Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як апазыцыянэр Лукін уцёк ад беларускіх памежнікаў


4 траўня на кантрольна-прапускным пункце польска-беларускай мяжы, што ў мястэчку Славатычы, беларускія памежнікі спрабавалі затрымаць Аляксандра Лукіна — прыхільніка былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава. Аляксандру Лукіну ўдалося ўцячы.

Аляксандар Лукін — прадпрымальнік з Кобрына. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году ён далучыўся да ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, сустракаўся зь ім і выказваў падтрымку яго выбарчай праграме. На акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня Аляксандар Лукін быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак, адбываў пакараньне ў Жодзінскай турме.

Пазьней у адным з інтэрвію для Радыё Свабода Аляксандар заявіў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ня бачыць пэрспэктываў вяртаньня ў Кобрын. Таму зьехаў у Францыю, куды перабраліся таксама жонка Алена і дзеці.

Іх спроба прыехаць у Беларусь 4 траўня 2011 году праз памежны пераход Славатычы ледзь ня скончылася затрыманьнем Аляксандра. Дзеці і жонка апынуліся пад прымусам на беларускай тэрыторыі.

Распавядае жонка прадпрымальніка Алена:

"Памежнікі доўга правяралі дакумэнты. Тады муж пачаў хвалявацца, што нешта адбываецца ня так, як трэба, і пачаў адыходзіць на польскі бок".

"Памежнікі доўга правяралі дакумэнты. Тады муж пачаў хвалявацца, што нешта ідзе ня так, як трэба. Будынак на гэтым памежным пераходзе падзелены на дзьве часткі, адна належыць польскаму боку, а другая — беларускаму. Калі ён адчуў трывогу, то пачаў набліжацца да польскага боку".

Беларускія памежнікі празь некаторы час пабеглі за Лукіным, схапілі яго ўжо на польскай тэрыторыі. Польскія памежнікі зьдзівіліся такому затрыманьню, кажа Алена Лукіна:

"Лавілі як сапраўднага злачынцу: беглі за ім, скруцілі рукі, парвалі вопратку, нанесьлі траўмы".

"Увогуле склалася ўражаньне, што ловяць сапраўднага злачынцу. Бо за Аляксандрам беглі, скруцілі яму рукі за сьпінай. Парвалі вопратку, нанесьлі траўмы. Выглядала гэта жахліва. Праўда, празь некаторы час зьявіўся старшы польскай зьмены і пачалі разьбірацца. Калі даведаліся пра тое, што магчымы палітычны перасьлед, сказалі, што Аляксандар застанецца ў іх".

"Беларускія памежнікі адмовіліся аддаць дзяцей, іх зрабілі закладнікамі".

Пашпарт Аляксандра Лукіна застаўся ў беларускіх памежнікаў. Палякі, тым ня менш, прапусьцілі яго на тэрыторыю Польшчы, адкуль ён паехаў у Францыю. Яшчэ на памежным пераходзе Алена і Аляксандар плянавалі вярнуцца ў Францыю разам. Але беларускія памежнікі адмовіліся аддаць дзяцей, якія засталіся, як кажа Алена, закладнікамі:

"Памежнікі сказалі, што я кінула дзяцей, а паколькі яны знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, пад ведамствам краіны, дзяцей нам ніхто не аддасьць. Выглядала, што дзяцей узялі ў закладнікі".

Алена вярнулася пазьней да дзяцей. Беларускія памежнікі выпісалі ёй штраф за адміністрацыйнае парушэньне. Інкрымінавалі ёй парушэньне памежнага рэжыму. Памежнікі казалі ёй, што яны дарма ўцякалі, на самой справе затрыманьне магло быць зьвязана з нязначным штрафам. Аляксандр Лукін накіраваўся ў Францыю. Алена Лукіна разам з дачкой і сынам вярнулася ў Кобрын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG