Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка сустрэўся з адвакатам для напісаньня скаргі на прысуд. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі піша зь вязьніцы, што «яму крыўдна за краіну». Актывіст «Руху за свабоду» Мікіта Ліхавід кажа, што будзе называцца ў калёніі «незаконна асуджаны».

Зьміцер Бандарэнка, якога асудзілі на 2 гады зьняволеньня, падрыхтаваў разам з адвакатам Юрыем Сташкевічам скаргу на прысуд. Пра гэта 4 траўня паведаміла жонка вязьня Вольга:

«Сёньня да яго трапіў адвакат. Яны напісалі скаргу. Улічваючы, што якраз сёньня Дзьмітрыю перадалі копію прысуду, ёсьць 10 дзён для падачы скаргі. Але, мяркую, гэта будзе зроблена значна хутчэй».

Трымаюць Зьмітра Бандарэнку па-ранейшаму ў СІЗА КДБ.

Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі рыхтуецца да суду — працэс над ім пачнецца 11 траўня. Класкоўскага будуць судзіць разам з экс-кандыдатамі Міколам Статкевічам, Дзьмітрыем Вусам ды яшчэ чатырма актывістамі. Вязень даслаў ліст сваёй сястры Вользе:

«Ён спакойна рэагуе на тое, што неўзабаве адбудзецца суд, і піша: „Што я, за дзяржаву, як кажуць, крыўдна!“. Тон усіх ягоных лістоў такі, што ён ніколі ня скардзіцца на свой лёс, а толькі непакоіцца за сваякоў».

Павал Севярынец, вязень, у лісьце выказвае падтрымку мне, якая на волі.
Вольга Класкоўская паведаміла, што атрымала ліст ад Паўла Севярынца, зь якім знаёмая шмат гадоў. «Павал Севярынец, вязень, у лісьце выказвае падтрымку мне, якая на волі», — кажа Вольга Класкоўская.

4 траўня маці актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда мела спатканьне зь ім у СІЗА на Валадарскага.

Алена Ліхавід: «Хадзіла сёньня на спатканьне зь Мікітам, вельмі ён моцна схуднеў. У параўнаньні нават з судом — яшчэ болей. Зялёнага колеру твар. Кажа, толькі зараз, калі пачалося сонца, сталі часьцей выводзіць на прагулкі. І часу на прагулкі больш даюць. Але якія там прагулкі? Ходзіш па пэрымэтры, і ўсё».

7 або 13 траўня Мікіту Ліхавіда адправяць па этапе ў Наваполацкую калёнію. «Там не зьбіраюся падпісваць ніякія паперы і называцца буду «незаконна асуджаным», — сказаў Мікіта маці.

Мікіту Ліхавіда за ўдзел у масавых беспарадках 19 сьнежня пакаралі 3,5 гадамі зьняволеньня.

Маці актывіста «Маладога фронту» Эдуарда Лобава паведаміла: ад яго прыйшоў ліст, ужо не з карантыну, а з атраду. Але больш ніякіх пэўных зьвестак пра сябе Эдуард не паведаміў.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук не прасіў прабачэньня ў маці журналісткі Ірыны Халіп Люцыны Бяльзацкай пасьля выступу ў судзе на працэсе над Андрэем Саньнікавым. У судзе ў якасьці сьведкі спадар Раманчук выступіў сёньня, 4 траўня. Люцына Бяльзацкая распавяла:

«Ён не прасіў прабачэньня за той свой выступ па тэлебачаньні, а тлумачыў, што гэта для судовай справы ня мае ніякага значэньня. І што ён ратаваў людзей. Я яму на гэта сказала, што ён сябе ратаваў. Ён сказаў, што зараз скажа добра. І праўда, у судзе ён нічога таго дрэннага не казаў».

І ўсё ж, паводле Люцыны Бяльзацкай, Ірына Халіп «ня верыць у шчырасьць Яраслава Раманчука».
XS
SM
MD
LG