Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Стэфановіч: мы прызнаем асуджаных палітвязьнямі


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава асудзілі на 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, маладафронтаўца Алеся Кіркевіча — на 4 гады, сябра ініцыятыўнай групы Саньнікава Дзьмітрыя Дразда — на 3 гады, беспартыйнага Андрэя Пратасеню — на 3 гады, Уладзімера Хамічэнку — на 3 гады. Камэнтуючы прысуды, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які адсочваў увесь працэс, сказаў:

«Доказаў таго, што ў Менску 19 сьнежня былі масавыя беспарадкі, суду не было прадстаўлена. Не даказана віна гэтых людзей у зьдзяйсьненьні злачынства па частцы другой артыкула 293-га, а менавіта ў тым, што яны прынялі непасрэдны ўдзел у масавых беспарадках. Калі казаць асобна па кожным з фігурантаў, то адносна Кіркевіча, у прынцыпе, не было доказаў, што ён нешта рабіў. І чаму яму вынесьлі чатыры гады, я не разумею. Мабыць, за тое, што ён сябра „Маладога фронту“? Гэтыя прысуды зьяўляюцца незаконнымі і павінны быць адмененыя. І мы настойваем на вызваленьні ўсіх асуджаных па 293-м артыкуле і прызнаем іх безумоўна палітвязьнямі.

Масавых беспарадкаў 19 сьнежня ў Менску не было. Гэтая справа яшчэ раз падкрэсьліла, што недапушчальная кваліфікацыя дзеяньняў гэтых людзей па артыкуле 293. Не ішла гаворка пра дзеяньні, якія прыносілі пагрозу грамадзкай бясьпецы. Грамадзкаму парадку некаторыя дзеяньні, магчыма, прыносілі пагрозу, але не грамадзкай бясьпецы. Не прыносілі пагрозы жыцьцю і здароўю грамадзянаў, як гэта гаворыцца ў артыкуле. Таму, натуральна, мы, праваабаронцы, ня згодныя з такімі прысудамі».
XS
SM
MD
LG