Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБШЧЫНА


У віцебскіх банках валютныя апэрацыі зьдзяйсьняюцца паводле квіткоў на чаргу, якія выдае адмысловы аўтамат. Тыя, хто спадзяецца набыць валюту, бяруць адразу па некалькі квіткоў на абменныя апэрацыі — адзін за адным.

Як іх потым выкарыстоўваюць, распавёў жыхар Віцебску, які здаваў даляры ў Беларусбанку:

"Я толькі во іду з банку. Там была вялікая чарга, і я быў адмовіўся ад таго, каб здаваць тут грошы. Але сьледам за мной выйшаў чалавек і прапанаваў мне свой квіток на чаргу. Калі я здаў замежную купюру, ён пайшоў сьледам за мной і яе набыў".

Чэргі ў банкаўскіх аддзяленьнях вялікія: іх, бывае, займаюць цэлымі сем’ямі, бо кожны, хто набывае даляры або эўра, мусіць зноў станавіцца апошнім. Па афіцыйных жа курсах людзі здаюць валюту дужа неахвотна, таму за яе нават даплачваюць:

"Яшчэ ў адным банку мне давялося назіраць такое. Людзі паміж сабой дамаўляюцца, нехта здае валюту, нехта тут жа яе купляе, а розьніцу паміж афіцыйным і неафіцыйным курсамі людзі выплачваюць адзін аднаму па-за межамі банку".

"Могуць памяняць, а могуць і адабраць"

Розьніца паміж курсамі істотная — каля 600—700 рублёў за адзін даляр. Расейскія рублі, неабходныя віцебскім прадпрымальнікам, каб набываць у Расеі новы тавар, людзі гатовыя купляць у бліжэйшых Рудні ці Смаленску таксама па неафіцыйным курсе — замест 113 па 180—200 беларускіх рублёў за адзін расейскі. Такім чынам, "чорны" курс вышэйшы амаль удвая, кажа прадпрымальніца Ірына:

"У два разы даражэй, адсоткаў на 80, на 70 даражэй у валютчыкаў. Гэта не валютчыкі — гэта "добрыя людзі".

Спадарыня Ірына саркастычна пасьміхаецца, бо з "добрымі людзьмі" ў беларускіх прадпрымальнікаў ужо былі прыкрыя інцыдэнты, калі грошы ў іх проста адбіралі. Скардзіцца ў расейскую паліцыю безвынікова, бо такі абмен — незаконны, прычым дужа рызыкоўны:

"Ты ж з грашыма туды едзеш, а там "бязьмежжа". Там жа хто якога сылікону ў кулак напампаваў, той і сіла, той і герой. Адбяруць, і нікому нічога ня скажаш! А калі наша праца была бясьпечная і ня страшная? Дзякуй "добрым людзям", што не забілі, а грошы — пайду яшчэ зараблю"…

У Расеі можна нарвацца на рабунак або паліцэйскі налёт

Легальнага спосабу абмяняць беларускія рублі на расейскія ў бліжэйшым замежжы няма: банкі "зайчыкаў" не прымаюць і не канвэртуюць. А да мянялаў беларускія прадпрымальнікі езьдзяць ужо па двое ці па трое — каб пазьбегнуць рабунку або паліцэйскага налёту.
XS
SM
MD
LG