Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Хэльсынкскай камісіі ЗША занепакоены станам свабоды прэсы ў Беларусі


Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт

Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт

З нагоды Міжнароднага дня свабоды друку, які адзначаўся 3 траўня, кіраўнікі Хэльсынкскай камісіі ЗША зьвярнулі ўвагу на трывожныя тэндэнцыі, якія пагражаюць свабодзе прэсы ў некаторых краінах АБСЭ.

У якасьці прыкладу старшыня камісіі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт згадаў Беларусь, дзе ўлады цкуюць незалежныя выданьні і арыштоўваюць журналістаў:

«Я глыбока занепакоены рэзкім пагаршэньнем сытуацыі з свабодай прэсы ў шэрагу краінаў АБСЭ за апошні год. Незалежныя мас-мэдыі, чыя задача – сумленнае асьвятленьне падзеяў, маюць вельмі важную ролю ў любым сапраўды дэмакратычным грамадзтве. Мы заўсёды ведалі, што грубыя парушэньні свабоды прэсы – звычайная зьява для краінаў, дзе ўлады зь непрыхаванай пагардай ставяцца да дэмакрату. Але за апошні год мы ўсё часьцей былі сьведкамі спробаў прымусіць замаўчаць незалежныя выданьні і журналістаў.

Я заклікаю беларускія ўлады спыніць бязьлітасную кампанію супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі і паасобных журналістаў, а таксама прывесьці сваю палітыку, у тым ліку і тую, якая абмяжоўвае доступ да інтэрнэту, у адпаведнасьць з абавязаньнямі краіны перад АБСЭ».

Апрача заўвагаў па Беларусі Крыстафэр Сьміт таксама асудзіў становічша з свабодай прэсы ў Туркменістане і Ўзьбекістане, выказаў занепакоенасьць з нагоды рэпрэсіяў супраць незалежных мас-мэдыяў у Азербайджане і ў Турцыі, а таксама цкаваньне журналістаў у Расеі і Казахстане. У дадатак да гэтага К.Сьміт адзначыў пагаршэньне сытуацыі з свабодай прэсы ва Ўкраіне.

Кіраўнікі Хэльсынкскай камісіі віталі ініцыятыву Літвы, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, арганізаваць на пачатку чэрвеня канфэрэнцыю ў Вільні, якая разгледзіць пытаньні бясьпекі журналістаў у краінах АБСЭ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG