Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць Усамы бін Лядэна і яе наступствы



Прэзыдэнт ЗША Барак Абама забараніў публікаваць здымкі забітага Ўсамы бін Лядэна.

Ня ў нашых нацыянальных інтарэсах дазволіць, каб такога кшталту выявы, як гэта ўжо здаралася ў мінулым, станавіліся своеасаблівымі іконамі, выклікаючы антыамэрыканскія настроі
Тым часам у інтэрнэце зьявіліся здымкі зь месца атакі амэрыканскіх спэцыяльных сілаў 1 траўня ў горадзе Абатабад у Пакістане. Здымкі, зробленыя пакістанскімі вайскоўцамі прыблізна гадзіну пасьля атакі, паказваюць сам дом, у якім хаваўся бін Лядэн, акрываўленыя целы трох мужчынаў, якія былі таксама забітыя падчас апэрацыі, і рэшткі амэрыканскага верталёту, які папсаваўся ў часе апэрацыі ды быў узарваны экіпажам.

Чаму нельга публікаваць пасьмяротныя фатаграфіі бін Лядэна?

Абама заявіў, што пасьмяротныя выявы бін Лядэна могуць быць выкарыстаныя для заклікаў да гвалту супраць амэрыканцаў або як "інструмэнт прапаганды."

Мы ня пусьцім у ход гэты матэрыял у якасьці трафэяў
У запісаным інтэрвію для праграмы "60 хвілін" тэлекампаніі CBS News, якая выйдзе ў эфір 8 траўня, Абама заявіў: аналіз ДНК “не пакінуў ніякіх сумневаў”, што чалавек, якога забілі спэцназаўцы ЗША 1 траўня пакістанскім горадзе Абатабадзе, быў сапраўды Ўсамам бін Лядэнам.

Прэзыдэнт ЗША сказаў таксама, што ён і яго каманда нацыянальнай бясьпекі, у тым ліку міністар абароны Робэрт Гейтс і дзяржсакратарка Гілары Клінтан, абмеркавалі плюсы і мінусы публікацыі "вельмі вобразных" фатаграфіяў цела лідэра "Аль-Каіды", зробленых адразу пасьля таго, як ён быў забіты стрэлам ў галаву. У выніку была дасягнутая дамоўленасьць, што рызыка для нацыянальнай бясьпекі занадта высокая, – сказаў Абама і дадаў: "Мы ня пусьцім у ход гэты матэрыял у якасьці трафэяў".

Да гэтай заявы Барака Абамы верагоднасьць таго, што фотапацьверджаньне сьмерці тэрарыста №1 будзе апублікаванае, была вельмі высокай. Асабліва пасьля таго, як кіраўнік ЦРУ Лэан Панета заявіў, што ён чакае публікацыю прынамсі адной фоткі забітага бін Лядэна.

На брыфінгу ў Белым Доме прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША Джэй Кэрні патлумачыў прычыны рашэньня амэрыканскага кіраўніцтва:

“Гэта фатаграфіі чалавека, які быў забіты стрэлам у твар, дакладней, у галаву. Ня ў нашых нацыянальных інтарэсах дазволіць, каб такога кшталту выявы, як гэта ўжо здаралася ў мінулым, станавіліся своеасаблівымі іконамі, выклікаючы антыамэрыканскія настроі. Для прэзыдэнта прыярытэт №1 – бясьпека грамадзян ЗША дома і за мяжой. Няма патрэбы публікаваць гэтыя выявы, каб пацьвердзіць ідэнтычнасьць Усамы бін Лядэна, а іншых прычын для іх публікацыі прэзыдэнт ня бачыць”.

Бін Лядэна знайшлі дзякуючы катаваньням?


Паводле некаторых сьведчаньняў, асноўная інфармацыя, якая навяла амэрыканцаў на сьлед бін Лядэна, была здабытая падчас допытаў вязьняў, падазраваных у ісламскім тэрарызьме. Як вядома, адміністрацыя папярэдняга прэзыдэнта, Джорджа Буша дазволіла сьледчым карыстацца пры допытах падазраваных у тэрарызьме формай катаваньня, вядомай пад назвай «waterboarding».

Гэтыя сьведчаньні аб адкрыцьці схованкі бін Лядэна вярнулі ў амэрыканскія СМІ дыскусію пра дапушчальнасьць катаваньняў у вайне з тэрарызмам.

«Прэзыдэнт Абама можа слушна ганарыцца сваім сёньняшнім посьпехам, але гэта адбылося, дзякуючы цяжкім рашэньням, прынятым адміністрацыяй Буша» - напісаў на гэтым тыдні Джон Ю, колішні службовец у Міністэрстве юстыцыі ЗША, які пісаў сакрэтныя мэмарандумы прэзыдэнту Бушу, апраўдваючы катаваньні на допытах падазраваных у тэрарызьме.

Але сёньняшняе выданьне International Herald Tribune піша, што катаваньні насамрэч адыгралі невялікую ролю ў навядзеньні амэрыканскіх спэцслужбаў на сьлед бін Лядэна.

Паводле газэты, толькі ў выпадку допытаў і катаваньняў аднаго вязьня амэрыканцы маглі атрымаць істотную інфармацыю пра месцазнаходжаньне тэрарыста № 1, тады як два іншыя вязьні, якіх спазналі самыя цяжкія катаваньні, падалі непраўдзівую інфармацыю пра згаданага кур’ера.

Справу супраць бін Лядэна закрываюць

Сёньняшняе выданьне International Herald Tribune таксама піша, што амэрыканскае правасудзьдзе намерваецца бліжэйшым часам фармальна спыніць справу супраць Усамы бін Лядэна, якая была ўзаведзеная ў чэрвені 1998 годзе па абвінавачаньнях у тэрарызьме.

Першапачаткова бін Лядэн абвінавачваўся ў змове дзеля правядзеньня атакі на вайсковыя аб’екты ЗША. Зь цягам гадоў дадаваліся чарговыя старонкі абвінавачаньня – самыя крывавыя датычылі атакі на Сусьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 году.

Перад тэрарыстычнай атакай 11 верасьня 2001 лічылася, што мэтай амэрыканскага правасудзьдзя было схапіць бін Лядэна і паставіць яго перад амэрыканскім судом. Але гэтая мэта, відавочна, зьмянілася зь цягам гадоў.

Апэрацыя, у якой Усама бін Лядэн быў забіты, была законнай. Ён быў кіраўнікой Аль-Каіды, арганізацыі, якая правяла атакі 11 верасьня
Выступаючы на сэнацкіх слуханьнях 4 траўня, генэральны пракурор ЗША Эрык Голдэр прызнаў, што мэтай амэрыканскай спэцапэрацыі ў Атанабадзе 1 траўня было «забіць або схапіць» бін Лядэна, але адразу дадаў, што бін Лядэн «не спрабаваў здавацца».

Адказваючы на сумневы, ці забіцьцё тэрарыста без суду было законным, Голдэр заявіў:

«Дайце мне нешта вельмі выразна растлумачыць: Апэрацыя, у якой Усама бін Лядэн быў забіты, была законнай. Ён быў кіраўнікой Аль-Каіды, арганізацыі, якая правяла атакі 11 верасьня. Ён прызнаў сваё саўдзельніцтва. Як вы згадалі, ён заявіў, што яго ня возьмуць жывым. Апэрацыя супраць бін Лядэна была апраўданая як акт нацыянальнай самаабароны».

Ці пачнуць падаваць у адстаўку генэралы ў Пакістане?

Адразу пасьля паведамленьняў аб ліквідацыі бін Лядэна у сусьветных СМІ пачуліся намёкі, што пра яго месцазнаходжаньне не магла ня ведаць выведка Пакістану. Некаторыя нават дапускалі, што бін Лядэн жыў цягам шматлікіх гадоў у Атанабадзе, недалёка ад пакістанскай элітарнай вайсковай акадэміі, пад фактычнай апекай пакістанскіх спэцслужбаў.

Гэтыя погаласкі ўнесьлі напружанасьць у амэрыканска-пакістанскія адносіны. Афіцыйны Вашынгтон, каб заручыцца падтрымкай Ісламабаду ў змаганьні з Аль-Каідай, перадаў Пакістану эканамічную і іншую дапамогу на агульную суму 18 мільярдаў даляраў.

Выступаючы сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Ісламабадзе, міністар замежных справаў Пакістану Сальман Башыр адкінуў абвінавачаньні ягонай краіны ў хаваньні месцазнаходжаньня бін Лядэна ад амэрыканцаў:

«Высновы, што нехта ў нашай выведцы або ўрадзе насамрэч забясьпечваў прытулак Усаму бін Лядэну, абсалютна памылковыя. У сапраўднасьці, і гэта прызнаў нават сам урад Злучаных Штатаў, некаторыя зьвесткі, якія давялі да адкрыцьця ягонага месцазнаходжаньня, паходзілі з абмену інфармацыяй паміж нашай выведкай і ЦРУ» -- сказаў Башыр.

Выступаючы сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Рыме, дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан таксама сказала, што Пакістан быў партнэрам ЗША ў змаганьні з тэрарызмам і дапамог Вашынгтону «аказаць беспрэцэдэнтны ціск на Аль-Каіду і яе кіраўніцтва».

Але сусьветная прэса зьвяртае ўвагу, што акрамя падазрэньняў у супрацоўніцтве з Аль-Каідай, пакістанскія вышэйшыя вайскоўцы таксама праглынулі ладную порцыю прыніжэньня ў сувязі з амэрыканскай апэрацыяй у Атанабадзе.

«Факт, што чатыры верталёты ЗША маглі ўляцець у краіну, забіць найбольш славутага тэрарыста на сьвеце і потым вылецець з краіны бяз ведама ўзброеных сілаў Пакістану або яго выведкі выклікалі ашаломленае маўчаньне гэтых ведамстваў, якое некаторыя інтэрпрэтуюць як вялізарную зьбянтэжанасьць, а нават прыніжанасьць» -- піша сёньня International Herald Tribune.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG