Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыва дэвальвацыі: адзін сцэнар дрэнны; другі – яшчэ горшы


Нацыянальны банк Беларусі прагназуе зьніжэньне ваганьня курсу беларускага рубля адносна замежных валют. Паводле прадстаўнікоў Нацбанку, на пазабіржавым рынку цягам апошняга тыдня сярэднеўзважаны курс трымаўся ў межах 3700—3850 рублёў за даляр, што, на думку дзяржаўных эканамістаў, дае падставы меркаваць: сытуацыя неўзабаве стабілізуецца. Незалежныя экспэрты перакананыя, што без канкрэтных крокаў спыніць хаос на валютным рынку немагчыма.

Эканаміст Сяргей Балыкін нагадвае, што фармальна ўлады не пагаджаюцца на дэвальвацыю, аднак іншыя варыянты разьвіцьця падзеяў могуць быць зусім ня лепшыя:

"Існуюць два сцэнары, горшыя за дэвальвацыю. Па-першае, множнасьць курсаў. Адзін — так званы дзяржаўны на афіцыйнай біржы, і іншыя — "шэрыя", "чорныя". Чым гэта кепска? Тым, што экспартэры вымушаныя будуць прадаваць валюту па ніжэйшым курсе, фактычна гэта дадатковы падатак на экспарт. Калі нешта прадаецца таньней, то гэта можна лічыць як дадатковы падатак, і гэта будзе толькі стрымліваць наш экспарт. Будзем вымушаныя ўздымаць кошты экспартных паставак, у выніку чаго тавар страціць канкурэнтаздольнасьць.

І ёсьць яшчэ горшы сцэнар, калі курс будуць трымаць адміністрацыйна — ня будзе ні двух, ні трох курсаў, а будзе тое, што ёсьць зараз. Гэта найгоршы сцэнар, але ж будзе нібыта "парадак", можна будзе падняць нарматывы продажу валюты, а можна і ўвогуле забараніць трымаць валюту насельніцтву. Вось гэта дрэнны варыянт".

У Нацыянальным банку па-ранейшаму маюць вялікія спадзяваньні на расейскі стабілізацыйны крэдыт у аб'ёме 1 мільярд даляраў. Перамовы, каб яго атрымаць, вядуцца даўно, але без асаблівага плёну — нават Расея патрабуе ўзамен грунтоўных структурных зьменаў у фінансавай сфэры.

Разам з тым, як лічыць эканаміст Віктар Цярэшчанка, любы крэдыт у цяперашняй сытуацыі будзе "зьедзены" ў імгненьне вока. Канчаткова страціўшы давер да беларускага рубля, людзі зьмятуць валюты столькі, колькі яе ні дай. Праўда, паводле апошніх заяваў прадстаўнікоў Нацбанку, ні ў якія абменьнікі крэдытныя грошы ня пойдуць, а будуць адразу ж накіраваныя на падтрымку золатавалютных рэзэрваў дзяржавы.

Спадар Цярэшчанка перакананы: краіне трэба не спадзявацца на зьнешнія запазычанасьці, а навучыцца нарэшце прадаваць вырабленую прадукцыю і, адпаведна, зарабляць валюту. Пакуль жа рэдкія беларускія тавары трапляюць за мяжу выключна на ўмовах дэмпінгу:

"Я ўвесь час падкрэсьліваю: чаму наш халадзільнік "Атлант" сёньня ў Расеі на 10—15% таньнейшы, чым у Беларусі? Якім розумам гэта можна зразумець? А таму, што прымяняецца дэмпінг — абы прадаць, абы збагрыць. Чаму на складзе ў Маскве трактар МТЗ каштуе меней, чым на ўнутраным рынку ў Беларусі? З той жа прычыны! Чаму нашы трактары, аўтамабілі нават у той жа Літве дзешавейшыя, чым у нас? Дык як гэта ўсё разумець?

А справа ў тым, што ў структуры цаны — вялізная колькасьць стратаў: гэта і жабрацкі калгас "Шлях да камунізму", які балястам вісіць на кошце тавару канкрэтнага прадпрыемства, гэта і вялізныя сумы набраных крэдытаў, якія трэба аддаваць з працэнтамі. І ўсё гэта забіваецца ў кошт прадукцыі. Адкуль жа ёй тады быць канкурэнтаздольнай? Вось і ўжываем дэмпінг — абы прадаць".

Множнасьць курсаў як на безнаяўным, так і на наяўным валютным рынку ўжо прывяла да непажаданых наступстваў. Страціўшы доступ да валютных сродкаў, імпартэры скарацілі ці прыпынілі пастаўку некаторых відаў прадукцыі з-за мяжы, уключна з камплектуючымі для прадпрыемстваў. Новыя партыі тавараў, як правіла, істотна даражэйшыя за дакрызісныя. Паводле некаторых зьвестак, у сувязі з вымушаным згортваньнем дзейнасьці бяз сталай працы апынуліся больш за мільён чалавек — гэта ўдвая больш, чым канстатаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Між тым першы намесьнік міністра гандлю Аляксандар Забела заявіў праз афіцыйныя мэдыі, што ні па якіх таварах — як харчовых, так і нехарчовых — дэфіцыту ў Беларусі няма. Па яго словах, імпартэры забясьпечваюць беларускі рынак тым жа асартымэнтам, што і раней.

Аналітыкі адзначаюць: чым горшая сытуацыя ў эканоміцы, тым меней пра гэта гаворыць афіцыйная прапаганда. У Дзень друку прэзыдэнцкая "Советская Белоруссия" згадвае толькі пра тое, што нэўтралізаваны чарговы валютчык, які ў сытуацыі, створанай самой жа дзяржавай, наладзіў канал куплі і продажу валюты. Пра гэты ж "абуральны выпадак" расказваюць каналы Беларускага тэлебачаньня. Пры гэтым няма ніякага аналізу адносна таго, колькі яшчэ дзяржава зьбіраецца працягваць гэты эканамічны экспэрымэнт.

Між тым, фармальна Нацбанк працягвае "ўмацаваньне" рубля: афіцыйны курс на 6 траўня — 3001 рубель за даляр. Але купіць валюту па такім курсе ні ў адным беларускім банку звычайнаму грамадзяніну немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG