Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Курсы куплі і продажу даляраў у банках на Берасьцейшчыне практычна аднолькавыя, розьніца — усяго некалькі рублёў. Большасьць людзей не нясуць валюту ў абменьнікі. Карыстаюцца паслугамі валютчыкаў або зьвяртаюцца да прадпрымальнікаў.

Вялікія чэргі ахвотных набыць валюту зьбіраюцца каля абменных пунктаў на вакзалах.

У Івацэвічах на Берасьцейшчыне чэргі з ахвотных набыць валюту — каля абменных пунктаў на вакзале і на рынку. Некаторыя стаяць у чэргах практычна ўвесь дзень. Пэнсіянэрка з Івацэвічаў Марыя Васільеўна зьбірае даляры для ўнучкі, якая навучаецца ў Менску. Грошы патрэбныя, каб аплаціць кватэру:

"Мне ўжо 73 гады, я маю шмат часу, таму стаю ў чарзе каля гэтага абменьніка. А чэргі даволі вялікія. Я пазаўчора была 11-я ў чарзе. Прастаяла цэлы дзень і нічога не купіла. Унучка навучаецца ў Менску. За кватэру ёй трэба плаціць даляры, беларускія ніхто ня хоча браць. Таму стаю каля абменнага пункту ўвесь час. Так я не стаяла б тут ніколі".

Жанчына бярэ з сабою ежу, бо, кажа, практычна жыве цяпер каля абменнага пункту. Праўда, здаюць даляры тут вельмі рэдка:

За цэлы дзень я здолела набыць толькі 100 даляраў
"Я літаральна з пачатку красавіка штодня стаю ў чарзе. Але валюты зусім ніякай няма. Калі яшчэ расейскія рублі час ад часу зьяўляюцца, то даляры — вельмі рэдка. Нехта зрэдку здасьць 10 даляраў. Я за тыдзень здолела набыць толькі 100 даляраў. А стаю тут практычна ўвесь дзень, пакуль працуе абменны пункт. Але людзі не нясуць грошы. Цяпер усе хітрыя сталі, ідуць да валютчыкаў".

Каля абменнага пункту на Івацэвіцкім рынку чарга меншая. Даляры тут прадаюцца па 3073 рублі, купля — 3070. У абменьнік мала хто заходзіць, здаюць або прадпрымальнікам, або валютчыкам, кажа Віктар, які стаіць у чарзе практычна тыдзень:

Невядома, калі сытуацыя зьменіцца…
"Няма зусім у продажы валюты. Вось нядаўна прынесьлі, здалі 10 даляраў. А мне трэба плаціць зараз за гараж, за кватэру, якую здымаю. Ніхто ня хоча зараз беларускія рублі браць, спасылаюцца на дамоўленасьць, паводле якой аплата вядзецца ў далярах. А дзе іх зараз браць? А да валютчыкаў я не зьвяртаюся. Рызыкоўна гэта вельмі. А людзям заўсёды была патрэбная валюта. Цяпер вясельляў шмат, дарыць патрэбна. Многія жадаюць набыць аўтамабіль. А валюты зусім няма. І невядома, калі сытуацыя зьменіцца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG