Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская АЭС ня будзе адпавядаць міжнародным стандартам»


Рональд Пофала

Рональд Пофала

Беларуская атамная станцыя, якую плянуюць пабудаваць паблізу літоўскай мяжы, ня будзе адпавядаць міжнародным стандартам, заявіў сёньня, выступаючы ў віленскім Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Нямеччыны, міністар па асобых даручэньнях Рональд Пофала. Ён адзначыў, што гэтае пытаньне абмяркоўвалася сёньня на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам. Пра гэта паведамляе партал DELFI.

«Мы абмяркоўвалі заклапочанасьць літоўскага ўраду ў сувязі з будаўніцтвам АЭС на беларускаму баку за 50 км ад Вільні, якая, на нашу сумесную думку, ня будзе адпавядаць міжнародным стандартам, патрабаваньням, якія існуюць у адносінах да такіх электрастанцый», - заявіў нямецкі міністар.

Р. Пофала запэўніў, што на сустрэчы з прэм'ерам ён яшчэ раз паўтарыў, што фэдэральны канцлер Нямеччыны і прэзыдэнт Францыі ў межах самітаў «Вялікай Васьмёркі» і G-20 зробяць захады, накіраваныя на тое, каб падвысіць міжнародныя стандарты для такіх станцый да заходнеэўрапейскіх.

Ён таксама адзначыў, што эўракамісар Гюнтэр Отынгер рыхтуе для Эўразьвязу адзіны стандарт тэхнікі бясьпекі, праверкі стану бясьпекі ўсіх электрастанцый у Эўропе. «У гэтым кантэксьце мы яго падтрымліваем", -- адзначыў ён.

Кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Р. Пофала 4-5 траўня знаходзіўся ў Вільні, дзе правёў сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Раніцай 5 траўня прэм'ер Андрус Кубілюс прыняў Р. Пофалу. Бакі абмеркавалі актуальныя рэгіянальныя палітычныя пытаньні, разьвіцьцё энэргетыкі і пытаньне энэргабясьпекі, абмяняліся меркаваньнямі з нагоды адносін з Расеяй і Беларусьсю.

21 красавіка А.Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланьнем, заявіў: «АЭС жыцьцёва неабходная Беларусі і яна будзе пабудаваная, у нас выбару няма... Тыя, хто выступаюць супраць АЭС — гэта людзі, купленыя нашымі канкурэнтамі. Чаму літоўцы і палякі так перажываюць? Яны самі хочуць сабе пабудаваць АЭС. Яны нашы канкурэнты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG