтрымліваць сталую сувязь зь ім, дапамагаць яму і яго сям'і» .
XS
SM
MD
LG