Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пофала: "Свабодныя мэдыі – ядро дэмакратычнай дзяржавы"


Рональд Пофала

Рональд Пофала

Такую заяву зрабіў сёньня кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Нямеччыны, міністар па асаблівых даручэньнях Рональд Пофала, які знаходзіцца ў Вільні. Ён выступіў перад студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і правёў прэсавую канфэрэнцыю для беларускіх журналістаў, -- паведамляе БелаПАН.

Рональд Пофала ў прыватнасьці адзначыў, што ня можна спакойна ўспрымаць пагрозу закрыцьця газэт "Народная воля" і "Наша ніва":

"Для нас свабодныя мэдыі — ядро дэмакратычнай дзяржавы. Мы будзем рабіць усё, каб падтрымаць вас. З той пары, як мы даведаліся пра закрыцьцё газэт, то кожны раз зьвяртаем увагу на непрымальнасьць такога кроку. Мы будзем гэта крытыкаваць, як і зьняволеньне дэманстрантаў. Рэжым трэба прымусіць, каб ён даў магчымасьць вам працаваць. Але можна працаваць і па-за краінай. Напрыклад, праз інтэрнэт. Мы будзем падтрымліваць газэты".

Спадар Пофала таксама сказаў, што паміж Калядамі і Новым годам меў размову зь кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімерам Макеем:

"Мне было важна зьвярнуць ягоную ўвагу на вызваленьне палітвязьняў. Я зазначыў, што ніякіх кантактаў ня будзе, пакуль беларускія ўлады ня выканаюць гэтага патрабаваньня. Больш ніякіх кантактаў не было".
XS
SM
MD
LG