Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чарзе — прадпрымальнік, яго маці й сястра


Прадпрымальнікам з Гомелю даляры патрэбныя, каб закупляць тавар у Расеі. Некаторыя дзеля гэтага мабілізуюць нават сямейнікаў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Расказвае спадар Аляксандар, які пільнуе сваю чаргу ля перасоўнага абменьніка "Франсбанку":

"У чэргах тут — я, маці й сястра. Занялі чаргу — і стаім. Учора я быў трынаццаты, а сёньня першы ў той касе. У гэтай касе ўчора я быў трыццаты, а сёньня — восьмы".

У чэргах людзі стаяць і па два, і па тры дні — колькі спатрэбіцца. "Чужак" без чаргі ў абменьнік не праскочыць:

"Нікога наперад не прапусьцяць, бо ўсе стаяць не гадзіну й ня дзьве. Я ведаю, які я ў чарзе. Прыходжу й гляджу, за кім стаю. Дзяжурым і ноччу. Можаце прыйсьці ноччу і паглядзець. Крытычная сытуацыя".

Міліцыянты ведаюць, як аб'ехаць праблему

У беларускіх райцэнтрах паблізу ад украінскай мяжы абачлівыя людзі да апошняга часу імкнуліся выкарыстаць лепшую сытуацыю на фінансавым рынку суседзяў.

Апавядае жыхар Брагіна спадар Уладзімер:

"Мы, у каго заробак паступае на картку "Віза", едзем у Чарнігаў і праз банкамат здымаем даляры. Там 200 даляраў можна было зьняць на адну картку "Віза". Асабліва міліцыя -- карткі зьбірае ў Брагіне й едзе ў Чарнігаў".

Падобныя хітрыкі, аднак, хутка заўважылі ці то суседнія фінансісты, ці свае, беларускія. І ўвялі абмежаваньне:

"Кісларод" перакрываюць украінцы

"Нядаўна адмянілі гэтыя 200 даляраў. І зараз ужо можна зьняць толькі 300 грыўняў. Гэта значыць, зьмяншаюць і зьмяншаюць. І хутка, відаць, наагул перакрыюць кісларод так, што на нашу картку нічога нельга будзе зьняць".
XS
SM
MD
LG