Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх праваабаронцаў прымушаюць зьехаць зь Беларусі


Двое расейскіх праваабаронцаў – Вікторыя Громава і Аляксандар Мнацаканян мусяць цягам сутак пакінуць Беларусь. Пра гэта "Свабодзе" паведаміла Вікторыя Громава.

Паводле спадарыні Громавай, у Першамайскім РАУС Менску ўчора позна ўвечары абодвум праваабаронцам прадэманстравалі дакумэнты, згодна зь якімі яны ўключаныя ў так званыя сьпісы неўязных на тэрыторыю Беларусі. Для Вікторыі Громавай гэтая забарона дзейнічае да 31 сакавіка 2012 году, для Аляксандра Мнацаканяна – да 31 траўня 2013 году.

"Ніхто не патлумачыў нам, чаму нас уключылі ў гэтыя сьпісы. Больш таго, нам сказалі, што гэтага ніхто і ніколі не патлумачыць", – гаворыць Вікторыя Громава.

Вікторыя Громава, Аляксандар Мнацаканян, а таксама яшчэ тры грамадзяніны Расеі -- Ірына Пайкачава, Юры Джыбладзэ, Любоў Захарава і грамадзянін Украіны Ўладзімер Чэмерыс увечары 4 траўня былі затрыманыя ў праваабарончым цэнтры "Вясна" і каля яго. У офісе плянавалася прэзэнтацыя даклада пра падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску.

Першым з РАУС адпусьцілі Ўладзімера Чэмерыса, затым – трох расейцаў. Ніякіх абвінавачаньняў ім выстаўлена не было, прычын затрыманьня не патлумачылі.

Паводле меркаваньня супрацоўнікаў Міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі, затрыманьні ўяўляюць сабой спробу сарваць прэзэнтацыю даклада пра падзеі 19 сьнежня. Яго падрыхтавалі спэцыяльны дакладчык Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Ніл Джарман і група міжнародных экспэртаў у пытаньнях свабоды мірных сходаў.

Міжнародная назіральная місія згадвае, што раней у сьпісе неўязных апынуліся два грамадзяніны Расеі – праваабаронцы Андрэй Юраў і Мікалай Кандраценка. Таксама на беларуска-ўкраінскай мяжы зьнялі зь цягніка і накіравалі назад у Кіеў украінскіх праваабаронцаў Максіма Кіцюка, Марыну Цапок і Міхаіла Каменева.

Як паведамляюць на афіцыйным сайце Камітэту міжнароднага кантролю, плянуецца працягнуць прэзэнтацыю "беларускага" даклада ў Макве, Брусэлі, Вільні ды іншых гарадах.
XS
SM
MD
LG