Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе ад 3 да 4 гадоў. Актывістам больш, чым беспартыйным


Судовы працэс па справах актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Паўла Вінаградава, прадстаўніка «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Дразда, маладафронтаўца Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасені, які не належыць ні да якіх партыяў і рухаў, і Ўладзімера Хамічэнкі, якога празвалі «навушнікам», блізіцца да завяршэньня. Цягам чацьвёртага дня працэсу заслухалі апошніх сьведкаў, прагледзелі відэаматэрыялы, а таксама пачаліся судовыя спрэчкі. Пасьпеў выступіць дзяржаўны абвінаваўца і трое адвакатаў.

Судовае паседжаньне доўжылася амаль да восьмай гадзіны вечара. У судовых спрэчках выступілі дзяржаўны абвінаваўца Бароўскі і тры адвакаткі. Пракурор настойваў на тым, што на плошчы былі масавыя беспарадкі. Ён запатрабаваў беспартыйных праграміста Андрэя Пратасеню і беспрацоўнагаЎладзімера Хамічэнку асудзіць на 3 гады пазбаўленьня волі, прадстаўніка «Эўрапейскай Беларусі» архівіста Зьмітра Дразда — на 3,5 году, актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Паўла Вінаградава і маладафронтаўца Алеся Кіркевіча — на 4 гады пазбаўленьня волі.
Не прымаюцца ніякія хадайніцтвы ад адвакатаў, не праглядаюцца відэазапісы, якія павінны былі праліць сьвятло на гэтую справу.

Бацька Паўла Вінаградава спадар Юры выказаў такое меркаваньне пасьля паседжаньня:

«Проста словаў няма. Не прымаюцца ніякія хадайніцтвы ад адвакатаў, не праглядаюцца відэазапісы, якія павінны былі праліць сьвятло на гэтую справу. Ня ведаю, ня ведаю… Добра, хоць зьнялі артыкул па зьнявазе сымбаляў. Хаця як зьнялі… Усё адно Пашу прызналі вінаватым. Тым ня менш, хаця б 370 артыкул не фігуруе ў ягонай справе. Але тэрмін, які запатрабаваў пракурор — гэта жахліва».

Абвінавачаньне Паўла Вінаградава па артыкуле 370 — зьнявага дзяржаўных сымбаляў у 2007 годзе — зьнятае ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўніны для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці.

На працэсе праглядалі відэаматэрыялы. На некаторых кадрах абвінавачаныя пазналі сябе. Бачна было, напрыклад, як наносіў удары па шчыту АМАПаўца Пратасеня, як Хамічэнка біу па шафах і сталах, што прыкрывалі выбітае шкло у дзьвярах Дома ўраду… Але шмат было проста агульных плянаў плошчы. Адвакаты хадайнічалі, каб у судзе паказалі відэаматэрыялы з плошчы, прадстаўленыя БХК, але судзьдзя Ала Булаш адхіліла хадайніцтвы. Затое пракурор заявіў, што ўступілі ў сілу рашэньні ранейшых судоў, якія трактавалі падзеі 19 сьнежня як «масавыя беспарадкі», і таму масавыя беспарадкі цалкам даказаныя.

Наста Палажанка выступала на судзе ў якасьці сьведкі, потым слухала пракурора і адвакатаў:

«Уражаньні ў мяне вельмі сумныя, таму што мне вельмі сумна назіраць, як працэс за працэсам маладыя людзі адпраўляюцца за краты. Тым больш па сапраўды надуманых абвінавачваньнях у масавых беспарадках, якія ня мелі месца быць. Мне вельмі балюча, што гэта мае блізкія сябры, якія на нейкі час (ня думаю, што гэта будзе столькі, колькі называе пракурор ці судзьдзя), але будуць вымушаныя знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі. Я думаю, няма ніводнага чалавека, які верыць, што у нашай краіне былі масавыя беспарадкі…»

У чацьвер а 10-й раніцы — наступнае паседжаньне. Выступяць яшчэ два адвакаты. Потым — з апошнім словам абвінавачаныя. Мяркуецца, што будзе вынесены і прысуд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG