Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваюцца суды над арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году. Меркаваньні беларускіх палітыкаў на гэты конт запісаў Уладзімер Глод.

Намесьніца старшыні партыі "Справядлівы сьвет" Алена Скрыган тлумачыць жорсткасьць прысудаў, якія выносяцца ўдзельнікам Плошчы, тым, што ўлада па-ранейшаму апанаваная страхам:

"Вельмі моцны быў страх. І ён яшчэ не прайшоў. Больш за тое, ён павялічыўся за кошт тых падзеяў, што адбыліся пасьля 19 сьнежня. Па Беларусі гуляе эканамічны крызіс. І ўжо не дзясяткі, а сотні тысяч людзей ня ведаюць, што будзе ня толькі заўтра, а нават сёньня ўвечары. Гэта стварае вельмі нетрывалую для ўлады атмасфэру. І яна, нават унутрана гэта адчуваючы, засьцерагае сябе жорсткімі прысудамі.

І яшчэ — улада хоча такімі прысудамі запалохаць народ. Яна разумее, што сытуацыя будзе пагаршацца. І таму, чакаючы новых выступленьняў, выносіць жорсткія выракі. Каб людзі баяліся ісьці на Плошчу, каб ведалі, што іх пасьля гэтага чакае".

Старшыня арганізацыйнага камітэту ў справе стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд лічыць: улады па-ранейшаму ў шокавым стане:

"Вельмі многа людзей выйшла на Плошчу. Мабыць, улады спадзяваліся, што пасьля папярэдніх выбараў народу паменее. Спадзяваліся, што частка моладзі зьехала за мяжу — хто вучыцца, хто працаваць, хто "паразумнеў". А тут людзі прыйшлі. І калі раней на Плошчу прыходзіла пераважна беларускамоўная моладзь, то гэтым разам ішла і рускамоўная, ішлі сем'ямі. Адсюль і такая рэакцыя ўладаў. Думаю, што хваля жорсткіх прысудаў падоўжыцца".

Палітык Валянціна Сьвяцкая мяркуе: на паводзінах улады найперш адбіваецца страх перад эканамічнымі праблемамі:

"І каб спрацаваць прэвэнтыўна наперад, каб, як кажуць, непанадна было зноў ісьці на Плошчу, і прымаюцца такія суровыя прысуды ўдзельнікам мірнай акцыі 19 сьнежня.

Другая прычына — улада такімі прысудамі пакідае за сабою магчымасьць гандляваць лёсам вязьняў, як гэта было ў выпадку з Аляксандрам Казуліным. Тады ягоны тэрмін пакараньня стаў прадметам торгу паміж беларускімі ўладамі, з аднаго боку, Эўропай і ЗША — з другога. Улады казалі: мы скароцім Казуліну тэрмін, але і вы зрабіце нешта добрае для нас".
XS
SM
MD
LG