Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САМ-НАСАМ З ЧАСАМ


ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ: “ВЕРА РЫЧ НЕ ДЗЯЛІЛА ЛІТАРАТУРУ НА САВЕЦКУЮ І ЭМІГРАЦЫЙНУЮ”

24 красавіка споўнілася б 75 гадоў Веры Рыч, якая амаль паўстагодзьдзя перакладала беларускую паэзію на ангельскую мову. Да гэтай даты ва ўкраінскім Каневе на Дняпры было прымеркаванае перапахаваньне праху перакладчыцы, якая памерла ў Лёндане 20 сьнежня 2009 году. Чаму для вечнасьці яна абрала ўкраінскую зямлю? На жалобнай імпрэзе ля падножжа гары Чарнечай прысутнічаў літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.

Міхась Скобла: “Язэп, Канеў – для ўкраінцаў месца сьвятое, там пахаваны Тарас Шаўчэнка. Як так сталася, што прах Веры Рыч быў пахаваны менавіта там?”

Язэп Янушкевіч: “Яшчэ ў сакавіку мне патэлефанаваў былы амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы і прапанаваў паўдзельнічаць ва ўрачыстым пахаваньні Веры Рыч ля Чарнечай гары, у тым сапраўды сьвятым месцы. Сярод арганізатараў трэба таксама згадаць Міколу Жулінскага – дырэктара Інстытуту літаратуры імя Тараса Шаўчэнкі і навуковага супрацоўніка гэтай установы Дзьмітра Драздоўскага. Прымалі ўдзел у гэтай жалобнай імпрэзе таварыства «Просьвіта» (дарэчы, Вера Рыч была яго сябрам) і Нацыянальны саюз пісьменьнікаў Украіны. Вера Рыч пахаваная на Казацкім цьвінтары, ля падножжа Чарнечай гары, з вышыні якой і пазірае на белы сьвет Кабзар. У пахаваньні прынялі ўдзел пляменьніца перакладчыцы, а таксама ейны сябра і распарадчык творчай спадчыны доктар Флаўэрс”.

Скобла: “Зь беларускай мовы на ангельскую Вера Рыч пераклала даволі шмат тэкстаў. З даўніх кніг назаву анталёгію “Like Water, like Fire” (“Як агонь, як вада”), з апошніх – анталёгію “Верш на Свабоду”. Ці так жа плённа працавала перакладчыца для ўкраінскай культуры?”

Янушкевіч: “Першы пераклад Веры Рыч на ангельскую зь беларускай мовы быў надрукаваны ў мюнхэнскай газэце “Бацькаўшчына” яшчэ ў 1957 годзе.
Украіна ўганаравала яе прэміяй імя Івана Франка – найвышэйшай узнагародай за пераклады, а ў 2007 годзе – Ордэнам княгіні Вольгі
Дзякуючы ёй па-ангельску загучала паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Натальлі Арсеньневай, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулі, Цёткі, Ларысы Геніюш, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева… На ўкраінскую літаратуру Рыч папрацавала ня меней – пераклала творы Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка, Лесі Ўкраінкі, Васіля Стуса, Ліны Кастэнкі... За ўсё гэта Ўкраіна ўганаравала яе прэміяй імя Івана Франка – найвышэйшай узнагародай за пераклады, а ў 2007 годзе – Ордэнам княгіні Вольгі. Памятаю, атрымаўшы ордэн, яна заяжджала да мяне ў Кракаў, дзе я тады працаваў у архівах, і з гонарам паказвала сваю ўзнагароду”.

Язэп Янушкевіч, Вера Рыч і Ўладзімер Някляеў. Менск, 2007 г.

Скобла: “Сёньня гэта здаецца неверагодным – бээсэсэраўская паэтычная анталёгія “Like Water, like Fire” (“Як агонь, як вада”) выйшла ў сьвет з Пагоняй на вокладцы. І гэта ў 1971 годзе! Я маю ў сваёй бібліятэцы гэтае рарытэтнае выданьне. Цікава, што ў сваёй прадмове Вера Рыч пералічвае сваіх сяброў-спрыяльнікаў: Язэпа Семяжона і – Льва Гарошку, Аляксандра Надсана, Часлава Сіповіча, якія ў БССР трактаваліся адназначна як здраднікі. Ды і склад паэтаў у той анталёгіі быў не зусім савецкі… Як такое магло здарыцца ў пару самай змрочнай брэжнеўшчыны?”

Янушкевіч: “Менавіта тая капітальная анталёгія з Пагоняй на вокладцы і сталася першапрычынаю няласкі афіцыйных бээсэсэраўскіх структураў. Бо кніга выходзіла на сродкі і з дапамогай UNESKO. І тут раптам – "нацыяналістычная" Пагоня! Хоць дзеля справядлівасьці трэба адзначыць: Вера Рыч не дзяліла нашу літаратуру на савецкую і эміграцыйную. Яна мела ўнівэрсальны позірк на ўсё тое, што мы акрэсьліваем словам “гісторыя”. І таму сьмешна-горка было бачыць, як нашы чыноўнікі ад культуры з насьцярогай ставіліся да Веры Рыч падчас яе рэдкіх прыездаў у Беларусь”.

Скобла: “Неаднойчы паведамлялася, што Рыч перакладае “Новую зямлю” Якуба Коласа. Ці пасьпела яна закончыць гэтую маштабную працу?”

Янушкевіч: “На жаль, не пасьпела. У тым самым Кракаве яна расказвала мне, што асноўная праблема для яе як перакладчыцы ня ў тым, што паэма аб’ёмная. Сам пераклад яе не задавальняў. Бо мова ўвесь час разьвіваецца. І нават мова ангельская сярэдзіны ХХ стагодзьдзя не гучала дастаткова паэтычна ў ХХІ стагодзьдзі. Вера Рыч была вельмі патрабавальная да сваёй працы”.

Надмагільны помнік Веры Рыч на Казацкіх могілках у Каневе (Украіна). 2011 г.

Скобла: “Ці адчувала Вера Рыч сваю запатрабаванасьць у незалежнай Беларусі? Ці была яна адзначаная хоць якой дзяржаўнай узнагародай?”

Янушкевіч: “Не, і тут нам павінна быць сорамна. У адрозьненьне ад украінцаў. А насамрэч незалежнай Беларусі ёй не ставала ўсё жыцьцё. Таму і пераклала выдатную анталёгію “Верш на свабоду”. Я шчасьлівы, што сустракаўся зь Верай Рыч і ў Беларусі, і ў Польшчы. Мне ў памяці надоўга застанецца малюнак: спадарыня Вера на спадарожным вазку, які зь пісьменьніцкага Дома творчасьці “Іслач” падвозіў яе на ракаўскі кірмаш. А як нязмушана і лёгка танчыла яна на 200-годзьдзі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча! Вера Рыч і па жыцьці прайшла лёгка, тэмпэрамэнтна, аддаючы свае веды і талент на тое, каб пра беларускую літаратуру ведаў ангельскамоўны сьвет”.

КНІГАРНЯ СВАБОДЫ


АНАТОЛЬ ТАРАС: “ПРАБЛЕМА ПАХОДЖАНЬНЯ БЕЛАРУСАЎ ЧЫНОЎНІКАЎ НЕ ЗАЦІКАВІЛА”

Праблема этнагенэзу беларусаў стала тэматычным ядром шостага выпуску гістарычнага альманаха “Деды”, які нядаўна пабачыў сьвет у сталічным выдавецтве “Харвест” (наклад 1000 асобнікаў). А перад гэтым аўтары альманаха сталі ўдзельнікамі навуковай канфэрэнцыі, якая прайшла ў менскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Арганізаваў канфэрэнцыю і выданьне навуковага зборніка Анатоль Тарас – гісторык і куратар кніжнай сэрыі “Невядомая Беларусь”.

Скобла: “Спадар Анатоль, матэрыялы канфэрэнцыі займаюць ці не траціну альманаха. Пра балцкі ці славянскі складнік (як асноўны) беларускага этнасу сёньня шмат кім і шмат дзе гаворыцца. Апрача афіцыйных мэдыяў і акадэмічных установаў. Ці запрашалі вы іх на сваю канфэрэнцыю?”

Тарас: “Запрашаў, але навукоўцы з Акадэміі навук аднесьліся да майго запрашэньня з усьмешкай. Напрыклад, вучоны сакратар Інстытуту этнаграфіі,
Гісторыкам з Акадэміі навук гісторыя нецікавая, ім трэба галачку паставіць на паперы – пра ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах. А неафіцыйныя іх не цікавяць
мастацтвазнаўства і фальклёру пытаўся ў мяне, колькі дактароў навук увайшло ў аргкамітэт канфэрэнцыі, хто канкрэтна з улады даў дазвол на яе правядзеньне... А я лічыў, што ім будзе цікава атрымаць трыбуну, каб пазнаёміць грамадзкасьць з тым, што яны там натварылі ў сваіх навуках, або нас пакрытыкаваць. Але я памыляўся. Гісторыкам з Акадэміі навук гісторыя нецікавая, ім трэба галачку паставіць на паперы – пра ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах. А неафіцыйныя іх не цікавяць”.

Міхась Скобла: “Ваш альманах “Деды” карыстаецца чытацкай папулярнасьцю. У ім, як правіла, можна знайсьці публікацыі на многія актуальныя для грамадзтва тэмах. А які галоўны крытэр адбору тэкстаў, апрача іх актуальнасьці?”

Анатоль Тарас: “Галоўны крытэр – каб артыкул, які я зьмяшчаю ў “Дедах”, быў цікавы. А цікавым можа быць усё: і старажытнасьць, і сучаснасьць, і падзеі ХІХ стагодзьдзя, і нейкія славутыя асобы беларускай гісторыі, дзеячы культуры. Некаторыя артыкулы пішуцца спэцыяльна для альманаха. У гэтым сэнсе ён – не зусім дайджэст. І такіх матэрыялаў шмат. Напрыклад, для шостага выпуску спэцыяльна напісаны артыкул пра Міндоўга – Аляксеем Дайлідавым і Кірылам Касьцянам. Ігар Лішык пра каркасныя чаўны, на якіх плавалі нашы продкі, таксама па маёй просьбе напісаў. Гэта нідзе не друкавалася, у “Дедах” – першая публікацыя”.

Скобла: “У пэўным сэнсе вы аблягчаеце жыцьцё сваім чытачам. Ім ня трэба шукаць кнігі, выдадзеныя дзесьці ў глыбінцы мізэрнымі накладамі. Часам вы адкрываеце і новыя імёны. Для мяне было нечаканасьцю сустрэць у гэтай кнізе публікацыю “Вытокі Літвы” Генадзя Каўша, зь якім мы хадзілі ў адну школу і які жыве ў мястэчку Дзярэчын на Зэльвеншчыне. А якія матэрыялы ў гэтым ёмістым томе хацелі б вылучыць вы?”

Тарас: “Вельмі добры артыкул Вадзіма Дзеружынскага “Балты ці славяне”. Раю зьвярнуць увагу на артыкул згаданага ўжо Ігара Лішыка пра старажытнае чоўнабудаваньне. Аўтар, дарэчы, таксама з глыбінкі – зь Дзятлаўскага раёну, ён сам будуе гэтыя чаўны. І проста выдатны артыкул Юрыя Туронка “Нежаданая Рэспубліка”. Гісторык з Варшавы вельмі добра паказаў, што бачыць Беларусь незалежнай пасьля кастрычніцкага перавароту ніхто не хацеў: ні расейцы, ні палякі, ні камуністы, ні нацыяналісты. Але так здарылася, што Беларусь ўсё ж атрымала незалежнасьць, праўда, не тады, калі хацелася. Туронак паказаў, чаму ў 1918-19 гады гэтага не атрымалася”.

Скобла: “У “Дедах” зьмяшчаюцца матэрыялы па беларускай гісторыі. Таму дзіўна, што альманах – расейскамоўны. Мне здаецца, гэта зьмяншае чытацкі давер да вашай працы”.

Тарас: “Спрачацца ня буду, можа, і зьмяншае. Але вы павінны ўлічваць тыя ўмовы, у якіх я працую. У мяне няма грошай на выданьне, няма свайго выдавецтва, няма ліцэнзіі прыватнага прадпрымальніка. Каб існаваць і працягваць сваю дзейнасьць, мне патрэбны сродкі, а іх мне даюць толькі камэрсанты. А іх стаўленьне вядомае: тавар (гэта значыць – кнігі) трэба прадаць, атрымаць прыбытак. А калі кніга будзе на беларускай мове, то яна не прадасца, – так яны лічаць. Але я выдаю кнігі і на беларускай мове. Напрыклад, выдаў манаграфію Зьмітра Сасноўскага па гісторыі беларускай музычнай культуры, кнігу Ніны Стужынскай “Беларусь мяцежная”.

Скобла: “Названыя кнігі выйшлі ў межах папулярнай сэрыі “Невядомая гісторыя”. Што ад яе чакаць у найбліжэйшы час?”

У траўні, зьявіцца кніга Івана Ласкова “Старажытная Літва: сваяцтва і лёс”, дарэчы, на беларускай мове
Тарас
: “У гэтай сэрыі ўжо пабачылі сьвет 18 кніг і 6 альманахаў. А неўзабаве, у траўні, зьявіцца кніга Івана Ласкова “Старажытная Літва: сваяцтва і лёс”, дарэчы, на беларускай мове. Ласкоў – беларускі пісьменьнік і гісторык, жыў у Якуцку, і там жа быў забіты ў 1994 годзе. Кнігу яго ніхто не хацеў друкаваць, і вось я хачу гэта зрабіць. Зь цікавага, хоць і палемічнага, дасьледаваньня Ласкова можна даведацца, што продкамі беларусаў былі і не славяне, і ня балты, а вугра-фіны... Пасьля Ласкова выйдзе ў сьвет кніга Сяргея Захарэвіча “Партызаны СССР”. Яна наогул пра партызанаў, ня толькі пра беларускіх, там усе рэгіёны разгледжаныя. Дасьледчык разьвенчвае міты аб савецкай партызанцы, бо мітаў вакол гэтай тэмы прыдумана безьліч”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG