Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі ідуць ў Фрунзенскі суд


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

5 траўня ў Фрунзенскім судзе Менска пачнецца разгляд справы былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама актывістаў іх выбарчых штабоў.

Разам з Уладзімерам Някляевым і Віталем Рымашэўскім будуць судзіць сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуту і Сяргея Вазьняка ды даверанаю асобу Рымашэўскага Насту Палажанку. Ім усім высунутае абвінавачаньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу – да 3 гадоў зьняволеньня.

Ці зможа ўдзельнічаць у працэсе былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, які цягам мінулага тыдня моцна хварэў -- у палітыка абвастрыўся радыкуліт, яму давялося прайсьці курс адмысловых уколаў. Някляеву было цяжка сядзець доўгі час.

Жонка палітыка Вольга Някляева напярэдадні заявіла, што працэс адкладаць з-за стану здароўя ня будуць.

"Суд будзе. Будзе ён на судзе, адкладаць ня будзем. Паглядзім па першаму дні, як ён высядзіць".

Вольга Някляева
Паводле Вольгі, Уладзімер Някляеў апошнія дні інтэнсіўна працаваў з адвакатамі, рыхтаваўся да працэсу. Вінаватым сябе палітык не прызнае, хаця не адмаўляе, што заклікаў людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 19 сьнежня на мірную акцыю пратэсту. Навошта?

"Будзем тлумачыць, з якой мэтай ён хацеў, каб людзі прыйшлі на плошчу, ў сувязі з якімі падзеямі ўсё гэта адбывалася. Заўтра ўсё пачуеце", -- сказала напярэдадні "Свабодзе" адвакат Тамара Сідарэнка. Разам з ёй абараняюць Уладзімера Някляева будзе адвакат Уладзімер Букштынаў.

Уладзімер Някляеў адбыў болей за месяц у СІЗА КДБ гэтак званай "амэрыканцы", адкуль быў пераведзены пад хатні арышт.

У тым жа працэсе прадстане перад судом былы кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі. Вядома, што калі Ўладзімер Някляеў да Кастрычніцкай плошчы не дайшоў – ён быў зьбіты да непрытомнасьці людзьмі, чые асобы дагэтуль высьвятляе сьледзтва, -- то Віталь Рымашэўскі быў і на абедзьвюх плошчах, дзе адбываліся асноўныя падзеі 19 сьнежня. Палітык кажа, што часткова сваю віну будзе прызнаваць.

Віталь Рымашэўскі
"Шмат з чым з таго, што ёсьць ў маім абвінавачваньні, я пагадзіцца не магу. А з іншага боку, немагчыма і аспрэчыць некаторыя рэчы, ў прыватнасьці, што я таксама заклікаў людзей прыйсьці на плошчу. Таму, некаторыя пункты аспрэчваць ня будзем, іншыя будзем аспрэчваць".

Віталь Рымашэўскі не біў шыбы і не ламаў дзьверы Дому ўраду, і нават спрабаваў спыніць тых, хто гэта рабіў. Вядома, што падчас гэтых падзей Рымашэўскаму да крыві разьбілі галаву. Кандыдат на прэзыдэнта Рымашэўскі быў арыштаваны 20 сьнежня і прабыў некалькі дзён ў СІЗА КДБ. Там жа, ў "амэрыканцы" трымалі і астатніх абвінавачаных па гэтай справе – болей за ўсіх палітоляга Аляксандра Фядуту, якога выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд у красавіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG