Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-канфэрэнцыя праваабаронцаў аб’яўленая выбухованебясьпечнай


Супрацоўнікі праваахоўных органаў 4 траўня ўвечары сарвалі прэзэнтацыю дакладу пра падзеі ў Менску 19 сьнежня. Міліцыянты затрымалі некалькіх грамадзянаў Расеі і Ўкраіны, якія знаходзіліся ў офісе. Свае дзеяньні яны патлумачылі «неабходнасьцю высьвятленьня законнасьці іхняга знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі». Пазьней затрыманых адпусьцілі.


Беларуская праваабаронца Алена Лапцёнак ў размове са Свабодай нагадала, што а 19-й гадзіне ў офісе правабарончага цэнтру «Вясна» павінна была адбыцца прэзэнтацыя відэадакладу спецыяльнага дакладчыка Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак прыкладна за гадзіну да пачатаку імпрэзы супрацоўнікі праваахоўных органаў зрабілі вобшук. Паводле іх словаў, нехта патэлефанаваў, што ў офіс возяць падазроныя скрынкі. Таму зрабілі праверку на наяўнасьць выбуховых прыстасаваньняў.

Міліцыянты павезьлі ў Першамайскі РУУС з офісу «Вясны» двух экспэртаў з Расейскай Фэдэрацыі, а таксама актывіста «Вясны». Таксама ў РУУС адвезьлі і некалькі актывістаў-правабаронцаў, якія прыйшлі да офісу пазьней. Іх забралі непасрэдна з вуліцы. Сярод іх праваабаронцы з Расеі і Ўкраіны.

Як перадае «Інтэрфакс», расейскі консул наікраваўся ў Першамайскі РУУС для высьвятленьня прычынаў затрыманьня грамадзянаў сваёй краіны. Амбасадар Украіны ў Беларусі Ўладзімер Бясьсмертны паведаміў, што інфармацыя аб затрыманьні ўкраінскага грамадзяніна будзе даведзеная да МЗС ягонай краіны.

Сярод затрыманых грамадзяне Расеі Люба Захарава, Юры Джыбладзэ, Ірына Пайкачава, Вікторыя Громава, Алік Мнацканян і грамадзянін Украіны Ўладзімер Чамярыс.

Разьвіцьцё падзей у рэжыме онлайн

22:30 Адпушчаныя і астатнія затрыманыя -- грамадзяне Расеі.

21:50 Як паведаміў «Свабодзе» праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які знаходзіцца каля будынку Першамайскага РУУСа, усяго затрымана шэсьць чалавек: чатыры прадстаўнікі Расеі і па адным — зь Беларусі і Ўкраіны.

Першым на гэты момант ужо адпушчаны Ўладзімер Чамярыс з Украіны. Ён сказаў «Свабодзе»: «Я даў тлумачэньне, зь якой мэтай знаходжуся ў Беларусі. Праз хвілін 40-45 мяне адпусьцілі і сказалі, што я магу вяртацца на Радзіму. Аднак цягнік на Кіеў ужо зьехаў…»


Спадар Чамярыс таксама сказаў, што зацікаўленасьць у ягоным лёсе праявілі супрацоўнікі ўкраінскага пасольства.


20:05 Двое праваабаронцаў з Расеі накіраваныя ў РУУС Першамайскага раёну Менску. Пра гэта «Свабодзе» паведамілі з офісу праваабарончага цэнтру «Вясна». Міліцыянты заявілі, што гэта робіцца з мэтай высьвятленьня падставы знаходжаньня праваабаронцаў у «Вясьне».


Праваабаронца Вікторыя Громава сказала, што яна спрабуе датэлефанавацца ў амбасаду Расеі ў Беларусі, каб паведаміць пра падзеі, што адбываюцца ў офісе «Вясны».

19:50 Журналістаў не пускаюць да праваабаронцаў

Як паведамілі «Свабодзе» праваабаронцы зь «Вясны», міліцыянты забралі пашпарты ў некалькіх грамадзянаў Расеі, якія знаходзіліся ў офісе. Свае дзеяньні яны патлумачылі «неабходнасьцю высьвятленьня законнасьці іхняга знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Вікторыя Громава сказала, што акрамя сустрэчы журналістаў з двума сябрамі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі плянавалася і відэаканфэрэнцыя з дакладчыкам у гэтым пытаньні Нілам Джарманам.

Усім, хто знаходзіцца ў офісе «Вясны», забаронена пакідаць памяшканьне. А журналістаў, якія прыехалі сюды, у офіс не прапускаюць.

19:00 А 19-й гадзіне ў Менску ў офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» павінна была адбыцца прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў міжнароднага Камітэту міжнароднага кантролю за падзеямі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак мерапрыемства дагэтуль не пачалося.

Праваабаронца Алена Лапцёнак, якая знаходзіцца ў офісе, распавяла праз тэлефон «Свабодзе»:

«Незадоўга да пачатку прэсавай канфэрэнцыі ў офіс зайшлі пяць чалавек. Яны прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку. Яны нібыта праводзяць праверку пра справе выбуху ў менскім мэтро. Супрацоўнікі праваахоўных органаў праверылі дакумэнты, скрыні, шафы. Выбуховых прыстасаваньняў яны не знайшлі. Але сказалі нам, што трэба чакаць прыезду спэцыяльнай міліцэйскай групы.

Я думаю, усё гэта зьвязана з нашымі сябрамі — замежнымі праваабаронцамі, якія хацелі правесьці тут прэсавую канфэрэнцыю».

Расейская праваабаронца Вікторыя Громава дадае: «Да нас зараз нікога не ўпускаюць і не выпускаюць. Прадстаўнікі спэцслужбаў кажуць, што ў гэтае памяшканьне быццам нехта ўносіць невядомыя скрыні. Гэта ня так. З журналістамі павінны былі сустрэцца два экспэрты — Юры Жэўладзэ з Расеі і Ўладзімер Чыміріс з Украіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG