Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадарчы суд Менску — за высяленьне партыі БНФ


Уладзімер Лабковіч і Рыгор Кастусёў у часе судовага пасяджэньня

Уладзімер Лабковіч і Рыгор Кастусёў у часе судовага пасяджэньня

Гаспадарчы суд Менску не задаволіў пазоў партыі БНФ і грамадзкай арганізацыі БНФ "Адраджэньне" да ЖРЭА Савецкага раёну Менску. Пазоўнікі дамагаліся праз суд прымусіць камунальныя службы заключыць дамову аб арэндзе памяшканьня на праспэкце Машэрава, 8. У сваю чаргу, ЖРЭА Савецкага раёну зьвярнулася ў суд, каб вызваліць арандаваную сядзібу.

Судзьдзя Алена Мельнікава правяла два судовыя паседжаньні паводле пазову грамадзкай арганізацыі і партыі БНФ. Юрыст Уладзімер Лабковіч даводзіў, што камунальныя службы адмовілі ў заключэньні дамовы арэнды беспадстаўна, а таксама падкрэсьліваў, што сядзіба БНФ — цэнтар палітычнага і нацыянальна-культурнага жыцьця сталіцы. Па ягоных словах, супрацоўнікі ЖРЭА Савецкага раёну і Менгарвыканкаму не хавалі таго факту, што загад на высяленьне грамадзка-палітычных арганізацый паходзіў з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Патрабаваньні абодвух пазоўнікаў абавязаць камунальныя службы заключыць дамову арэнды судзьдзя пакінула без задаваньненьня. Гаворыць Уладзімер Лабковіч:

"Суд не задаволіў нашай скаргі, але мы іншага рашэньня і не чакалі. І мы бачым у гэтым віну не суду, а ўсёй сытуацыі, у якой апынулася Беларусь. Гэта віна сёньняшніх уладаў, якія гэткім чынам дэманструюць свой наступ ня толькі на дэмакратычную апазыцыю, але і на ўсё, што зьвязанае зь беларускай мовай, гісторыяй і культурай".
Суд не задаволіў нашай скаргі, але мы іншага рашэньня і не чакалі.
Дамова арэнды памяшканьня, якое партыя займала больш за 20 гадоў, скончылася 31 сакавіка. Гэткім чынам, памяшканьне ўправы неабходна было вызваліць з 1 красавіка. Аднак актывісты партыі адмаўляюцца гэта рабіць і дзеля абароны сядзібы арганізавалі кругласуткавае дзяжурства. На ўправе штодня праходзяць культурніцкія акцыі ў падтрымку абароны сядзібы. За захаваньне права арандаваць гэтае памяшканьне выказаліся больш за сто вядомых у краіне асобаў — літаратараў, палітыкаў, навукоўцаў. Палітычным рашэньнем скасаваньне дамовы арэнды з партыяй БНФ і рашэньне суду назваў намесьнік старшыні Рыгор Кастусёў:

"Зразумела, што гэта рашэньне не юрыдычнае, а палітычнае. Я лічу, што яно зьвязанае з рашэньнем партыі БНФ удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі як самастойная сіла. А таксама ў зьвязку з тым, што ў сядзібе партыі БНФ пасьля выбараў была арганізаваная акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі, затрыманымі і зьбітымі. У сувязі з гэтым улады прынялі такое рашэньне".

Кіраўніцтва партыі БНФ заяўляе, што будзе абскарджваць рашэньне Менскага гаспадарчага суду ў судах вышэйшых інстанцыяў.
XS
SM
MD
LG