Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наша ніва" і "Народная воля" рыхтуюцца да судоў


Міністэрства інфармацыі праз суд дамагаецца закрыцьця недзяржаўных газэт "Наша ніва" і "Народная воля". Калектывы рэдакцый і чытачы змагаюцца за тое, каб захаваць выданьні.

4 траўня чытачы, супрацоўнікі "Нашай нівы" і "Народнай волі", а таксама сябры БАЖ зладзілі публічную акцыю падтрымкі гэтых выданьняў на адкрыцьці штогадовай выставы "СМІ ў Беларусі". У адкрыцьці выставы бралі ўдзел намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аляксандар Радзькоў і міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі. Нечакана ўдзельнікі флэш-мобу дэманстратыўна разгарнулі перад імі газэты "Наша ніва" і "Народная воля". Распавяла намесьнік рэдактара "Народнай волі" Марына Коктыш:

Марына Коктыш
"Пачалі чытаць газэты перад тварамі гэтых чыноўнікаў, перад тэлекамэрамі. Мяркуючы па тварах чыноўнікаў, на іх гэта мела ўзьдзеяньне. А мы задаволеныя тым, што здолелі прыцягнуць увагу тых, хто прыйшоў на адкрыцьцё выставы, да праблемаў незалежных мэдыяў".

Нагодай для правядзеньня акцыі стала пагроза закрыцьця выданьняў, якая паўстала пасьля падачы Міністэрствам інфармацыі пазоваў у Вышэйшы гаспадарчы суд. Папярэдняе паседжаньне суду адносна пазову да "Народнай волі" адбудзецца 13 траўня, да "Нашай нівы" -- на 11 траўня. Рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Скурко распавёў:

Андрэй Скурко
"Сёньня для нас асноўная навіна ў тым, што выйшаў чарговы нумар "Нашай нівы", выйшаў паводле графіку і пайшоў да чытачоў. Таксама сёньня мы атрымалі з Вышэйшага гаспадарчага суду пазоў Міністэрства інфармацыі і даведаліся, што на 11 траўня прызначанае папярэдняе паседжаньне па справе аб закрыцьці газэты "Наша ніва". Гэта папярэдняе паседжаньне, на якім будуць узгадняцца пазыцыі бакоў. І мы зараз рыхтуемся да гэтага суду. А таксама мы зьбіраемся абскарджваць трэцяе папярэджаньне, якое нам вынесла Міністэрства інфармацыі. Яшчэ месяц не мінуў ад вынясеньня папярэджаньня, а мы лічым, што яго варта абскардзіць. Вось такія ў нас навіны".

Тым часам пашыраецца кола грамадзянаў Беларусі, якія пратэстуюць супроць закрыцьця "Нашай нівы" і "Народнай волі".

"Мы, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, сябры Гарадзенскага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў вайны, Узброеных сілаў і працы, тыя, што ўсё свае сьвядомае жыцьцё змагаемся за незалежнасьць і адраджэньне Бацькаўшчыны, пратэстуем супраць такіх дзеяньняў", — пішуць у адкрытым лісьце гарадзенскія вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны і вэтэраны працы і патрабуюць ад чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі адмовіцца ад намераў закрыць выданьні. Пад зваротам стаіць больш за 10 подпісаў. Адзін з падпісантаў, вэтэран вайны Мікалай Мельнікаў, сказаў "Свабодзе":

"Народная воля" і "Наша ніва" патрэбныя чытачам. Мы шануем гэтыя газэты, лічым, што яны кажуць праўду і што іх закрыцьцё будзе вялікім тэрорам. А мы супроць тэрору, мы за тое, каб праз газэты даходзіла праўдзівая інфармацыя".

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі кажуць пра "некарэктнае" асьвятленьне "Нашай нівай" і "Народнай воляй" тэракту ў менскім мэтро і дамагаюцца праз суд закрыцьця гэтых выданьняў, якія цягам году ўжо мелі афіцыйныя папярэджаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG